СБУ Украіны затрымала агента КДБ, які рыхтаваў правакацыі ў Беларусі


Контрразведка Службы бяспекі Украіны заявіла аб выкрыцці на тэрыторыі Валынскай вобласці разведвальнай дзейнасці грамадзяніна Беларусі.

Паводле інфармацыі СБУ, мужчыну завербаваў беларускі КДБ, які накіраваў яго ва Украіну дзеля выканання разведвальных задачаў і арганізацыі іншай супрацьпраўнай дзейнасці.

У ведамстве адзначаюць, што грамадзянін Беларусі павінен быў збіраць інфармацыю пра стан абароненасці дзяржаўнай мяжы Украіны, парадак яе аховы, тэхнічнае аснашчэнне і колькасць памежнікаў, характарыстыкі ды кампрамат на памежнікаў і мытнікаў. Для гэтага агент КДБ спрабаваў прыцягнуць да супрацы вайскоўцаў памежнай службы Украіны.

Таксама ад яго патрабавалі наладзіць каналы перапраўкі зброі ды тавараў падвойнага прызначэння праз мяжу для «арганізацыі правакацыяў і стварэння інфармацыйных падставаў для абвінавачанняў Украіны ў нібыта пастаўках зброі дзеля дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь».

Грамадзянін Беларусі затрыманы. Яму выставілі падазрэнні ў шпіянажы.

Hавiны
BYPOL: Улады рыхтуюць тэракт 25 сакавіка, каб увесці надзвычайнае становішча
2021.03.24 08:35

Між тым ініцыятыва беларускіх сілавікоў «BYPOL» паведаміла, што дзейныя ўлады рыхтуюць тэракт «напярэдадні адной з самых чаканых сёння ў Беларусі падзеяў – Дня Волі».

Як заяўляецца, тэракт 25 сакавіка «развяжа дыктатару рукі для ўвядзення ў краіне надзвычайнага становішча» дзеля «дыскрэдытацыі пратэставага руху і яго поўнай ліквідацыі сіламі Камітэту дзяржаўнай бяспекі». Злачынства нібыта рыхтуецца «ў адным з будынкаў органаў унутраных справаў».

Hавiны
Макар заявіў, што ўжо затрыманыя трое чалавек, якіх КДБ хоча абвінаваціць у правакацыях
2021.03.24 11:27

Былы супрацоўнік спецпадраздзялення «Алмаз» МУС Беларусі Ігар Макар звярнуўся з відэазваротам да кіраўніка КДБ Беларусі Івана Церцеля. У сваім выступе былы спецназавец заявіў, што мае доказы таго, што ў Беларусі да Дня Волі рыхтуюцца правакацыі, якія могуць прывесці да ахвяраў.

Ігар Макар заклікаў Івана Церцеля не рабіць правакацыяў, «якія забяруць жыцці людзей» і не вінаваціць «у злачынных дзеяннях таго, хто не меў да гэтага ніякага дачынення». Ён заявіў, што ўжо затрыманыя і застаюцца ў ізалятары КДБ два падпалкоўнікі і адзін цывільны чалавек, «на якіх можна з гонарам павесіць усе злачынствы рэжыму». Ім нібыта вынесуць смяротны прысуд, які выканаюць у самыя кароткія тэрміны, сказаў былы спецназавец.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў