«Chatham House»: Беларусы не лічаць гэтай вайны сваёй


Беларусы не лічаць гэтай вайны сваёй і чакаюць значнага пагаршэння якасці жыцця. Пра гэта гаворыцца ў новым сацыялагічным даследаванні «Chatham House», які апытаў 896 рэспандэнтаў з розных гарадоў Беларусі. Апытанне праводзілі 5–14 сакавіка 2022 года. Як беларусы ставяцца да вайсковага канфлікту? Чаго б яны чакалі ад Беларусі ў гэтай вайне і з якіх крыніцаў пра яе даведваюцца? Якіх зменаў беларусы чакаюць у найбліжэйшай будучыні? Пераказваем самае цікавае.

Ілюстрацыйны здымак. Каля амбасады Украіны ў Беларусі людзі пакідаюць кветкі. Менск, Беларусь. 27 лютага 2022 года.
Фота: чытачы / Белсат

Даследнікі зазначаюць: вынікі даследавання атрыманыя ад карыстальнікаў інтэрнэту, бо апытанне метадам «face-to-face» праз цяперашняе беларускае заканадаўства проста не магчымае. Тым не менш 75–82 % насельніцтва Беларусі выкарыстоўвае інтэрнэт, інтэрнэт-карыстальнікі больш эканамічна і сацыяльна актыўныя. 39 % рэспандэнтаў – прыхільнікі існага рэжыму ў Беларусі.

Прысутнасць расейскіх войскаў у Беларусі

Прысутнасць расейскіх войскаў у Беларусі не ўспрымаецца адназначна, але большасць беларусаў, хутчэй, не падтрымлівае канцэнтрацыі расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. 41 % называе гэта адкрытаю пагрозаю суверэнітэту нашай краіны, а 39 % лічаць, што расейскія войскі неадкладна павінны быць выведзеныя з нашай тэрыторыі.

Прыхільнікі дзейнага рэжыму падтрымліваюць перабыванне войскаў Расеі на тэрыторыі Беларусі. Аднак нават яны не згодныя з тым, што варта павялічваць іх колькасць.

Удзел Беларусі ў ваенных дзеяннях

Менш за палову беларусаў лічыць, што нашая краіна ўжо бярэ ўдзел у вайне, бо многія не ўспрымаюць наданне тэрыторыі Беларусі як беспасярэдні ўдзел (39 %). Большасць з іх – прыхільнікі дзейнага беларускага рэжыму. 42 % лічаць, што Беларусь бярэ ўдзел у канфлікце на баку Расеі.

Толькі кожны пяты беларус лічыць, што Беларусь – краіна-агрэсар (22 %). 54 % беларусаў не лічаць Беларусь агрэсаркаю.

Пры гэтым нават наданне тэрыторыі для расейскіх войскаў не задавальняе большасці беларускага грамадства.

Пераважная большасць беларусаў (67 %) супраць таго, каб войскі РФ абстрэльвалі Украіну з тэрыторыі Беларусі (толькі 8 % – за).

Больш за палову беларусаў лічыць, што Беларусь не павінна даваць Расеі магчымасць карыстацца нашай тэрыторыяй як плацдармам для вядзення вайны ва Украіне.

Удзел у вайне беларускіх вайскоўцаў

Беларусы падзеленыя ў сваіх сімпатыях у адносінах да бакоў канфлікту, але аб’яднаныя тым, што Беларусь не павінна браць удзелу ў вайсковых дзеяннях.

Толькі 3 % жыхароў Беларусі падтрымліваюць уступ беларускіх войскаў у ваенны канфлікт на баку Расеі. На баку Украіны – 1 %. Астатнія – супраць.

Чвэрць насельніцтва выступае за нейтралітэт краіны ў гэтым канфлікце з вывадам расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі, прыкладна столькі ж выступаюць за падтрыманне Расеі без уступлення ў ваенны канфлікт беларускіх войскаў.

У цэлым удзел вайскоўцаў у ваенных дзеяннях – вельмі непапулярная ідэя нават сярод прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі.

Размяшчэнне базаў і зброі РФ на тэрыторыі Беларусі

44 % беларусаў выступілі супраць размяшчэння ў нашай краіне расейскіх ваенных базаў. Толькі 24 % выказаліся станоўча. 11 % – усё роўна.

Большасць беларусаў не падтрымлівае размяшчэння расейскай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі (45 % – адмоўна, 35 % – хутчэй адмоўна).

Толькі прыхільнікі дзейнага рэжыму ставяцца ў цэлым станоўча да размяшчэння базаў на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым нават не ўсе з іх падтрымліваюць размяшчэння ядравай зброі.

