Лічбы вайны: якія страты зазналі Украіна і Расея за месяц баявых дзеянняў


Belsat.eu сабраў усю інфармацыю пра чалавечыя страты за месяц вялікай вайны паміж Расеяй і Украінай.

Пашкоджаныя жылыя будынкі ў выніку абстрэлу ў Падольскім раёне ўкраінскай сталіцы. Прынамсі адзін чалавек быў забіты і 19 атрымалі раненні. Кіеў, Украіна. 18 сакавіка 2022 года.
Фота: МБ / Белсат

Страты расейскай арміі

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны 23 сакавіка паведамілі, што з пачатку канфлікту Расея страціла каля 15 600 чалавек.

Большасць медыяў выкарыстоўваюць панятак «страцілі» як сінонім слова «загінулі». Але варта разумець, што ўкраінскі Генеральны штаб не адрознівае забітых, параненых і палонных, што пакідае пэўную прастору для тлумачэння гэтых лічбаў. Напрыклад, па выніках 27 лютага Генеральны штаб ЗСУ ацэньваў страты расейскай арміі на 4,5 тысячы. Дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч 27 лютага таксама назваў гэтую лічбу, але ўдакладніў: з 4,5 тысячы 1500 – забітыя, а 3000 – параненыя. Таму нельга выключаць, што ў афіцыйную статыстыку Генштабу часам уключаюць не толькі загінулых.

Найбольш дакладныя на сёння звесткі пра палонных: як заявіла віцэ-прэмерка Ірына Вэрэшчук, на дзень 19 сакавіка ва ўкраінскім палоне афіцыйна былі 562 расейскія вайскоўцы.

Даведка
Пры ацэньванні стратаў бакоў трэба ўлічваць заканамернасць для любых ваенных канфліктаў: колькасць параненых заўсёды перавышае колькасць забітых у некалькі разоў. Найчасцей сустракаюцца наступныя прапорцыі: на аднаго забітага – 3-4 параненыя. СССР падчас вайны ў Афганістане, Расея падчас першай і другой чачэнскіх войнаў менавіта ў такіх прапорцыях неслі страты.

Заходнія спецслужбы больш асцярожна ацэньваюць маштабы расейскіх стратаў забітымі і параненымі, але гаворка ўсё роўна пра вялізарныя лічбы. 2 сакавіка журналісты «NBC News» са спасылкаю на амерыканскіх чыноўнікаў паведамілі пра гібель 5800 расейскіх вайскоўцаў: гэта амаль супадае са звесткамі Генеральнага штабу ЗСУ за той жа дзень. Амерыканскае выданне «The New York Times» у артыкуле ад 17 сакавіка паведаміла са спасылкаю на свае крыніцы ў спецслужбах, што з пачатку ўварвання ва Украіну Расея страціла забітымі ўжо больш за 7 тысячаў чалавек (на той момант Генштаб ЗСУ паведамляў пра расейскія страты 13,8 тысячы чалавек). Паводле амерыканскіх спецслужбаў, ад 14 да 21 тысячы асобаў атрымалі раненні.

За ўвесь час баявых дзеянняў Міністэрства абароны РФ афіцыйна толькі аднойчы агучыла сваю версію ваенных стратаў: 2 сакавіка, праз шэсць дзён вайны, было заяўлена пра гібель 498 расейскіх вайскоўцаў, яшчэ 1597 атрымалі раненні. Гэтыя звесткі Мінабароны апрыёры не маглі быць поўнымі, бо ў ведамстве казалі менавіта пра вайскоўцаў Узброеных сілаў. Пра страты Расейскай гвардыі, а таксама падраздзяленняў «ДНР» і «ЛНР» гаворкі не было. Але нават калі абапірацца на звесткі Міністэрства абароны (напэўна моцна заніжаныя), то пры захаванні такой інтэнсіўнасці Расея да канца першага месяца вайны мусіла страціць каля 2,5 тысячы забітымі толькі ва Узброеных сілах.

Украінскі горад Валнаваха на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці пасля абстрэлу. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

Аўтарытэтны журналіст-расследавальнік «Bellingcat» Хрыста Грозэў, каментуючы звесткі Мінабароны РФ за 2 сакавіка, адзначаў, што яны могуць быць заніжаныя ў 10 разоў. На падставе аналізу шматлікіх відэа з зоны баявых дзеянняў ён прыйшоў да высновы, што яшчэ на дзень 26 лютага колькасць расейскіх ахвяраў склала як мінімум 3000 чалавек. Паводле Грозэва, на дзень 4 сакавіка беззваротныя страты расейскіх сілаў ва Украіне маглі дасягаць 10 тысячаў. Адзначым пры гэтым, што беззваротныя страты – гэта не толькі забітыя, але таксама палонныя і цяжкапараненыя жаўнеры, якія ўжо не вернуцца на службу.

Вайсковы эксперт і сябра Чэшскай асацыяцыі міжнародных даследаванняў Юрый Фёдараў на гэтым тыдні ацаніў колькасць забітых расейскіх вайскоўцаў прыкладна на 10 тысячаў чалавек.

20 сакавіка пракрамлёўская газета «Комсомольская правда» са спасылкаю на Мінабароны РФ апублікавала звесткі, паводле якіх ва Украіне 9861 расейскі вайсковец загінуў, а 16 153 атрымалі раненні. Гэты артыкул заставаўся на сайце да вечара 21 сакавіка, потым яго прыбралі. Рэдакцыя «КП» патлумачыла, што сайт нібыта быў узламаны і гэта зламыснікі пакінулі ў артыкуле такія звесткі пра расейскія страты. Але далёка не ўсе паверылі ў гэтае тлумачэнне. Некаторыя лічаць, што гаворка можа быць пра выцек сапраўдных звестак Мінабароны РФ.

23 сакавіка прадстаўнік NATO заявіў на брыфінгу, што страты расейскай арміі ва Украіне забітымі могуць складаць ад 7 да 15 тысячаў чалавек, а агульныя страты (з улікам параненых, зніклых без вестак і палонных) – да 40 тысячаў. Але гэтыя лічбы – хутчэй, абагульненне ўсіх звестак, што маюцца на гэты час: падобна на тое, што верхняя планка стратаў базуецца на ўкраінскіх звестках, а не на ўласных ацэнках натаўскіх экспертаў.

Страты ўкраінскай арміі ды цывільнага насельніцтва

Украінскія ўлады толькі двойчы агучвалі звесткі наконт уласных ваенных стратаў.

Пасля першага дня вайны, 24 лютага, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі паведаміў, што загінулі 137 вайскоўцаў і 316 атрымалі раненні. У наступныя дні ўкраінскае кіраўніцтва колькасці забітых і параненых не называла. Толькі 13 сакавіка Зяленскі заявіў журналістам, што з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання загінулі каля 1300 украінскіх вайскоўцаў.

Віцэ-прэмерка Ірына Вэрэшчук 19 сакавіка распавяла, што, паводле папярэдніх звестак, у расейскі палон трапілі 270 украінскіх вайскоўцаў.

Раней, 2 сакавіка, Міністэрства абароны РФ заяўляла, што ў расейскі палон нібыта трапілі 572 украінцы. Таксама расейскі бок сцвярджаў, што на дзень 2 сакавіка страты ўкраінцаў нібыта склалі 2870 забітых і 3700 параненых. Раней «Белсат» ужо тлумачыў, чаму гэтыя лічбы выглядаюць нерэалістычна.

Поўных звестак пра страты сярод цывільнага насельніцтва таксама няма. Паводле інфармацыі Упраўлення вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека, на дзень 23 сакавіка ва Украіне загінулі як мінімум 953 мірныя жыхары, 1557 атрымалі раненні. Але ацэнкі ААН, імаверна, моцна заніжаныя.

Цалкам разбураны жылы дом, пацярпелы ад артылерыйскага абстрэлу. Кіеў, Украіна. 15 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Яшчэ 2 сакавіка Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацыяў Украіны паведаміла, што з пачатку ўварвання загінулі больш за 2000 мірных жыхароў. Аднак на цяперашні момант можна сцвярджаць, што ў адным Марыупалі, які застаецца ў аблозе пад няспынным бамбаваннем расейскай арміі, колькасць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва перавысіла некалькі тысячаў. Намеснік мэра Марыупалю Сяргей Арлоў заяўляў, што на дзень 16 сакавіка ў горадзе ад расейскіх атак загінулі 2358 мірных жыхароў. Пры гэтым ён падкрэсліваў, што звесткі няпоўныя: «Пад заваламі ёсць яшчэ людзі, пра якіх мы не ведаем. Таму гэтыя лічбы можна смела памножыць на 1,5 ці 2». На дзень 21 сакавіка камандзір палка «Азоў» ацэньваў колькасць стратаў сярод мірных жыхароў Марыупалю больш як на 3000 асобаў.

У Харкаве толькі за першыя 11 дзён вайны ў выніку авіяўдараў і артылерыйскіх абстрэлаў больш за 450 мірных жыхароў загінулі ці атрымалі раненні. Адпаведныя лічбы апублікавала міжнародная праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» (HRW).

Агулам, паводле афіцыйных звестак уладаў Украіны, у выніку расейскай агрэсіі на дзень 23 сакавіка загінула 121 дзіця і больш за 167 атрымалі раненні.

Паводле інфармацыі Упраўлення вярхоўнага камісара ААН у справе ўцекачоў, з 24 лютага да 23 сакавіка Украіну пакінулі ўжо больш за 3,5 мільёна чалавек. А агулам свае дамы былі вымушаныя пакінуць каля 10 мільёнаў украінцаў. Вярхоўны камісар ААН у справе ўцекачоў Філіпа Грандзі кажа, што гэта самы маштабны крызіс у Еўропе з часу Другой сусветнай вайны.

Аналітыка
Уцекачы з Украіны ў Еўропе: маштабы крызісу, кірункі, умовы
2022.03.09 10:00

***

«Белсат» у папярэдніх матэрыялах на гэтую тэму ўжо падкрэсліваў, што падчас баявых дзеянняў амаль немагчыма разлічваць на дакладныя звесткі пра страты бакоў. Гэта тлумачыцца як аб’ектыўнымі фактарамі (брак інфармацыі ва ўмовах баявых дзеянняў), так і субектыўнымі (жаданне перабольшыць страты праціўніка і прыменшыць уласныя). Аднак варта памятаць, што Украіна – дэмакратычная дзяржава, а Расея – аўтарытарная дыктатура. Пры аўтарытарызме магчымасцяў для маніпуляцыі звесткамі значна больш праз закрытасць дзяржаўнай сістэмы, адсутнасць свабоднага парламенту і незалежнай прэсы.

РР belsat.eu

Стужка навінаў