Няўдалая «рэвалюцыя», ваеннае становішча і атмасфера страху. Як адзначалі Дзень Волі апошнія 20 гадоў


Belsat.eu да 103-й гадавіны абвяшчэння БНР узгадвае, як святкавалі Дзень Волі апошнія 20 гадоў.

2000. Рэкордная колькасць ваеннай тэхнікі. Затрыманыя дыпламаты і журналісты

Раніца 25 сакавіка 2000 года прывітала менчукоў сонцам і бронетранспарцёрамі на цэнтральных плошчах гораду. З часу Другой сусветнай вайны горад не памятаў такой колькасці выведзенай на вуліцы ваеннай тэхнікі, вадамётаў, міліцыянтаў, жаўнераў і сабак. Кіраваў разгонам тагачасны міністр унутраных справаў Юрый Сівакоў. Ягоныя падначаленыя дзеялі жорстка, білі людзей без разбору. Затрымалі больш за тры дзясяткі замежных і беларускіх журналістаў, а таксама дыпламатаў, у тым ліку супрацоўніка місіі АБСЭ ў Менску Крыстафэра Паніка.

Нягледзячы на гэта, пад воклічы «Жыве Беларусь!» людзі прабіваліся праз заслоны міліцыянтаў. Больш за 10 тысяч чалавек узялі ўдзел у мітынгу на пляцоўцы ў цяперашнім парку Дружбы народаў. Агулам былі збітыя ды арыштаваныя каля 500 чалавек, разам з журналістамі і замежнымі дыпламатамі. Падзея выклікала шырокі рэзананс у свеце. Сусветная супольнасць рэзка адрэагавала на гвалт, адбыўся міжнародны скандал. Неўзабаве Сівакоў перастаў быць міністрам.

2001. Мітынг ля стэлы

Пасля масавых затрымання ў 2000 годзе колькасць удзельнікаў Дня Волі штогод падала.

У 2001 годзе адзначыць абвяшчэнне БНР у Менску выйшлі каля 5 тысяч. Людзі са сцягамі і плакатамі сабраліся на Юбілейнай плошчы. Праходы да яе перакрылі сілавікі, але ўдзельнікі акцыі ў калоне здолелі прайсці да стэлы «Менск – горад-герой», дзе на невялікай пляцоўцы і адбыўся кароткі мітынг. Аперацыяй зачысткі кіраваў міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў. Дэманстрантаў адціснулі ў бок парку, а праспект перакрыў АМАП. Людзей выхоплівалі з шэрагаў і затрымлівалі. Сілавікі разагналі акцыю за паўгадзіны.

АМАП затрымаў жанчыну падчас мітынгу апазіцыі ў Менску 25 сакавіка 2001 года.
Фота: Reuters / Forum

У Горадні мітынг быў дазволены ўладамі ў парку 50-годдзя ленінскага камсамолу. Аднак людзі пачалі збірацца ў цэнтры гораду на плошчы Леніна – як і планавалі арганізатары. З раніцы месца ачапіў АМАП. Міліцыянты загадалі прысутным разысціся – нібыта таму, што плошча замінаваная. Каля 5 тысяч чалавек, што прыйшлі на акцыю, апынуліся ў парку насупраць. Калоне дэманстрантаў удалося дайсці да Каложскай царквы, дзе ў парку правялі мітынг.

2002. Канцэрт і затрыманні

У 2002 годзе на Дзень Волі перанеслі на 24 сакавіка. На яго прыйшлі каля 2 тысяч чалавек. Свята адзначалі ў скверы Янкі Купалы, людзі ўскладалі кветкі да помніка паэту. Тут адбыўся канцэрт гуртоў «NRM», «Уліс» ды іншых выканаўцаў. Не абышлося і без затрыманняў. Праспект ачапілі. Пад’ехалі аўтобусы з амапаўцамі, і ўдзельнікаў акцыі, якія выходзілі з парку, пачалі хапаць, у тым ліку выпадковых сведкаў і журналістаў. На плошчы Якуба Коласа арыштавалі жанчын, якія збіраліся сустрэць калону выкананнем народных песень. У Менску і Горадні арыштавалі больш за 100 чалавек.

Беларускі спецназ затрымаў удзельніка Дня Волі ў цэнтры Менску 24 сакавіка 2002 года. Каля сотні апазіцыянераў прынялі ўдзел у акцыі.
Фота: Reuters/Forum

2003. Раскол і дзве малалікія акцыі

На 85-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі на Дзень Волі адбыўся раскол паміж арганізатарамі. Прадстаўнікі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ зладзілі шэсце па тагачасным праспекце Скарыны і сабраліся ля Галоўнага паштамту 23 сакавіка. АМАП разагнаў мітынгоўцаў. 25 сакавіка Партыя БНФ планавала ўскласці кветкі да помніка Янкі Купалы, але ўдзельнікаў акцыі таксама зачысцілі. Затрыманых удзельнікаў арыштоўвалі на тэрміны ад 5 да 15 содняў.

2004. Антырэкорд колькасці

Народныя гулянні фактычна не адбыліся. На Кастрычніцкую плошчу ў Менску прыйшло толькі каля 100 чалавек – гэта антырэкорд для 25 сакавіка. Людзі трымалі плакаты «Жыве БНР», «Жыве незалежная Беларусь» і «Беларусы маюць права абіраць уладу». Усіх, хто прыходзіў, затрымлівалі або выціскалі з плошчы сілавікі, некаторых збілі.

Каб застацца на плошчы, тры актывісты Дзяніс Буйніцкі, Валянцін Баранаў і Вячаслаў Сіўчык прыкавалі сябе ланцугамі да ліхтароў уздоўж праспекту Скарыны. Аднак іхныя плакаты парвалі, зубіламі перабілі ланцугі, а мужчынаў завезлі ва ўпраўленне ўнутраных справаў Цэнтральнага раёну. Затрыманні таксама прайшлі на плошчы Свабоды, дзе сабраліся малалікія дэманстранты. 12 чалавек трапілі пад адміністратыўны пераслед. Тады ў зачыстцы ўдзельнічалі і расейскія міліцыянты, якія былі ў Беларусі на стажаванні.

2005. «Рэвалюцыя» Клімава

Перад акцыяй у сталіцы адбыліся прэвентыўныя арышты, а таксама ў рэгіёнах затрымалі актывістаў, якія хацелі прыехаць на акцыю ў Менск. Святочны мітынг на Кастрычніцкай плошчы ініцыяваў былы прадпрымальнік і дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га склікання Андрэй Клімаў. Натхнёны памаранчавай рэвалюцыяй ва Украіне, Клімаў абвесціў, што беларуская рэвалюцыя адбудзецца 25 сакавіка 2005 года. На заклік палітыка на Кастрычніцкую плошчу прыйшлі каля 2 тысяч чалавек.

Беларускі апазіцыянер Андрэй Клімаў выкрыквае лозунгі, калі за яго спіной збіраюцца спецназаўцы падчас мітынгу ў Менску 25 сакавіка 2005 года.
Фота: Reuters / Forum

Мітынгоўцы заклікалі Лукашэнку сысці ў адстаўку. Акцыя працягвалася каля чатырох гадзінаў, яе ўдзельнікі не змаглі прарвацца праз атачэнне сілавікоў. Актывістаў выціснуў з плошчы АМАП, не менш як 30 чалавек затрымалі, некаторых моцна збілі. У чэрвені таго ж года Андрэя Клімава за «рэвалюцыю» пакаралі 1,5 гадамі «хіміі».

2006. Самы крывавы Дзень Волі

Гэта была самая жорсткая святочная акцыя. За тыдзень да 25 сакавіка адбыліся выбары прэзідэнта. Беларусы выйшлі пратэставаць супраць фальсіфікацыі выбараў, якія прайшлі 19 сакавіка. На Кастрычніцкай плошчы з’явіўся намётавы лагер. У ноч на 24 сакавіка міліцыя брутальна разагнала лагер і затрымала ўсіх пратэстоўцаў. 25 сакавіка апазіцыйныя лідары спрабавалі зноў зладзіць мітынг на Кастрычніцкай плошчы, каб «годна сустрэць Дзень Волі», але плошча была ачэпленая міліцыяй.

Спецназ выйшаў супраць дэманстрантаў падчас акцыі пратэсту ў Менску 25 сакавіка 2006 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Урэшце ўдзельнікі акцыі (ад 7 да 10 тысяч чалавек) сабраліся ў скверы Янкі Купалы. Пасля мітынгу кандыдат на прэзідэнцтва Аляксандр Казулін заклікаў пайсці на Акрэсціна, дзе сядзелі затрыманыя ўдзельнікі Плошчы, і патрабаваць іхнага вызвалення. За палітыкам рушылі каля 3 тысячаў чалавек. Для разгону шэсця АМАП і ўнутраныя войскі выкарыстоўвалі гумовыя кулі, святлошумавыя гранаты, дручкі ды слезацечны газ. Больш як 200 чалавек затрымалі і адправілі на содні. Казуліна пасадзілі на 5,5 гадоў «за злоснае хуліганства і арганізацыю масавых беспарадкаў».

Улады захавалі палітыку жорсткіх рэпрэсіяў у дачыненні мітынгоўцаў і падчас святкаванняў наступных гадоў.

Беларускі дэманстрант пінае дымавую шашку, выкарыстаную спецназам падчас дэманстрацыі ў Менску 25 сакавіка 2006 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

2007. Блакаванні медыяў і заблакаваны цэнтр

У 2007-м апазіцыя планавала зладзіць акцыю ў Дзень Волі на Кастрычніцкай плошчы, аднак улады забаранілі правядзенне імпрэзы ў цэнтры гораду. Сілавікі перакрылі Кастрычніцкую плошчу, на станцыях метро «Кастрычніцкая» і «Купалаўская» не спыняліся цягнікі. Перад акцыяй адбыліся прэвентыўныя затрыманні, былі заблакаваныя сайты незалежных медыяў.

Лідар апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч звяртаецца да натоўпу ў цэнтры Менска, 25 сакавіка 2007 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Дзве калоны тых, хто сабраўся з бел-чырвона-белымі сцягамі пад крыкі «Жыве Беларусь!» з Кастрычніцкай плошчы вялі лідар руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч і лідар Партыі БНФ Вінцук Вячорка. Мітынг адбыўся ў некалькіх кропках: каля цырку, ГУМу і Акадэміі навук. На мітынгу каля Акадэміі навук прысутнічалі паслы ЗША, Эстоніі, Нямеччыны, Чэхіі, Славаччыны, Латвіі, Польшчы, Румыніі і Літвы. Пасля завяршэння акцыі невялікая калона вырашыла прайсці да Нацыянальнай бібліятэкі, дзе адбываўся канцэрт БРСМ, але мітынгоўцаў спыніў АМАП, адбыліся сутычкі, затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек. На дэманстрацыю выйшлі ад 5 да 7 тысяч асобаў.

Пратэстоўца павалілі на зямлю ў цэнтры Менску, 25 сакавіка 2007 года. На святкаванне Дня Волі выйшлі каля 10 000 чалавек.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

2008. Зноў масавыя затрыманні

Акцыя была прымеркаваная да 90-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. На імпрэзу сабраліся каля 3 тысяч чалавек. Людзі выйшлі з расцяжкамі «Свабоду Казуліну!». Сілавікі зноў заблакавалі месца правядзення акцыі – гэтым разам плошчу Якуба Коласа. У выніку пратэстоўцы пачалі збірацца каля Акадэміі навук і плошчы Перамогі, адкуль іх выціскалі амапаўцы.

Міліцыя затрымала дзясяткі дэманстрантаў у Менску падчас несанкцыянаванага мітынгу, прымеркаванага да Дня Волі – 2008.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Акцыя на плошчы Перамогі скончылася разгонам і сутыкненнямі дэманстрантаў з міліцыяй. Каля сотні дэманстрантаў затрымала міліцыя, некаторых моцна збілі. Паводле міністра ўнутраных спрааў Беларусі Уладзіміра Навумава, падчас акцыі затрымалі апазіцыянераў, у асноўным падлеткаў і моладзь.

Міліцыя затрымала дзясяткі дэманстрантаў у Менску падчас несанкцыянаванага мітынгу, прымеркаванага да Дня Волі – 2008.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

2009–2010. Са згоды ўладаў і без затрыманняў

У 2009-м у Беларусі пачалася так званая лібералізацыя – Лукашэнка вырашыў наладзіць дачыненні з Захадам. Дзень Волі ў 2009 і 2010 гадах абышоўся без брутальных дзеянняў міліцыі. Мітынг прайшоў каля Акадэміі навук, куды прыйшлі 2–3 тысячы чалавек. Некаторыя актывісты палілі партрэты Лукашэнкі. Пасля завяршэння мітынгу моладзевыя актывісты вырашылі прайсці шэсцем да плошчы Якуба Коласа, спрабавалі выйсці на праезную частку. Аднак шлях ім перакрылі ланцугі амапаўцаў.

Партрэты Аляксандра Лукашэнкі палілі падчас мітынгу апазіцыі ў цэнтры Менску 25 сакавіка 2009 года. Больш за тысячу дэманстрантаў сабраліся ў сталіцы, каб адзначыць гадавіну заснавання незалежнай Беларускай Рэспублікі ў 1918 годзе.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Амаль тое самае адбылося ў 2010-м: прэвентыўныя затрыманні апазіцыйных лідараў, мітынг ля Акадэміі навук (каля 2 тысяч удзельнікаў), спроба групы моладзевых актывістаў зладзіць шэсце ў бок плошчы Перамогі. Шлях ім перакрыў АМАП. Дэманстранты вырашылі разысціся, скончылася без сутычак і затрыманняў.

25 сакавіка 2009 года, Дзень Волі. Тысячы дэманстрантаў сабраліся ў Менску са сцягамі Еўрапейскага Звязу, бел-чырвона-белымі сцягамі і транспарантамі за «Незалежнасць».
Фота: Рымакоў Вадзім / ТАСС / Форум

2011. Самая малалікая акцыя

Праз рэпрэсіі пасля Плошчы-2010 вулічныя акцыі фактычна не адбыліся. Дзень Волі праходзіў пад знакам салідарнасці з палітвязнямі. Адзінага плану святкавання не было. Апазіцыя падала заяўку на шэсце ад плошчы Якуба Коласа да скверу Янкі Купалы, аднак улады не дазволілі. Частка актывістаў пайшла ўскладаць кветкі да помніку Янку Купалу, а частка ўсё ж спрабавала сабрацца на плошчы Якуба Коласа.

Сілавікі ў цывільным нясуць апазіцыйнага актывіста ў цэнтры Менска 25 сакавіка 2011 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Аднак абодва пункты збору перакрылі сілавікі. Агулам затрымалі каля 50 актывістаў у Менску і каля 20 у рэгіёнах. Адзначыць Дзень Волі ў сталіцы спрабавалі не больш за 200 чалавек. Трох чалавек арыштавалі на непрацяглыя тэрміны.

Фатаграфіі лідараў «Маладога фронту» Дзмітрыя Дашкевіча і апазіцыйнага актывіста Эдуарда Лобава ляжаць з кветкамі ў цэнтры Менску 25 сакавіка 2011 года. Пратэстоўцы сабраліся ў сталіцы, каб адзначыць гадавіну заснавання БНР у 1918 годзе.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

2012–2016. Дазволеныя, але сумныя

Упершыню за пяць гадоў Менскі гарвыканкам дазволіў шэсце і мітынг да Дня Незалежнасці БНР. У 2012–2016 гады акцыі адбываліся санкцыянавана: збор каля кінатэатру «Кастрычнік» і шэсце да парку Дружбы народаў.

25 сакавіка 2012 года. Дэманстрант трымае плакат з надпісам: «Лукашэнка – тупік» падчас мітынгу перад будынкам Беларускай Нацыянальнай Акадэміі навук у Менску.
Фота: Рымакоў Вадзім / ТАСС / Форум

Дэманстранты звычайна не адхіляліся ад зацверджанага маршруту, аднак кропкавыя затрыманні ўсё ж адбываліся. У 2012-м на Дзень Волі нечакана прыйшло каля 4–5 тысяч чалавек.

Прыхільнікі апазіцыі выкрыкваюць лозунгі падчас мітынгу ў цэнтры Менску 25 сакавіка 2012 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

2013 – самы халодны Дзень Волі. У той дзень у сталіцы было каля 8 градусаў марозу. У шэсці і мітынгу ўдзельнічалі каля 1 тысячы чалавек. Прыкладна дзясятак чалавек затрымалі пасля мітынгу ў парку Дружбы народаў.

24 сакавіка 2013 года. Беларуская апазіцыя праводзіць санкцыянаваную акцыю з нагоды 95-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў цэнтры Менску.
Фота: Рымакоў Вадзім / ТАСС / Форум

З 2014 да 2016 года цягам трох гадоў у мітынгах і шэсцях бралі ўдзел каля 1–2 тысяч чалавек. У 2014 годзе да традыцыйнай тэматыкі незалежнасці дадалася салідарнасць з Украінай. Людзі выйшлі з украінскімі сцягамі і плакатамі падтрымання Украіны, гучаў лозунг «Слава Украіне – героям слава!».

25 сакавіка 2015 года. Пратэстоўцы маршыруюць падчас мітынгу да Дня Волі па менскім праспекце Незалежнасці.
Фота: Віктар Драчоў / ТАСС / Форум

У 2015 годзе акцыя прайшла згодна са сцэнаром уладаў. Удзельнікі сабраліся каля кінатэатру «Кастрычнік» і прайшлі шэсцем да парку Дружбы народаў. Упершыню моладзевыя актывісты выкарысталі крычалку часоў Майдану: «Хто не скача – той маскаль». Пазней крычалку прызналі экстрэмісцкай.

У 2016-м дэманстранты меліся рабіць тое ж самае, але не захацелі даходзіць да парку Дружбы народаў, а разышліся каля ўніверсаму «Рыга».

2017. Атмасфера страху

Святкаванне Дня Волі супала з агульнанацыянальнымі пратэстамі. З лютага беларусы пратэставалі супраць увядзення дэкрэту № 3, так званага «падатку на дармаедства». Напярэдадні Дня Волі сілавікі прэвентыўна затрымалі больш за 300 чалавек, у тым ліку амаль усіх апазіцыйных лідараў, 26 чалавек сталі фігурантамі «справы патрыётаў», сфабрыкаванай КДБ. Напярэдадні Дня Волі старшыня Менскага гарвыканкаму Андрэй Шорац заявіў, што шэсце паводле маршруту арганізатараў ён не дазваляе, і ўсе вулічныя акцыі 25 сакавіка будуць лічыцца незаконнымі. Людзей хацелі адправіць на плошчу Бангалор, якую шмат хто лічыць ганебным і непрымальным месцам для маніфестацыяў.

25 сакавіка 2017 года. Жанчына перад шыхтам АМАПу падчас несанкцыянаванай акцыі пратэсту пад назвай «Марш раззлаваных беларусаў». На Дзень Волі, прымеркаваны да 99-й гадавіны ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі людзі выйшлі на вуліцы, каб выказаць сваю нязгоду з падаткам на беспрацоўе.
Фота: Віктар Драчоў / ТАСС / Форум

Менск у той дзень быў амаль на ваенным становішчы. Упершыню з 2010 года для разгону мірных дэманстрантаў на вуліцы вывелі байцоў унутраных войскаў. Цэнтр гораду быў ачэплены, там была сканцэнтраваная вялікая колькасць міліцыі і ўнутраных войскаў, сцягнутая спецтэхніка. Усіх, хто падыходзіў да месцу збору (пляцоўка ля Акадэміі навук), хапалі. У выніку людзі, якія хацелі ўзяць удзел у акцыі, пайшлі па праспекце з боку Кастрычніцкай плошчы, але праспект цалкам перакрыў міліцэйскі спецназ са шчытамі. Адбылася брутальная зачыстка: больш за 700 чалавек затрымалі, некаторых моцна збілі.

Дзень Волі – 2017 захаваецца ў гісторыі яшчэ і дзякуючы нечуванай масавасці акцыяў у рэгіёнах. Сотні людзей у розных гарадах краіны выйшлі на вуліцы, разам з імі былі і некаторыя вядомыя палітычныя асобы.

2018. БНР-100

Святкаванне 100-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі было шматтысячнае і ўпершыню за шмат гадоў прайшло без істотных інцыдэнтаў. Акцыя мела выключна святочны фармат, без пратэставага мітынгу. Ля Опернага тэатру адбыўся вялікі канцэрт, які быў санкцыянаваны ўладамі. Свята незалежнасці наведалі ад 20 да 50 тысяч чалавек.

Мікалай Статкевіч заклікаў прыхільнікаў сабрацца на плошчы Якуба Коласа і прайсці шэсцем да Оперы, каб далучыцца да святкавання. Аднак пратэставая акцыя Статкевіча не адбылася. Усіх, хто прыходзіў на плошчу Якуба Коласа ў прызначаны час, забіралі ў аўтазакі. Статкевіча ды іншых арганізатараў затрымалі прэвентыўна. Агулам у Беларусі затрымалі каля 120 чалавек (у тым ліку 5 журналістаў «Белсату»). Большасць адпусцілі без складання пратаколаў.

Дзень Волі 2018. Канцэрт каля Опернага тэатру.
Фота: Reuters

2019. Канцэрты і затрыманыя музыкі

Аляксандр Лукашэнка забараніў святкаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100.

«Ідзіце на Бангалор, там абсталяванае месца для правядзення падобных акцый. Навошта лезеце на стадыён? Не трацьце нервы, не ідзіце на канфрантацыю. 100-годдзе – вялікая дата, адсвяткавалі – і ўсё, хопіць», – сказаў ён.

Таму Дзень Волі – 2019 адзначалі двума канцэртамі 23 і 24 сакавіка. У Горадні 23 сакавіка ў Каложскім парку сабралася каля 5000 людзей. Менскую імпрэзу ў Кіеўскім скверы наведалі ад 3000 да 7000. Не абышлося без затрыманняў. У Менску затрымалі Змітра Дашкевіча, бо ён выступіў з эмацыйнай прамоваю і заклікаў прыходзіць на штодзённую вахту ў Курапаты каля скандальна вядомай рэстарацыі «Паедзем паядзім». Агулам 15 затрыманых, у тым ліку вядомыя беларускія музыкі Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч, Павел Аракелян і Зміцер Вайцюшкевіч – вынік свята «БНР101».

Дзень Волі-2019. Фота Belsat.eu

2020. Пандэмія

У 2020 упершыню не было святочных акцыяў на Дзень Волі. Масавыя імпрэзы змусіла адмяніць сусветная пандэмія каронавіруса.

2021. ?

Непакой і трывогу адчуваюць тысячы беларусаў перад адной з галоўных масавых акцыяў года – Днём Волі – 2021. Ініцыятыва беларускіх сілавікоў «BYPOL» папярэдзіла ў сваім тэлеграм-канале, што 25 сакавіка дзейныя ўлады рыхтуюць тэракт.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў