«Беларускі замежнагандлёвы цуд». Хто працягнуў гандлёвыя дачыненні з Беларуссю пасля 2020 года?


У мінулым годзе на фоне санкцыйных пагрозаў беларускі экспарт у Еўразвяз вырас нашмат больш, чым у Расею. Закупкі павялічылі амаль усе еўрапейскія краіны, станоўчае сальда ў гандлі з ЕЗ склала 4,4 млрд долараў. Эканамісты сцвярджаюць, што «замежнаэканамічны цуд», які ўтрымаў на плыву беларускую эканоміку, сфармаваўся дзякуючы экспарту ў ЕЗ і ва Украіну.

Ілюстрацыйнае фота. Шведская кампанія IKEA абвясціла аб спыненні продажаў прадукцыі ў Расеі і Беларусі з 4 сакавіка. Екацярынбург, Расея. 4 сакавіка 2022 года.
Фота: Donat Sorokin / TASS / Forum

У 2021 годзе Беларусь экспартавала тавараў на 39,9 млрд долараў, што на 36,7 % больш, чым у 2020 годзе, сведчаць звесткі Белстату. Краіны ЕЗ набылі іх на 9,5 млрд долараў – гэта больш, чым у 2020 годзе, на 74,4 %. Гандаль таварамі для Беларусі ў цэлым аказаўся стратны – адмоўнае сальда дасягнула 1,9 млрд долараў. Аднак у гандлі з краінамі ЕЗ яно станоўчае – Беларусь зарабіла на іх экспарце ў еўрапейскія краіны 2,7 млрд долараў. Яшчэ 1,7 млрд долараў прыбытку Беларусі прынёс экспарт паслуг у краіны ЕЗ. Раней «Белсат» ужо пісаў, што 3,3 млрд долараў чыстага прытоку валюты Беларусі забяспечыў гандаль з Украінай.

Санкцыі гандлю не перашкода

Асноўным замежнагандлёвым партнёрам Беларусі ў 2021 годзе заставалася Расея. На яе долю прыпадала 49 % тавараабарачэння і 41 % экспарту (год таму было 45 %). Нашая краіна экспартавала ў Расею тавараў на 16,4 млрд долараў. Рост да ўзроўню мінулага года – 24,7 %. Гандаль з Расеяй складаецца не на карысць Беларусі. Нашая краіна набыла там тавараў на 6,4 млрд долараў больш, чым прадала.

Геаграфічная структура экспарту Беларусі ў 2021 годзе. Крыніца: Белстат

У 2021 годзе ЕЗ увёў у дачыненні Беларусі чатыры пакеты санкцыяў. Яны датычылі ў тым ліку і асноўных экспартных пазіцыяў – калію, нафтапрадуктаў, аднак мелі вельмі ашчадны фармат. Каб не нашкодзіць інтарэсам еўрапейскіх контрагентаў, яны не датычылі ўжо падпісаных кантрактаў і не ахоплівалі ўсёй гамы прадуктаў. У прыватнасці, паводле ацэнак экспертаў, пад санкцыі трапілі толькі 20 % калійных угнаенняў.

У выніку такіх «ашчадных» санкцыяў у 2021 годзе гандлёвыя дачыненні Беларусі з ЕЗ склаліся значна больш выгадна, чым з Расеяй. Беларусь прадала туды тавараў на 9,5 млрд долараў, а набыла толькі на 6,8 млрд долараў, зарабіўшы такім чынам на экспарце ў ЕЗ 2,7 млрд долараў.

Доля ЕЗ у агульным аб’ёме беларускага экспарту вырасла з 18,7 % да 23,9 %.

Станоўча для Беларусі склалася і гандлёвае сальда ў гандлі паслугамі з ЕЗ – 1,7 млрд долараў. Нашая краіна аказала дзяржавам ЕЗ паслугаў на 3,9 млрд долараў, а яны нам – на 2,2 млрд долараў. Доля ЕЗ у экспарце паслугаў 38,4 %, а доля Расеі прыкметна меншая – 18,2 %. Экспарт – 1,9 млрд долараў, імпарт 1,5 млрд долараў. Сальда таксама станоўчае (каля 400 млн долараў), хоць і прыкметна меншае, чым з краінамі ЕЗ.

Такім чынам, гандаль з ЕЗ прынёс Беларусі ў 2021 годзе 4,4 млрд долараў прыбытку.

Хто і што набываў у Беларусі

На першую дзясятку краін-імпарцёраў беларускай прадукцыі прыпадае 81,5 % усяго экспарту. У першай тройцы еўрапейскіх пакупнікоў беларускай прадукцыі – Нідэрланды, Польшча і Нямеччына. У параўнанні з мінулым годам склад першай дзясяткі змяніўся нязначна. Яе пакінула Вялікая Брытанія, затое ў ёй з’явілася Бразілія. Калі на долю Злучанага Каралеўства ў 2020 годзе прыпадала 2,75 % беларускага экспарту (803,7 млн долараў), то ў 2021 годзе ўжо толькі 0,56 % (224,2 млн долараў). Можна сказаць, што беларускі экспарт у гэтую краіну абваліўся – мінус амаль 70 % да ўзроўню 2020 года. Паводле звестак Белстату, у 2020 годзе Вялікая Брытанія набыла беларускіх нафтапрадуктаў на 710 млн долараў.

Дадзеныя Белстату

Звесткі за 2021 год аб экспарце тавараў, якія трапілі пад санкцыі, Белстат схаваў. Агульную суму экспарту ў тыя краіны, якія набываюць падсанкцыйныя тавары, у інфармацыі Белстату можна знайсці, аднак у спісе прадукцыі адсутнічаюць пазіцыі, якія трапілі пад санкцыі. Напрыклад, з 2,2 млрд долараў экспарту ў Нідэрланды (нарасцілі пакупкі беларускай прадукцыі больш як утрая), даступныя для прагляду пазіцыі складаюць 10 %. Гэта дае падставу выказаць здагадку, што 90 % экспарту ў Нідэрланды (на 2 млрд долараў) – гэта і ёсць падсанкцыйныя тавары – у прыватнасці, нафтапрадукты. У 2020 годзе іх доля была самай вялікай у пастаўках у Нідэрланды – каля 65 %. Акрамя падсанкцыйных тавараў Беларусь прадавала ў Нідэрланды металапракат (на суму каля 70 млн долараў), прадукты дрэваапрацоўкі (57 млн ​​долараў) і мэблю (больш за 10 млн долараў).

Крыху больш даступная інфармацыя аб экспарце ў Нямеччыну. У 2021 годзе ў параўнанні з 2020-м ён вырас на 77,2 % на 1,7 млрд долараў. Мяркуючы з аб’ёму схаваных пазіцыяў, на долю тавараў, якія трапілі пад санкцыі, прыпадае крыху больш за палову (52,6 % на 875 млн долараў). Традыцыйна Нямеччына – асноўны пакупнік беларускай нафты. У 2020 годзе яна набыла 1,2 млн тонаў гэтай сыравіны на 344,6 млн долараў. Гэта складала 37 % усяго экспарту ў Нямеччыну. Другую пазіцыю ў аб’ёмах і ў 2020 годзе, і ў 2021-м займаюць прадукты дрэваапрацоўкі (12,8 %), трэцюю – некаштоўныя металы і вырабы з іх (10,8 %). У 2021 годзе першых Нямеччына набыла на 212,9 млн долараў (рост да папярэдняга года – 79 %), а другіх – на 180,5 млн долараў (плюс 54 %). Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што рост у грошах адбыўся пераважна праз павышэнне коштаў, хоць у некаторых пазіцыях павялічыліся і аб’ёмы.

Карнавальны паплывок паказвае прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, які гуляе з будаўнічымі блокамі, Украінай і Беларуссю, каб аднавіць Савецкі Саюз, на прэзентацыі сатырычных карнавальных паплыўкоў гэтага года. Кёльн, Нямеччына. 22 лютага 2022 года.
Фота: Martin Meissner / AP Photo

Паводле Белстату, Польшча ў 2021 годзе набыла ў Беларусі тавараў больш чым на 2 млрд долараў, павялічыўшы закупкі на 65,9 %. Беларускае статыстычнае ведамства схавала назвы 23 % беларускага экспарту ў гэтую краіну на суму 490 млн долараў. У 2020 годзе доля нафтапрадуктаў у беларускім экспарце ў Польшчу складала 14 % (на 179 млн долараў). Амаль столькі ж прыпадала на долю прадуктаў хімічнай прамысловасці (13,5 % на 168 млн долараў).

У звестках Белстату за 2021 год падсанкцыйных пазіцыяў – «нафтапрадукты» і «ўгнаенні» няма. Паводле звестак польскай статыстыкі, у 2021 годзе чвэрць імпарту з Беларусі склалі нафтапрадукты (каля 530 млн долараў). Рост да ўзроўню 2020 года – 15,5 %. Звесткі ўпраўленні статыстыкі Польшчы сведчаць, што на 77,5 % вырас імпарт з Беларусі прадукцыі хімічнай прамысловасці (да амаль 300 млн долараў) і ў прыватнасці угнаенняў – на 45,2 % (каля 177 млн ​​долараў). У 2021 годзе на 52 % больш, чым у 2020 годзе, Польшча набыла ў Беларусі прадукцыі дрэваапрацоўкі (40 млн долараў), а некаштоўных металаў і вырабаў з іх – у 2,3 разы больш (291 млн долараў).

Пачатак года. Беларусь у плюсе

Свежыя звесткі Белстату сведчаць, што студзень 2022 года склаўся ўдала для беларускага экспарту. У параўнанні са студзенем 2021 года яго аб’ём вырас на 33 % і склаў 3,3 млрд долараў. Імпарт таксама вырас, але не так істотна – плюс 23 % да 3 млрд долараў. Такім чынам, сальда склалася станоўчае – 300 млн долараў. Першая тройка краін-імпарцёраў беларускай прадукцыі не змянілася. Гэта Расея (1,2 млрд долараў), Украіна (561 млн долараў) і Польшча (166 млн долараў).

У той жа час склад дзясяткі ключавых пакупнікоў беларускай прадукцыі, на долю якой прыпадае больш за 80 % усяго экспарту, змяніўся. Яе пакінулі Казахстан і Бразілія, а на іх месца прыйшлі ЗША і Індыя. Траплянне гэтых краінаў у першую дзясятку забяспечыў рост экспарту ў 4,7 разу ў ЗША (да 106 млн долараў) і ў 3,5 разы ў Індыю (82 млн долараў).

У два разы ў параўнанні са студзенем мінулага года вырас у экспарт ва Украіну (561,2 млн долараў), на 57 % – у Нідэрланды (245,7 млн ​​долараў), на 16,7 % у Польшчу (166 млн долараў).

Экспарт у Нямеччыну скараціўся ў 2022 годзе на 41 % да 65 млн долараў. Нагадаем, што Нямеччына напрыканцы мінулага года заяўляла, што не будзе больш набываць беларускую нафту. Верагодна, яна ажыццявіла гэты намер.

Нязначна – (на 1 %), але знізіла ў студзені 2021 года закупкі беларускіх тавараў Літва (да 85 млн долараў) у параўнанні са студзенем 2020 года.

Гандаль з ЕЗ – галоўнае апірышча замежнаэканамічнага цуду

Старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC, эканаміст Дзмітрый Крук сцвярджае, што летась менавіта гандаль з ЕЗ стаў галоўным фактарам, які забяспечыў беларускай эканоміцы станоўчую дынаміку. «Замежнагандлёвы цуд» адсоткаў на 60 быў забяспечаны гандлем з краінамі па-за СНД. З гэтых 60 % ільвіная доля прыпадае на гандаль з Еўразвязам.

«Я б сказаў, што гэта быў галоўны слуп той нядрэннай замежнаэканамічнай дынамікі, якую мы назіралі ў Беларусі ў мінулым годзе. Калі б не гэты фактар, то мы б мелі кардынальна іншае замежнаэканамічнае асяроддзе. Гэта не проста важны фактар, ён галоўны», – сказаў эксперт «Белсату».

Важную ролю ў адыходзе ад санкцыяў адыграла і Украіна, адзначыў Дзмітрый Крук. Туды, паводле яго, Беларусь адпраўляла «некаторую частку аб’ёмаў падсанкцыйных тавараў, з якімі ўзнікалі цяжкасці на іншых кірунках».

Эксперт нагадаў, што леташні «замежнагандлёвы цуд» сфармаваўся з-за дадатковага попыту на беларускі экспарт (з прычыны недасягальнасці іншых пастаўнікоў з прычыны стварэння лагістычных транспартных бар’ераў, якія ўзніклі, у сваю чаргу, праз ковідныя абмежаванні) і палепшанай цэнавай канкурэнтаздольнасцю беларускіх тавараў.

Карнавальны паплывок з выявай прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна (уверсе), які тузае Аляксандра Лукашэнку, як марыянетку. Кёльн, Нямеччына. 28 лютага 2022 года.
Фота: Ina Fassbender / AFP

Рост экспарту ў Нідэрланды (больш як у 3 разы) і скарачэнне ў Вялікую Брытанію (на 70 %) у 2021 годзе Дзмітрый Крук звязвае з пераразмеркаваннем плыняў нафтавага экспарту ў сувязі з санкцыямі.

«Тое, што раней афармлялася праз Вялікую Брытанію, у 2021 годзе, падобна, у прапорцыі 50 на 50 было падзеленае паміж Нідэрландамі і групай краінаў, у якую ўваходзяць Польшча, Эстонія, Латвія і крыху Літва, – адзначае Зміцер Крук. – Гэта значыць, магчымасць экспартаваць нафтапрадукты ў Заходнюю Еўропу захоўвалася, і ў цэлым карціна складалася дабратворная».

Санкцыі не паўплывалі, бо першапачаткова не прадугледжвалі імгненнага дзеяння, нагадаў Зміцер Крук.

«Пастанова ЕЗ, якая была прынятая ў чэрвені, прадугледжвала адтэрмінаванні. Першапачаткова гаварылася, што большая іх частка пачне адчувацца толькі да канца года. Да таго ж санкцыі прымаліся з такой устаноўкай, каб не спальваць усіх мастоў і не зачыняць усіх дзвярэй. Захад даваў уладам Беларусі магчымасць адрэагаваць і пакідаў магчымасць для вяртання да дыялогу. Да 24 лютага еўрапейскія кампаніі зусім спакойна ставіліся да супрацы з Беларуссю, гэта не несла ніякіх рэпутацыйных выдаткаў. Тым больш, што шмат якія экспартныя пазіцыі ўвогуле не былі пад санкцыямі. У прыватнасці, металы, прадукцыя дрэваапрацоўкі, – растлумачыў ён. – У прынцыпе, калі б не 24 лютага, я думаю, што гэтая інэрцыя яшчэ б месяцы два-тры працягнулася».

Дынаміка экспарту Беларусі ў дзесяць асноўных краінаў – гандлёвых партнёраў. Крыніца: Белстат

На думку эксперта, пасля 24 лютага сітуацыя для Беларусі кардынальна змянілася, і пра поспехі мінулага года можна забыць.

«Тое, што мы бачым у статыстыцы за 2021 год, – гэта яшчэ злепак папярэдняй рэальнасці, якая існавала да 24 лютага. З сакавіка сітуацыя будзе прынцыпова іншая», – сказаў ён.

Змяненне геаграфіі экспартных паставак на пачатку 2022 года Зміцер Крук таксама звязвае з адыходам ад санкцыяў.

«Рост паставак у Індыю – гэта, найхутчэй, калій. Гэтая краіна – адзін з галоўных стратэгічных партнёраў калійнага рынку. Нічым іншым стратэгічным мы з ёю не гандлюем. Падзенне экспарту ў Нямеччыну сведчыць, што там адмовіліся ад набыцця беларускай нафты. Наколькі я ведаю, яе вырашылі перапрацоўваць унутры краіны», – кажа эксперт.

Пакуль не зразумела, чым можа быць выкліканы рост экспарту ў ЗША.

«Звычайна там былі вельмі сціплыя аб’ёмы», – нагадвае Зміцер Крук.

Белстат звесткі адносна большасці экспартных пазіцыяў (64 %) у гэтую краіну схаваў. Застаецца пачакаць з’яўлення гэтай інфармацыі ў статыстыцы ЗША.

Hавiны
Самы глыбокі крызіс у гісторыі. Эканаміст Крук зрабіў прагноз аб лёсе беларускай эканомікі
2022.03.12 13:12

АС belsat.eu

Стужка навінаў