Ілюстрацыйны здымак. У Варшаве прайшла акцыя «Жанчыны супраць вайны». Жанчыны ў белым зноў выйшлі на вуліцы, каб сказаць не гвалту, нянавісці і вайне ва Украіне. Першая такая акцыя прайшла ў Менску 12 жніўня 2020 года як рэакцыя на жорсткія затрыманні і забойствы ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2022 года.
Фота: ТК / Белсат

Чаканні беларусаў

Большасць чакае пагаршэння якасці жыцця: вялікі рост коштаў, больш жорсткія санкцыі будуць накладзеныя на Расею і Беларусь, немагчыма будзе набыць валюту, адбудзецца дэвальвацыя беларускага рубля і дэфіцыт прадуктаў. Але грамадства не лічыць, што ваенныя дзеянні перакінуцца на Беларусь.

Адзнака працягласці ваенных дзеянняў у цэлым укладваецца ў межы ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў.

Адкуль беларусы бяруць інфармацыю пра вайну

Жыхары Беларусі цяпер у розных інфармацыйных прасторах. Рыторыка крыніцы інфармацыі можа ўплываць на фармаванне меркавання пра тое, хто пераможа ў ваенным канфлікце.

Прыхільнікі дзейнага рэжыму бяруць інфармацыю ў асноўным з беларускіх і расейскіх дзяржаўных СМІ (20 % і 18 % адпаведна). Большасць з іх перакананая ў перамозе Расеі.

Праціўнікі дзейнай улады ў большасці чытаюць недзяржаўныя беларускія (22 %) і расейскія (12 %) СМІ, крыху ў меншай ступені ўкраінскія (11 %). Тут большасць верыць у перамогу Украіны.

Звяртанне да альтэрнатыўных крыніцаў, не ўласцівых групам, хутчэй, нехарактэрнае: імаверна, гэта выклікае моцны псіхалагічны дыскамфорт.

Агулам 45 % беларусаў думаюць, што ў ваенным канфлікце пераможа Расея. 21 % – Украіна.

Меркаванне адносна таго, ці бярэ ўдзел Беларусь ужо ў канфлікце і дзеяннях, якія павінна была зрабіць Беларусь, значна падзяляюцца ў залежнасці ад спажываных інфармацыйных крыніцаў.

Шмат якія з тых, хто глядзіць расейскія СМІ (як дзяржаўныя, 60 %, так і недзяржаўныя, 35 %) і беларускія дзяржаўныя СМІ (44 %), падтрымліваюць дзеянні РФ без уступлення ў ваенны канфлікт.

Адметна, што 34 % аўдыторыі дзяржаўным СМІ Беларусі сутыкнуліся з цяжкасцямі пры адказе на гэтае пытанне.

Плакат на падтрыманне журналістаў. Марш вызвалення палітвязняў, 4 кастрычніка 2020.
Фота: ТК / Белсат

Тыя, хто чэрпае інфармацыю з украінскіх СМІ, наадварот, часцей выступаюць за асуджэнне дзеянняў Расеі (40 %). Аўдыторыя недзяржаўных беларускіх СМІ ў меркаванні падзяляецца на тых, хто выступае за асуджэнні дзеянняў Расеі (35 %), і тых, хто выступае за поўны нейтралітэт Беларусі з вывядзеннем замежных войскаў з тэрыторыі краіны (43 %).

Такім чынам, беларускую аўдыторыю можна падзяліць на тры групы паводле стаўлення да ваеннага канфлікту ва Украіне: аўдыторыя расейскіх і беларускіх дзяржаўных СМІ; расейскіх недзяржаўных СМІ; беларускіх недзяржаўных і ўкраінскіх СМІ.

Нават аўдыторыю расейскіх і беларускіх дзяржаўных СМІ цяжка назваць аптымістычнай у адносінах таго, як будзе ў далейшым развівацца краіна. Чаканні ж аўдыторыі беларускіх недзяржаўных і ўкраінскіх СМІ вельмі негатыўныя.

Высновы

Пераважная большасць беларусаў наагул супраць удзелу Беларусі ў вайне (96 %), не падтрымлівае факту размяшчэння расейскіх войскаў у Беларусі і любых спосабаў дапамогі Расеі ў ваенных дзеяннях (у тым ліку выкарыстанне нашай краіны як плацдарму), не падтрымлівае размяшчэння ў Беларусі расейскай ядравай зброі.

Беларусы чакаюць сур’ёзных сацыяльна-эканамічных наступстваў вайны: росту коштаў, увядзення санкцыяў, пагаршэння якасці жыцця.

Чаму беларусы супраць вайны, у адрозненне ад расейцаў (паводле звестак сацыялагічных даследаванняў, 71 % расейцаў падтрымліваюць вайну ва Украіне)? Даследнікі адзначаюць: беларусы не лічаць гэтую вайну сваёй. У Беларусі няма ніякіх імперскіх амбіцыяў, ніякіх інтарэсаў у гэтай вайне. І нават калі хтосьці лічыць, што ва Украіне ёсць «бандэраўцы», гэта не азначае, што трэба ваяваць праз гэта. Таксама беларусы чакаюць крах эканомікі і не разумеюць, дзеля чаго гэта. Трываць дэфіцыт, пагаршэнне якасці жыцця праз амбіцыі Пуціна беларусам не блізка.

СП belsat.eu

Стужка навінаў