«Тэрмін прэзідэнта Лукашэнкі скончыўся!» Ва ўзламанай пошце Чамаданавай знайшлі зварот унутраных войскаў


Унутраныя войскі ў цэнтры Менску.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Беларускія кіберпартызаны 23 сакавіка паведамілі пра ўзлом паштовай скрыні прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай. Сярод апублікаваных лістоў быў і адкрыты зварот унутраных войскаў, піша «Флагшток».

Паведамленне ад 9 лютага падпісалі вайскоўцы вайсковых частак 6713 (Магілёў), 5525 (Гомель), 5530 (Полацк).

«Гэтым паведамляем, што мы, ніжэйпадпісаныя, не маем намеру падпарадкоўвацца дадзенаму ўнутраным войскам загаду прэзідэнта Лукашэнкі аб задушэнні народнага паўстання. Мы застаемся вернымі клятве абараняць Беларусь і яе народ. Выкарыстанне ўзброенай сілы супраць нашых суграмадзянаў непрымальнае. Мы гатовыя ў поўным складзе выйсці з шэрагаў унутраных войскаў Беларусі. Тэрмін прэзідэнта Лукашэнкі скончыўся! Мы не пойдзем супраць свайго народу!» – гаворыцца ў лісце.

Таксама 24 сакавіка кіберпартызаны ўзламалі сайт Акадэміі кіравання пры прэзідэнту і змясцілі на ім заклік аб вызваленні палітвязняў, адстаўцы Лукашэнкі і аб свабодных выбарах.

Цяпер сайт не адкрываецца.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў