Мінздароўя прыпыніла дзейнасць 28 аптэк, бо яны «праігнаравалі рэкамендацыі»

Аптэка ў Менску. Фота: ІА / Белсат

Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў аб прыпыненні дзейнасці 28 аптэк у розных гарадах Беларусі.

У КДК адзначылі, што ў сакавіку «за парушэнні патрабаванняў заканадаўства» Міністэрства аховы здароўя прыпыніла раздробную рэалізацыю лекаў у 28 аптэках Менску, Гомля, Бабруйску і Жодзіна. Мяркуючы з рэлізу, прычынаю прыпынення дзейнасці стаў рост коштаў.

«У лютым – на пачатку сакавіка бягучага года маніторынгі праведзеныя ў 130 аптэках, якія належаць субʼектам гаспадарання рознай формы ўласнасці. Выяўлена, што практычна паўсюдна адбылося павелічэнне рознічных цэнаў на лекавыя прэпараты. Пэўныя меры дзеля абмежавання рознічных цэнаў на лекі прынятыя, у тым ліку коштам увядзення аптэчнымі сеткамі зніжак, памяншэння памеру ўжывальных гандлёвых надбавак. У той жа час некаторыя арганізацыі праігнаравалі рэкамендацыі аб абмежаванні рознічных цэн на лекавыя прэпараты», – адзначылі ў КДК.

У ведамстве адзначаюць, што «ў выпадку выяўлення фактаў парушэння заканадаўства і неабгрунтаванага павышэння коштаў на лекі да субʼектаў гаспадарання будуць ужывацца адпаведныя захады рэагавання аж да прыпынення дзейнасці аптэк».

1 студзеня чыноўнікі паднялі ПДВ на шматлікія лекі ды медычныя вырабы і запатрабавалі, каб імпарцёры і аптэкі прывялі цэны ў адпаведнасць з новымі памерамі ПДВ. Калі аптэкі гэта зрабілі, улады рэкамендавалі знізіць кошты. Тым, хто не знізіў, прыгразілі закрыццём.

МГ belsat.eu

Hавiны