Што вядома пра дзяўчыну Рамана Пратасевіча, якую затрымалі разам з ім у менскім аэрапорце


Сафія Сапега з’яўляецца грамадзянкай Расеі і вучыцца ў ЕГУ на праграме «Міжнароднае права і права Еўрапейскага звязу». У гэтым годзе яна абараняе дыплом. Зараз, паводле Святланы Ціханоўскай, дзяўчына знаходзіцца на Акрэсціна. Што ёй прад’яўляюць, невядома. «Белсат» паразмаўляў з калегамі Сафіі.

Сафія Сапега.
Фота: sapega_sofia_/ Instagram

Аднагрупніца Сафіі на ўмове ананімнасці распавядае, што хаця і не з’ўляецца блізкай сяброўкай, але добра ведае Сафію. «Я з ёй знаёмая з самага першага курсу, мы мелі вельмі добрыя зносіны ў рамках універсітэту. Заўсёды рабілі нейкія заданні ўдваіх. Я ведала, што яна ляціць у Грэцыю, таму што мы абмяркоўвалі дыплом, потым яна мне з Грэцыі ў апошні раз дзесьці тыдзень таму напісала таксама наконт дыплома. Было бачна па перапісцы, што ў яе ўсё нармальна».

Абноўлена
У выніку спецаперацыі затрыманы Раман Пратасевіч. Галоўнае
2021.05.23 17:32

Але пра тое, што ў Сафіі ёсць нейкі хлопец, суразмоўца не ведала.

Паводле яе, акаўнт Сафіі на тэлеграме ўжо выдалены. «Я ўчора спрабавала яе знайсці, нешта ёй напісаць, але акаўнту ўжо не было», – распавядае яна. Магчыма, Сафія выдаліла яго, калі стала вядома пра пасадку ў Менску.

Суразмоўца кажа, што Сафія не была, наколькі ёй вядома, палітычна ангажаваная. «На мой погляд, яна была як бы апалітычным чалавекам, прынамсі тое, што я ведаю. Ніколі не бачыла ніякіх там пастоў, рэпостаў, звязаных з чымсьці. Я ведаю, што яна грамадзянка Расеі, у мяне нават не ўзнікала думак, што ёй можа быць нешта [палітычнае] цікава».

Іншы сябар Сафіі таксама пагадзіўся размаўляць толькі ананімна, бо «ў сучаснай Беларусі ўжо пераследуюць за акты сяброўства».

Сафія Сапега.
Фота: sapega_sofia_/ Instagram

Ён кажа, што «Софа была ў курсе ўсіх апошніх навінаў у Беларусі і свеце. Але яна больш цікавілася не палітыкай, а правам. Я ведаю, што яе моцна засмучала і трывожыла тэма парушэнняў праў чалавека, бо гэта яе спецыяльнасць».

Паводле суразмоўцы, Сафіі нарадзілася ў Расеі, але амаль усё жыццё пражыла ў Беларусі. Пасля сканчэння школы вырашыла паступіць у ЕГУ ў Вільню. Яна толькі нядаўна скончыла магістарскую працу і хацела адпачыць. Разам з Раманам Пратасевічам абралі Грэцыю.

«Наколькі мне вядома, паміж маладзёнамі адносіны цёплыя, даверныя. Я не ведаю пра іх знаёмства, яны не вельмі любяць абмяркоўваць асабістае жыццё», – кажа ён.

Пра Сафію ж суразмоўца дадае, што яна «чалавек вельмі спакойны, меланхалічны, увогуле, інтраверт. Любіць маляваць, вядзе спартовы лад жыцця, здаецца, цікавілася філасофіяй Марціна Гайдэгера».

Сябры Сафіі шакаваныя ўчорашнімі навінамі. «Мы не разумеем прычынаў і матываў яе затрымання. Мяркую, што яе ўзялі з Раманам за кампанію, магчыма, для аказання дадатковага ціску на яго. Іншых здагадак у нас няма», – кажа сябар Сафіі.

Hавiны
Навошта Лукашэнку спатрэбілася спецаперацыя супраць самалёта «Ryanair» і якімі будуць наступствы? Тлумачаць эксперты
2021.05.24 15:44

ЕГУ выступіў з патрабаваннем неадкладнага вызвалення сваёй студэнткі. «Выкладчыкі і аднагрупнікі пацвярджаюць, што Сафія вылучаецца высокай паспяховасцю і бездакорнай рэпутацыяй у супольнасці ЕГУ. Універсітэт настойвае на неабходнасці прадстаўлення неадкладнай консульскай дапамогі Сафіі. Акрамя гэтага, ЕГУ звяртаецца да міжнародных партнёраў, донараў і праваабарончай супольнасці, каб спрыяць неадкладнаму вызваленню студэнткі», – гаворыцца ў паведамленні.

Цімафей Місюкевіч, прэзідэнт студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ, кажа, што яны разам з літоўскім саюзам студэнтаў, з еўрапейскім студэнцкім саюзам рыхтуюць сумесную пазіцыю наконт студэнткі Сафіі.

Сафія Сапега.
Фота: sapega_sofia_/ Instagram

«Сітуацыя на самай справе беспрэцэдэнтная, складана было такое нават уявіць. Усё студэнцкае прадстаўніцтва лічыць, што гэта акт дзяржаўнага тэрарызму, па-іншаму гэта ніяк немагчыма інтэрпрэтаваць», – кажа ён.

Нарэшце адгукнуўся і міністр МЗС Расеі. Сяргей Лаўроў заявіў, што амбасада Расеі ў Беларусі папрасіла забяспечыць доступ консула да затрыманай Соф’і Сапегі. Паводле Лаўрова, МЗС Расеі таксама звязаўся з бацькам дзяўчыны.

Святлана Ціханоўская на брыфінгу распавяла, што Сафія Сапега змешчаная на Акрэсціна – прычыны дагэтуль невядомыя. Дзе Раман Пратасевіч, таксама няма інфармацыі.

Ганна Русінава, Belsat.eu

Стужка навінаў