Украіна адрэагавала на заяву МЗС Аўстрыі, што «ўкраінцам яшчэ рана ў ЕЗ»

Ва Украіне пракаментавалі выказванне кіраўніка МЗС Аўстрыі Аляксандра Шаленбэрга. Аўстрыйскі палітык агучыў меркаванне, што Украіне цяпер не варта прапаноўваць сяброўства ў Еўразвязе. МЗС Украіны выказала расчараванне прагматычнай пазіцыяй Вены, паведамляе «Еўрапейская праўда».

Сцягі Еўразвязу каля Еўрапейскай камісіі. Фота: Reuters/Forum

Прадстаўнік МЗС Украіны Алег Ніколенка паведаміў:

«Мы расчараваныя выказваннямі федэральнага міністра замежных справаў Аўстрыі пра еўрапейскую будучыню Украіны. Лічым іх стратэгічна недальнабачнымі і не адпаведным інтарэсам аб’яднанай Еўропы».

Паводле заявы афіцыйнага Кіева, такія выказванні ігнаруюць факт, што пераважная большасць насельніцтва краінаў ЕЗ падтрымлівае сяброўства Украіны ў міжнароднай арганізацыі.

Украіна лічыць, што здолее далучыцца да ЕЗ за бліжэйшыя некалькі гадоў

МЗС Украіны мяркуе, што ўкраінскі народ плаціць занадта высокую цану за памылкі многіх еўрапейскіх урадаў. І што іхнае неабʼектыўнае ўспрыманне рэальнасці ўжо прывяло да палітычнага і эканамічнага аслаблення Еўропы. Ніколенка мяркуе, што адкладанне далучэння Украіны да ЕЗ азначае патуранне агрэсіўным планам Пуціна і перашкоду развіццю абʼяднанай Еўропы. Афіцыйны Кіеў мяркуе, што ЕЗ мусіць прызнаць стратэгічную ролю Украіны для рэгіёну.

Прадстаўнік аўстрыйскага МЗС жа мяркуе, што для Украіны нельга рабіць вынятку з правілаў далучэння да ЕЗ. Шаленбэрг абгрунтаваў сваю пазіцыю, згадваючы балканскія краіны, што «прайшлі доўгі і цярністы шлях» да кандыдацтва.

Аўстрыя на 80 % залежыць ад расейскага газу і ў найлепшым выпадку адмовіцца ад яго праз 2 гады

Нагадаем, што Украіна падала заяўку на кандыдатуру далучэння да ЕЗ, што мусіць быць разгледжаная ўжо ў чэрвені 2022 года. Таксама ўрад Аўстрыі днямі абвесціў, што найбліжэйшыя два гады не збіраецца ў поўным абʼёме адмаўляцца ад расейскіх энерганосьбітаў, нягледзячы на пазіцыю Еўразвязу і заклікі міжнароднай супольнасці і ў прыватнасці ўраду ЗША да эмбарга расейскай нафты і газу.

ЗХ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны