Лукашэнка падпісаў рэпрэсіўныя законы аб медыях і акцыях. Што забараняецца?


Фота: ТК / Белсат

Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рэпрэсіўныя законы, якія рэгулююць працу медыяў і масавыя мерапрыемствы. Пра іх паведамляе «Пул Первого».

Весці стрымы з акцыяў забаронена

У заканадаўстве адзначаецца, што ўсе масавыя акцыі мусяць праводзіцца выключна на падставе дазволу мясцовых органаў. Забараняецца збор, атрыманне і выкарыстанне грошай, сродкаў i маёмасцi, выкананне працаў, аказанне паслуг для кампенсацыі выдаткаў, абумоўленых прыцягненнем да адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

Забараняецца, у тым ліку журналістам, асвятленне ў рэжыме рэальнага часу масавых мерапрыемстваў, якія ладзяцца з парушэннем парадку. Журналістам пры выкананні сваіх абавязкаў забараняецца выступаць у якасці арганізатараў ці ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў.

Мясцовым органам і сілавікам дазваляюць прыпыняць працу гандлёвых аб’ектаў, абʼектаў грамадскага харчавання, транспарту, кірмашоў, арганізацыяў усіх формаў уласнасці ў месцах і паводле маршрутаў правядзення масавых мерапрыемстваў.

Замацоўваецца адказнасць палітычных партыяў і грамадскіх абʼяднанняў за публічныя заклікі сваіх кіраўнікоў і чальцоў кіроўных органаў да арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства перад атрыманнем дазволу на яго правядзенне.

Казаць пра апытанні забаронена

У сферы медыяў уводзіцца забарона на размяшчэнне вынікаў апытанняў грамадскай думкі пра грамадска-палітычную сітуацыю, праведзеных без атрымання неабходнай акрэдытацыі. Не дапускаюцца гіперспасылкі на паведамленні і матэрыялы з забароненай інфармацыяй.

Пракурорам дазваляецца абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў, у якіх прапагандуецца экстрэмісцкая дзейнасць або ёсць заклікі да такой дзейнасці, а таксама «іншая інфармацыя, распаўсюд якой здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам».

Таксама абмежаваць доступ да сайтаў і спыніць працу СМІ можна будзе на падставе рашэння Міжведамаснай камісіі бяспекі ў інфармацыйнай сферы «аб наяўнасці інфармацыйных паведамленняў, распаўсюд якіх здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам».

Аб’ектыў
Захопленыя серверы, апячатаны офіс, заблакаваны рахунак… Што цяпер адбываецца з TUT.by
2021.05.21 22:54

Апроч таго, праца СМІ можа быць спыненая на рашэнне Міністэрства інфармацыі пры вынясенні рэдакцыі, заснавальніку або ўладальніку медыяў двух пісьмовых папярэджанняў.

Стварэнне медыяў абмежаванае

Таксама заснавальнікамі медыяў не могуць выступаць замежныя юрыдычныя асобы, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, а таксама юрыдычныя асобы з замежным удзелам.

Пазбаўляць акрэдытацыі журналіста можна будзе, калі ён або яго медыі парушылі парадак акрэдытацыі або распаўсюдзілі звесткі, «якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганяць дзелавую рэпутацыю арганізацыі, якая акрэдытавала журналіста, або здзейсненае наўмыснае супрацьпраўнае дзеянне ў працэсе ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці».

Замацоўваецца магчымасць абмежавання доступу да копіі сайту, доступ да якога раней быў абмежаваны.

Асноўныя палажэнні Закону набудуць моц праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў