ГУБАЗіК забраў проста з ложка: хто такі Мікіта Слепянок, якога вінавацяць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання


21-гадовага гомельца, адміністратара культурніцка-гістарычнага тэлеграм-каналу «Rezystans» Мікіту Слепянка затрымалі 6 красавіка і абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання. Хлопца трымаюць у гомельскім СІЗА. Што вядома пра Мікіту і ягоную справу? Пра гэта мы паразмаўлялі з ягонай дзяўчынай Данай.

Дане 19 гадоў, яна жыве ва Украіне і вучыцца на журналістку. З канца 2020 пачала цікавіцца і вывучаць беларускую мову. Праз гэтую цікаўнасць і пазнаёмілася з Мікітам.

«Мы пазнаёміліся з Мікітам у беларускамоўным чаце, куды я прыйшла вучыць беларускую мову. У гэтым чаціку папрасіла, каб людзі выпраўлялі мае памылкі. Мікіта мяне выпраўляў больш за ўсіх. Спачатку мяне гэта крыху злавала. Але ён заўсёды абараняў мяне, калі нехта пачынаў спрабаваў мяне пакрыўдзіць у чаце. Я запытала, хто гэта наогул. Пад нікам было незразумела нават, хлопец ці дзяўчына. Ён адказаў галасавым паведамленнем. Мне вельмі спадабаўся яго голас, як ён прамаўляе. Вырашыла звярнуць яго ўвагу на сябе. 25 лютага 2021 года я напісала яму прыватнае паведамленне, і так пачаліся нашыя стасункі», – распавядае Дана.

Мікіта Слепянок. Фота прадстаўлена рэдакцыі

З адукацыі Мікіта – электрык. Беларускамоўны хлопец, які цікавіцца гісторыяй Беларусі. На хвалі свайго захаплення ён стварыў культурніцка-асветніцкі канал «Rezystans», у якім распавядаў пра мову, культуру, літаратуру і гісторыю.

«Мяне ўразіла, наколькі цудоўна ён валодае беларускай мовай і як добра ведае беларускую гісторыю. На любое пытанне ён ведае адказ. Гэта захапляе», – кажа дзяўчына. Маладзёны камунікавалі практычна кожны дзень. Дана мае праблемы са зрокам – яна амаль нічога не бачыць, але Мікіту гэта ніколі не бянтэжыла, нават наадварот – ён з вялікай павагай і клопатам ставіўся да дзяўчыны.

«У Мікіты шмат захапленняў, ён вельмі разнастайная і шматбаковая асоба. Стварае на тэлефоне музыку, малюе, займаецца фатаграфіяй. Пісаў вершы, прысвячаў мне некаторыя. Вучыць украінскую мову, вельмі добра на ёй размаўляе, нават вершы на ёй пісаў. Мікіта вельмі добры, шмат дапамагаў людзям, якія да яго звярталіся з пытаннямі па мове, гісторыі. Па характары ён мэтанакіраваны, вельмі прынцыповы, ніколі не пойдзе на саступкі і будзе дабівацца свайго. Ён мае сваю пазіцыю і на ўсё мае сваё меркаванне», – распавядае Дана.

Сустрэцца маладзёны не паспелі. Мікіта хацеў прыехаць да Даны 8 лютага, але яго затрымалі і судзілі паводле арт.19.11 КаАП – распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

«Ён размаўляў са мной паведамленнямі ў тэлеграме, і раптоўна размова перарвалася. Ён мусіў ехаць са сваёй маці ў лякарню, я падумала, што з ёй нешта здарылася. Я пачакала гадзіну, пасля пачала пытаць, ці не здарылася нешта, што адбываецца. Калі тэлефанавала – ніхто не адказваў. Мне здалося гэта дзіўным. Пачала яго шукаць. Абтэлефаноўвала ягоных сваякоў, разу з 30-га датэлефанавалася. Яшчэ доўга яго шукалі. Вечарам 9-га лютага маці Мікіты пазваніла мне і сказала, што яго затрымалі. Яна моцна плакала, яе трэсла, яна не магла размаўляць і штосьці дакладна распавесці. Гэта быў жах, я не ведала, што рабіць, куды бегчы», – узгадвае дзяўчына.

Былы начальнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў падчас разгону мірнай акцыі пратэсту 23 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Мікіту пакаралі 15-дзённым арыштам. 23 лютага вызвалілі, і ён адразу звязаўся з Данай.

«Мы вельмі доўга размаўлялі. Ён сказаў, што адседзеў содні за свой тэлеграм-канал, але яшчэ праходзіць як сведка ў справе аб падробцы дакументаў супрацоўніка ГУБАЗіК, і што яго могуць выклікаць у суд. Пра содні распавядаў, што ў камеры спалі заўсёды з уключаным святлом. Яму не давалі памыцца 10 дзён, не аддалі кнігу, якую яму перадалі ў першы дзень. Лісты не даходзілі. Было вельмі холадна, яны ў камеры накручвалі майкі, футболкі на шыю, каб не прадзьмула. Спалі ў вопратцы. Кожны дзень было па два шмоны: удзень і ўвечары. Вытрушвалі ўсё, скідалі на падлогу рэчы, матрацы, нешта шукалі. Ён казаў, што гэта было жахліва – толькі ўсё складзеш, і зноўку – ператрус. Ён амаль не еў там – не хацелася. Вельмі моцна схуднеў», – распавядае Дана.

З ізалятару хлопец вярнуўся хворым. Ён ледзь размаўляў, моцна кашляў, у яго ламала цела, трымалася тэмпература.

«Увесь той месяц на волі, да другога затрымання, ён хварэў. Лячыўся, але нічога не дапамагала. Толькі пачаў прыходзіць у нармальны стан, як яго зноўку затрымалі. Ён казаў мне, каб у выпадку, калі яго затрымаюць і пасадзяць, я яго не чакала і наладжвала сваё жыццё. Як некія запаветы даваў на развітанне. Гэта было вельмі страшна. Пасля двух тыдняў за кратамі ён вельмі змяніўся. Шарахаўся ад грукату ў дзверы і ад міліцыянтаў на вуліцы. Казаў, што больш не хоча ад мяне нікуды знікаць», – кажа Дана.

23 лютага Мікіта выйшаў пасля арышту і зазбіраўся да дзяўчыны, але на наступны дзень пачалася вайна ва Украіне. Паездка зноў адкладалася.

«Межы былі закрытыя, у першыя тыдні было проста жахлівае стаўленне да беларусаў. Толькі я пераехала ў новае, больш бяспечнае месца, адаптавалася, Мікіту зноўку затрымалі», – узгадвае дзяўчына.

Напярэдадні затрымання хлопцу прыйшоў выклік, што ён мусіць забраць свой тэлефон, які ў яго адабралі ў межах адміністратыўнай справы і пакінулі для «правядзення далейшых следчых дзеянняў». Мікіта ў гэты час быў у іншай частцы Беларусі. 5 красавіка ён мусіў быць на судзе як сведка, але не паспеў вярнуцца ў Гомель – прыехаў позна ўвечары.

«Сілавікі прыйшлі да яго дадому, напалохалі маці. Мікіту выклікалі на размову 6 красавіка на 12-ю гадзіну. Ён казаў, што пойдзе, бо калі яго пададуць у вышук, будзе яшчэ горш. Мікіта і міліцыянту сказаў, што прыйдзе 6-га, але фізічна не змог быць 5-га, бо быў у іншым горадзе па справах», – кажа Дана.

Але сілавікі вырашылі не чакаць 12-й гадзіны 6 красавіка: супрацоўнікі ГУБАЗіКу ўварваліся да Мікіты дадому а 7-й ранку і забралі яго літаральна з ложка.

«Ён паспеў напісаць, што яго затрымліваюць. Я пачала яму пісаць, але адказу ўжо не атрымала. Пачала пісаць паўсюль – праваабаронцам, у розныя арганізацыі, яго сябрам. Я спачатку не ведала, што наогул адбываецца, за што яго затрымалі», – распавядае дзяўчына.

Інтэрв’ю
ГУБАЗіК мог рэалізаваць у Беларусі «казахстанскі сцэнар»
2022.01.23 13:57

Пазней стала вядома, што Мікіту затрымалі ў межах крымінальнай справы паводле арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання»). Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі з ім «пакаяннае відэа». «Rezystans», у якога цяпер 284 падпісчыкі, МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» 29 сакавіка.

«Бацькі Мікіты не хочуць са мной размаўляць, бо чамусьці лічаць, што гэта я вінаватая ў яго затрыманні. Гэта вельмі прыкра. Я не размаўляю па-расейску, таму яны назвалі мяне русафобкай. Але ў мяне ніколі не было практыкі гаворкі на расейскай мове, яна ў мяне ў пасіве», – кажа Дана.

Мікіта Слепянок. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Цяпер яна не мае ніякай сувязі з Мікітам, нічога пра яго не ведае.

«Я даслала яму шмат лістоў – праз іншых беларусаў, спецыяльныя праграмы, валанцёраў, мне нават казалі, што я хутка раскуплю ўсе канверты ў Беларусі. Але не ведаю, ці дайшло яму нешта. Дзякуй усім беларусам, якія дапамагаюць мне з лістамі для Мікіты. Трымаюся я вельмі цяжка. І гэта нават не праз вайну ў маёй краіне, хоць гэта, канечне, таксама ўплывае. Я кахаю Мікіту і не магу зараз усё ўзяць і кінуць. Мне шмат хто раіў забыць пра яго, мае бацькі кажуць знайсці сабе іншы варыянт. І гэта максімальна недарэчна для мяне. У мяне няма ніякай падтрымкі. А яна мне вельмі патрэбная», – кажа дзяўчына.

Яна намагаецца зрабіць хоць нешта для Мікіты, але ў цяперашніх варунках гэта складана.

«Я не ведаю, ці даходзяць яму мае лісты, я сама нічога не атрымліваю ад яго. Не магу пералічыць яму грошы на рахунак, бо з-за санкцыяў усе пераводы паміж Украінай і Беларуссю забароненыя. Я не магу даслаць грошы адвакату, толькі праз людзей у трэціх краінах. Калі б бацькі Мікіты ішлі насустрач, камунікавалі са мной, мне не прыйшлося б абтэлефаноўваць розныя арганізацыі, каб даведацца, што з ім. Я дагэтуль не ведаю, як ён сябе адчувае, што з ім робяць за кратамі, і гэтае няведанне – жахлівае, яно вельмі вымотвае. Я абяцала яму, што буду яму дапамагаць ва ўсім, рабіць усё, каб вызваліць яго. Я трымаюся дзеля Мікіты, дзеля яго вызвалення. І вельмі яго чакаю», – расказвае Дана.

Цяпер Мікіту трымаюць у СІЗА. Падтрымаць яго можна лістамі і грашовымі пераводамі на адрас: 246003 Гомель, Кніжная 1А, СІЗА № 3, Слепянок Мікіта Антонавіч.

А гэта бот Даны, куды можна дасылаць ці дубляваць лісты Мікіту. Дзяўчына абяцае ўсё перадаць хлопцу па яго вяртанні. Таксама ў бот можна напісаць словы падтрымкі для дзяўчыны.

Артыкулы
Марыі Калеснікавай спаўняецца 40 гадоў. Свой юбілей яна сустракае за кратамі
2022.04.24 09:52

СП belsat.eu

Стужка навінаў