Журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына прызналі палітвязнем


Беларускія праваабаронцы лічаць утрыманне пад вартай Дзяніса Івашына палітычна матываваным, а яго самога – палітычным зняволеным. Заява пра гэта была прынятая 24 сакавіка.

Затрыманы гарадзенскі журналіст Дзяніс Івашын.
Фота: baj.by

12 сакавіка супрацоўнікамі КДБ Беларусі быў затрыманы ў Горадні журналіст Дзяніс Івашын, які займаецца журналісцкімі расследаваннямі. Івашын з’яўляецца журналістам і рэдактарам беларускай службы сайта «ІнформНапалм», супрацоўнічае з беларускім выданнем «Новы час».

Апошні яго матэрыял для «Новага Часу» быў пра тое, як былыя ўкраінскія супрацоўнікі «Беркут» уладкаваліся на службу ў беларускую міліцыю.

У дачыненні да Дзяніса Івашына была абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай на два месяцы.

Hавiны
5 галоўных пытанняў пра палітычных вязняў
2021.03.21 16:23

20 сакавіка стала вядома, што Дзянісу Івашыну прадʼявілі абвінавачванне па арт. 365 Крымінальнага кодэкса, нібыта, за ўздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці шляхам абвяшчэння звестак, якія ён жадае захаваць у таямніцы.

«Дзейнасць Дзяніса Івашына ў якасці журналіста пры правядзенні журналісцкіх расследаванняў пры падрыхтоўцы серыі публікацый аб праходжанні службы былых супрацоўнікаў спецыяльнага падраздзялення ўкраінскай міліцыі «Беркут» у складзе атрадаў міліцыі асаблівага прызначэння Беларусі (АМАП) пераследавала легітымную мэту давядзення да ведама грамадства інфармацыі, якая прадстаўляе сацыяльную значнасць. Інфармацыя для правядзення журналісцкага расследавання бралася з адкрытых крыніц», – адзначаюць праваабаронцы.

Паводле праваабаронцаў, дзеянні Івашына з’яўляюцца негвалтоўнай рэалізацыяй свабоды пошуку і распаўсюду інфармацыі, і іх нельга кваліфікаваць як «уздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці».

Прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў Беларусі патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Дзяніса Івашына і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго, а таксама неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсіяў у краіне.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў