«Мёртвая пятля»

Калі гаворка ідзе пра выжыванне аўтарытарнага рэжыму, павінны рабіцца такія крокі, якія паляпшаюць умовы яго знешняга і ўнутранага стану, зніжаюць рызыкі, напружанне, альбо спрыяюць яго кансалідацыі. Дзеянні ўладаў па прымушэнні да пасадкі самалёта Ryanair з мэтай затрымання Рамана Пратасевіча зусім не спрыяюць вырашэнню жыццёва важных задач. Наадварот, Беларусь, пра якую пачалі забывацца ў Еўропе і свеце, імгненна апынулася ў топе найважнейшых навін. Сітуацыю з самалётам ўжо ацанілі як акт дзяржаўнага тэрору, наступствы якога могуць быць вельмі адчувальнымі для сістэмы Лукашэнкі.

Таму, улічваючы выкарыстаны рэсурс, накіраваны на затрыманне Рамана Пратасевіча і верагодныя негатыўныя наступствы для рэжыму, улада павінна атрымаць з гэтай «справы» максімальныя палітычныя і стратэгічныя эфекты.

Hавiны
У ЗША і ЕЗ заклікалі забараніць палёты над Беларуссю і ўвесці санкцыі
2021.05.24 09:33

«Плюсы» павінны перакрыць усе магчымыя страты і шкоду для рэжыму. Бо Беларусь пасля гэтага інцыдэнту ператвараецца ў вялікі Данбас, чорную зону для міжнароднага права і бяспекі. У сваю чаргу нейтралізацыя Пратасевіча нічога не мяняе ў палітычнай канфігурацыі і суадносінах сіл. Ягоны арышт не паралізуе апазіцыйны рух і не зробіць рэжым больш устойлівым. Таксама «перамогашалёная» рыторыка «ябатек», вялікае ўзбуджэнне ОНТ, БТ, СБ і іншая прапагандысцкая шуміха – гэта занадта дробна, калі казаць аб кампенсацыі страт. У нейкай ступені гэта можна разглядаць як спробу запалохаць беларускіх актывістаў за мяжой, але гэты аспект можна разглядаць як адну з тактычных задач.

Я таксама сумняваюся, што складаная аперацыя, што была ажыццёўлена, магла быць вынікам эмацыйных патрэбаў Лукашэнкі як выключна асабістая помста Пратасевічу – занадта шмат стаіць на коне.

Hавiны
«Гэта не можа застацца беспакараным». Еўрапейскія палітыкі абураныя інцыдэнтам з самалётам Ryanair у Беларусі
2021.05.23 20:22

На мой погляд, наступствы гэтай «аперацыі» павінны мець сістэмны характар.

Па-першае, працяг інтэнсіўнай структурнай кансалідацыі і, як следства, сумесных дзеянняў расейскіх і беларускіх спецслужбаў. Важна адзначыць, што няма ніякага сумневу – у гэтай, як і ў «маскоўскай справе», непасрэдны ўдзел прымалі расейскія спецслужбы, што сведчыць аб інтэнсіўным паглыбленні супрацоўніцтва Беларусі і Расеі ў сферы бяспекі і ліквідацыі пагрозаў для рэжыму Лукашэнкі. Гэта можа азначаць, што інтэнсіўнасць тэрарыстычных аперацый за мяжой можа ўзрасці.

Па-другое, аднаўленне «прэстыжу» спецслужбаў Беларусі (пры дапамозе Расеі), якім Сцяпан Пуціла і Раман Пратасевіч кінулі выклік у 2020 годзе. «Дарагія спецслужбы, я ўжо 5 месяцаў жыву ў іншай краіне. Так што адпраўляйце свае паперкі каму заўгодна і колькі заўгодна надалей». Раман Пратасевіч, цытата.

Арышт Пратасевіча праз непасрэдную пагрозу пасажырскаму самалёту – гэта дэманстрацыя здольнасцяў і магутнасці як папярэджанне для ўсіх ворагаў пуцінскай і лукашэнкаўскай сістэм, хто знаходзіцца за мяжой. Улады будуць выкарыстоўваць любыя магчымасці і метады для ліквідацыі праціўнікаў пры любым зручным выпадку, цалкам ігнаруючы міжнародную рэакцыю. Не даводзіцца сумнявацца, што наступным крокам можа быць непасрэдна фізічная расправа над палітычнымі апанентамі за мяжой. Пра гэта фактычна адкрыта заявіў Алег Гайдукевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў РБ: «Латушку і іншых можна затрымаць і на тэрыторыі іншых дзяржаў і прывозіць сюды, у багажніку напрыклад і адразу ў СІЗА!» (пунктуацыя захаваная. – Рэд.).

Hавiны
Павел Латушка: Трэба неадкладна прыняць чацвёрты пакет санкцый і рыхтаваць пяты
2021.05.24 00:29

Па-трэцяе, захоп Пратасевіча можа быць ключавым элементам для новага стратэгічнага сцэнару ў Беларусі, які адаб’ецца на лёсах і жыцці многіх простых людзей. Пасля таго, як была раскрытая «змова з мэтай забойства Лукашэнкі», апошні падпісаў указ, які пашырае паўнамоцтвы Рады Бяспекі і, па сутнасці, аформіў калектыўную напаўваенную дыктатуру. Былі пашыраныя паўнамоцтвы рэпрэсіўных органаў, а таксама ўзмацніўся працэс па зачыстцы інфармацыйнай прасторы ў Беларусі.

Адпаведна аддача ад аперацыі па затрыманні Рамана Пратасевіча для рэжыму Лукашэнкі павінна быць у некалькі разоў больш мацнейшай, чым ад «маскоўскай».

Зараз любы самы неверагодны сцэнар можа стаць рэальнасцю. Сярод найбольш верагодных можна назваць наступныя:

пераход палітычнага тэрору ў краіне на новы якасны ўзровень, які можа ўключаць у сябе сістэмнае фізічнае знішчэнне палітычных праціўнікаў, у тым ліку праз смяротнае пакаранне. Размяшчэнне палітычных зняволеных у расейскіх турмах;

рэалізацыя крокаў, накіраваных на канчатковае афармленне ваеннага становішча ў краіне: захоп маёмасці, пазбаўленне грамадзянства, высылка з краіны цэлых сем’яў;

правакаванне адкрытага канфлікту з Захадам, з прычыны чаго цалкам ўсталюецца вайсковая прысутнасць Расеі ў Беларусі.

Артыкулы
Аперацыя супраць самалёта Ryanair і затрыманне Рамана Пратасевіча. Галоўнае
2021.05.23 23:49

У сваю чаргу адсутнасць прынцыпова жорсткай рэакцыі з боку Захаду на дзеянні Лукашэнкі толькі ўзмоцніць агрэсіўную палітыку Беларусі і Расеі. Беларусь у дадзеным выпадку выступае як «знешнепалітычны зонд» для Расеі, якая ацэньвае межы і магчымасці правядзення такой палітыкі ў будучыні.

Адзіна магчымым падыходам у гэтай сітуацыі можа быць толькі поўная палітычная і эканамічная ізаляцыя беларускага рэжыму:

  • прызнанне рэжыму Лукашэнкі тэрарыстычным;
  • акліканне амбасадараў усіх дэмакратычных дзяржаў з Беларусі;
  • замарозка ўсіх кантактаў з афіцыйным Менскам;
  • увядзенне маштабных эканамічных і палітычных санкцый;
  • гатоўнасць да пашырэння санкцый у дачыненні да Расеі.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў