У Даніі запусцілі механізм збору доказаў парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі


Людзі выйшлі на акцыю пратэсту пасля таго, як Лукашэнка правёў таемную інаўгурацыю. Сілавікі пачалі затрыманні. Менск, Беларусь. 23 верасня 2020.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

24 сакавіка ў Даніі быў запушчаны адмысловы механізм для збору і захавання доказаў парушэнняў правоў чалавека, у тым ліку катаванняў і забойстваў. Пра гэта паведаміла прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

Механізм створаны на аснове рэкамендацыяў Маскоўскага механізму АБСЕ. Ініцыятыву падтрымалі Данія, Нямеччына і Вялікая Брытанія. У кіраўніцтве механізму будуць прадстаўнікі дацкай арганізацыі «Dignity», «Вясны», Міжнароднага камітэту расследавання катаванняў у Беларусі і лонданскай праваабарончай арганізацыі «Redress».

Новы механізм будзе збіраць, правяраць і захоўваць доказы парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, а таксама рыхтаваць і дапамагаць крымінальным расследаванням і судовым працэсам.

Калі пацярпелы жыве ў Беларусі, ён мусіць звязацца з адной з беларускіх або міжнародных арганізацый у межах Платформы і падаць інфармацыю.

«Для беларусаў вельмі важна збіраць усе доказы катаванняў. Гэтая ініцыятыва дапаможа аднавіць законнасць і справядлівасць. Усе сабраныя звесткі могуць быць выкарыстаныя для справядлівага расследавання ў незалежных судах новай Беларусі. А цяпер нашая задача – рабіць усё, каб у нашай краіне не было беспакаранасці – ні ў сучаснасці, ні ў будучыні», – паведаміла Святлана Ціханоўская.

Кіраваць Платформай будзе медычны дырэктар «Dignity» Енс Модвіг.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў