САЗ: сістэма аховы здароўя на ўсходзе Украіны амаль цалкам знішчаная


Сусветная арганізацыя здароўя папярэджвае, што жыццё тысячаў людзей у Марыупалі ды іншых гарадах на ўсходзе Украіны – пад пагрозай праз амаль поўнае знішчэнне сістэмы аховы здароўя.

Наступствы бамбавання ў жытомірскім шпіталі.
Фота: zhitomir.info

Прадстаўнікі органаў аховы здароўя ААН настойваюць, каб ім надалі неадкладны доступ у Марыупаль ды іншыя раёны, найбольш пацярпелыя ад баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны. Яны сцвярджаюць, што маюць інфармацыю пра тое, што амаль усе медычныя ўстановы і шпіталі ў Луганскай вобласці ці пашкоджаныя, ці разбураныя, піша «Голас Амерыкі».

Прадстаўнік Сусветнай арганізацыі здароўя Бгану Бгатнагар (Bhanu Bhatnagar) падчас выступу ў Львове заявіў, што САЗ дагэтуль не змагла атрымаць доступу да жыхароў Марыупалю, якім патрэбная дапамога, і не мае звестак пра стан здароўя тых, хто застаецца на акупаваных тэрыторыях.

«Нам патрэбнае спыненне баявых дзеянняў прынамсі на два дні, каб даставіць жыццёва важныя прадметы забеспячэння, а таксама ацаніць патрэбы ў галіне аховы здароўя, – сказаў Бгатнагар. – Мы чакаем горшага. Сістэма аховы здароўя разбураная, і гэта цягне за сабой усе магчымыя наступствы. Ёсць параненыя, якім патрэбная дапамога».

Hавiны
Памерла цяжарная жанчына, параненая пры атацы на радзільню ў Марыупалі
2022.03.14 09:32

Прадстаўнік САЗ таксама зазначыў, што на ўсходзе Украіны ёсць людзі з хранічнымі хваробамі ды іншымі патрэбамі ў медычнай дапамозе, якія не маюць доступу да жыццёва важных лекаў.

«У дзвюх з пяці хатніх гаспадарак прынамсі адзін сямейнік мае хранічныя хваробы, такія, як рак, дыябет ці хваробы сэрца, – сказаў Бгатнагар. – З іх кожны трэці мае цяжкасці з доступам да медычнай дапамогі ў сувязі са сваймі хваробамі. Нашае апытанне таксама паказвае, што вайна ўплывае на паводзіны людзей, якія звяртаюцца па медычную дапамогу: менш чым у траціне хатніх гаспадарак заявілі, што змаглі звярнуцца па медыцынскія паслугі».

39 % апытаных сцвярджаюць, што сітуацыя з бяспекай замінае ім звярнуцца па дапамогу, у той час як 27 % кажуць, што ў іхных раёнах медычных паслуг увогуле не надаюць.

САЗ пацвердзіла 162 факты нападаў на медычныя ўстановы і персанал, у выніку якіх загінулі прынамсі 73 чалавекі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў