«Renault» спыняе вытворчасць аўтамабіляў у Расеі


Французскі аўтаканцэрн заявіў пра спыненне працы заводу ў Маскве. «Renault» разглядае таксама магчымыя варыянты наконт сваёй долі ў «АвтоВАЗе», дзе канцэрну належыць кантрольны пакет акцыяў, піша dw.com.

Праз месяц з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны аўтарынак РФ застаўся без свайго найбуйнейшага вытворцы з Еўропы. Пра спыненне працы заводу ў Маскве абвясціў французскі канцэрн «Renault» (уваходзіць у альянс «Renault-Nissan-Mitsubishi»). Такое рашэнне савет дырэктараў «Renault» прыняў, «зыходзячы з неабходнасці прытрымлівацца міжнародных санкцыяў, што дзеюць у дачыненні Расеі».

Кампанія з 2005 года валодае вытворчымі плошчамі ў Маскве: мае завод поўнага цыклу, дзе вырабляюцца такія мадэлі аўтаканцэрну, як «Renault Kaptur», «Renault Arkana» і «Dacia Duster».

Аналітыка
Лічбы вайны: якія страты зазналі Украіна і Расея за месяц баявых дзеянняў
2022.03.24 11:49

Яшчэ дзве мадэлі – «Renault Logan» і «Dacia Sandero» – выпускаюцца на магутнасцях «АвтоВАЗа» ў Тальяці. Пра спыненне дзейнасці даччыных прадпрыемстваў у афіцыйнай заяве гаворкі пакуль не было. Паведамляюць, што «Renault» разглядае магчымыя варыянты наконт сваёй долі ў «АвтоВАЗе», зважаючы на тое, якая склалася сітуацыя».

Кампанія нясе адказнасць перад 45 тысячамі работнікаў на тэрыторыі Расеі, удакладняюць прадстаўнікі «Renault». Аўтаканцэрну належыць 68 % акцыяў «АвтоВАЗа», астатнія 32 % – у дзяржкарпарацыі «Ростех».

Большасць заходніх аўтаканцэрнаў пасля пачатку вайны ва Украіне спыніла пастаўкі аўтамабіляў у Расею і вытворчую дзейнасць на яе тэрыторыі.

Hавiны
«Каму як пашанцуе». Банкі выцэджваюць беларусам іхныя ўклады «па капейцы». Ці паспеюць усе атрымаць?
2022.03.23 20:22

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў