Марыі Калеснікавай спаўняецца 40 гадоў. Свой юбілей яна сустракае за кратамі


24 красавіка – дзень народзінаў Марыі Калеснікавай. Адзначаць яго палітзняволенай сябры штабу Віктара Бабарыкі і Каардынацыйнай рады давядзецца ў Гомельскай жаночай калоніі. У Варшаве ў гэты дзень пройдзе адмысловая акцыя, а мы ўзгадаем, чым вядомая Марыя.

Марыя Калеснікава
Сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава размаўляе з журналістамі па дарозе на допыт у Следчы камітэт. Менск, Беларусь. 27 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

12 гадоў пражыла ў Нямеччыне і вярнулася ў Беларусь перад выбарамі

Марыя Калеснікава нарадзілася 24 красавіка 1982 года ў Менску ў сям’і інжынераў. Бацька Марыі, Аляксандр Калеснікаў, – былы афіцэр-падводнік, служыў у элітных войсках на атамных падводных лодках.

Марыя з дзяцінства любіла музыку. Скончыла музычную школу, потым пайшла вучыцца ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Пасля навучання працавала флейтысткай, дырыжоркай. З 17 гадоў выкладала ігру на флейце.

Праз некалькі гадоў працы з’ехала з Беларусі, каб вучыцца ў Нямеччыне, у Штутгарце, у Вышэйшай школе музыкі на факультэтах старажытнай і сучаснай музыкі. Падчас навучання падпрацоўвала ў пякарні – раніцай да заняткаў і ўвечары дапамагала гатаваць булачкі, мыла посуд.

Гісторыі
Неймаверная Марыя Калеснікава: «Я іду да канца і я заўсёды буду ў Беларусі»
2021.02.12 10:43

У Нямеччыне Марыя Калеснікава пражыла 12 гадоў. Выкладала, арганізоўвала беларуска-нямецкія музычныя фестывалі, ладзіла міжнародныя культурныя праекты ў Нямеччыне і Беларусі, сярод якіх – цыкл лекцыяў «Урокі музыкі для дарослых».

У 2017 годзе Калеснікава стала адной са стваральніц творчага аб’яднання «Artemp», якое праводзіла імпрэзы сучаснага мастацтва.

На радзіму Марыя вярнулася незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, узначаліла культурніцкую пляцоўку «ОК16», а неўзабаве і перадвыбарчы штаб Віктара Бабарыкі.

Парвала на мяжы пашпарт, каб застацца на радзіме

Крумкачы, спортивная солидарность, Мария Колесникова
Марыя Калеснікава на матчы «Крумкачаў» супраць каманды «Дынама» (Менск). Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Калеснікавай належаць два лозунгі выбарчай кампаніі – 2020: менавіта яна звярнулася да беларусаў са словамі «Вы неймаверныя», а таксама заклікала «дзяўбці, дзяўбці і дзяўбці гэтую ўладу».

18 жніўня 2020 года Калеснікава ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады для пераадолення палітычнага крызісу, а 19 жніўня была абраная ў яе прэзідыум.

Артыкулы
Цытавала Бахарэвіча па-беларуску, казала пра маральны выбар і сумленне. Апошняе слова Калеснікавай
2021.09.02 21:55

Марыя была выкрадзеная 7 верасня ў Менску і разам з яшчэ двума сябрамі Каардынацыйнай рады, Антонам Раднянковым і Іванам Краўцовым, гвалтоўна прывезеная на беларуска-ўкраінскую мяжу для выдварэння з краіны. Аднак парваўшы свой пашпарт на памежным пераходзе і выскачыўшы з аўтамабіля, Марыя Калеснікава перашкодзіла спецаперацыі сілавікоў.

Разам з Максімам Знакам Марыю абвінавацілі ў закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі, у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання.

6 верасня 2021 года Марыя была асуджаная да 11 гадоў пазбаўлення волі.

Беларускія праваабаронцы прызналі Марыю Калеснікаву палітзняволенай, а «Amnesty International» – вязнем сумлення.

Прэміі і ўзнагароды ад усяго свету

Марыя Калеснікава ў студыі падчас запісу звароту да выбарнікаў. Менск, Беларусь. 6 жніўня 2020 года.
Фота:  Белсат

У снежні 2020 года Калеснікаву ўзнагародзілі прэміяй у галіне правоў чалавека фонду імя Гергарта і Рэнаты Баўм.

У сакавіку 2021 года Марыя ўвайшла ў лік лаўрэатаў штогадовай Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу, якую ўручае дзяржсакратар ЗША.

У красавіку 2021 года ўзнагародзілі прэміяй імя Льва Копелева за мір і правы чалавека.

У ліпені 2021 прысудзілі Штутгарцкую прэмію за «мужную барацьбу з аўтакратычным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і за праваабарончую дзейнасць».

Таксама ў ліпені 2021 Марыя атрымала прэміі ім. Марціна Лютэра «Бясстрашнае слова» і ім. Фрытца Чокліха (Fritz Csoklich).

У верасні 2021 года Марыя стала лаўрэаткай прэміі ім. Вацлава Гавэла.

Артыкулы
Марыя Калеснікава плануе атрымаць яшчэ адну вышэйшую адукацыю ў калоніі
2022.01.14 11:36

Удома Марыю чакаюць бацька, бабуля з дзядулем, сястра. Спадарыня Тамара Калеснікава – мама Марыі – раптоўна памерла ў 2019 годзе. Спадар Аляксандр цяпер разам з братам даглядаюць сваіх 90-гадовых бацькоў.

Сястра Марыі – Таццяна Хоміч – бізнес-аналітык, але таксама і музыка, як і сястра.

24 красавіка 2022 года а 14-й гадзіне ў Варшаве, каля помніку Мікалаю Каперніку пройдзе акцыя, прысвечаная дню народзінаў Марыі Калеснікавай. Арганізатары запрашаюць далучацца ўсіх ахвотных, прыносіць з сабой сэрцы, макет можна спампаваць тут, жанчын заахвочваюць фарбаваць вусны чырвонай памадай, як гэта любіць рабіць Марыя Калеснікава.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў