Дзень Волі з Вольным хорам, «NaviBand» і Вайцюшкевічам


 

У самы важны дзень для свабодных беларусаў беларуская суполка Падляшша хоча не толькі адзначыць адну з найважнейшых падзеяў у гісторыі, але і выказаць падтрыманне і салідарнасць з Украінай, якая змагаецца з расейскай агрэсіяй.

Беластоцкае святкаванне Дня Волі, 104-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, пройдзе пад лозунгам «За вашу і нашу свабоду» і стане выказваннем салідарнасці з украінскім народам, які абараняе сваю зямлю ад агрэсіі Расеі.

Урачыстасці 25 сакавіка 2022 года пачнуцца а 16:30 ускладаннем кветак да папраўчай установы на вул. Каперніка ў Беластоку, дзе, імаверна, у 1939 годзе ад рук сталінскіх катаў загінуў аўтар гімну Беларускай Народнай Рэспублікі Макар Краўцоў. А 17:00 на плошчы Касцюшкі каля помніку Юзэфу Пілсудскаму пройдзе Мітынг свабоднай Беларусі і свабоднай Украіны, а праз гадзіну каля Беластоцкага тэатру лялек выступіць сімвал беларускіх пратэстаў – Вольны хор – з адмысловаю праграмай. Яго будуць суправаджаць «NaviBand» і Зміцер Вайцюшкевіч.

Арганізатары: фонд «Тутака», Беларускі звяз у Польшчы, фонд «Беларусь 2020», Беларускае гістарычнае таварыства, беларуская дыяспара Беластоку і Вольны хор.

Урачыстасць адбудзецца дзякуючы падтрыманню Беластоку, амбасады Бельгіі ў Польшчы і Літве ды прадстаўніцтва Фландрыі ў Польшчы і краінах Балтыі.

Медыйны патранаж ажыццяўляе тэлеканал «Белсат».

Канцэрт будзе транслявацца на канале Вольнага хору ў YouTube, а таксама на беларускай радыёстанцыі «Рацыя».

МД/ПС belsat.eu

Стужка навінаў