«Дзяржаўнае пірацтва». Гендырэктар «Ryanair» выказаўся пра падзеі ў Менску


Самалёт авіякампаніі «Ryanair».
Фота: Ryanair / Facebook

Генеральны дырэктар ірландскай авіякампаніі «Ryanair» Майкл О’Ліры выказаўся з нагоды прымусовай пасадкі рэйсу Афіны – Вільня і затрымання аднаго з пасажыраў – апазіцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.

У каментары «Newstalk» Майкл ОʼЛіры (Michael O’Leary) назваў здарэнне выпадкам «падтрыманага дзяржавай пірацтва».

«Я не магу шмат пра гэта сказаць, бо на гэты момант улады ЕЗ і NATO займаюцца гэтым», – заявіў ён.

ОʼЛіры сказаў, што гэты інцыдэнт быў «вельмі страшным» для пасажыраў і экіпажу, бо іх трымалі пад узброенай аховай і ладзілі ім вобшук.

«Падобна да таго, што ўлада мела намер прыбраць журналіста і яго спадарожніка… Мы лічым, што ў аэрапорце таксама былі агенты КДБ», – дадаў гендырэктар авіякампаніі.

Hавiны
У ЗША і ЕЗ заклікалі забараніць палёты над Беларуссю і ўвесці санкцыі
2021.05.24 09:33

Адносна прапановаў забараніць палёты над Беларуссю ён сказаў, што каб ляцець над Польшчай, трэба будзе «вельмі нязначна перабудаваць» маршрут.

Цвёрды адказ

Між тым кіраўнік МЗС Ірландыі Сайман Коўвэні (Simon Coveney) мяркуе, што адбылося «фактычна дзяржаўнае выкраданне рэжымам, якім кіруе дыктатар».

«Пяць-шэсць чалавек пакінулі самалёт, але толькі адзін з іх быў арыштаваны – што сведчыць пра тое, што астатнія былі супрацоўнікамі спецслужбаў», – заявіў міністр.

Паводле яго, «калі ЕЗ не адкажа цвёрда і непасрэдна», «гэта будзе расцэнена Беларуссю як слабасць ЕЗ».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў