BYPOL: Улады рыхтуюць тэракт 25 сакавіка, каб увесці надзвычайнае становішча


Акцыя салідарнасці з працаўнікамі МТЗ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Дзейныя ўлады рыхтуюць тэракт «напярэдадні адной з самых чаканых сёння ў Беларусі падзеяў – Дня Волі». Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведамляе ініцыятыва беларускіх сілавікоў «BYPOL».

Як заяўляецца, тэракт 25 сакавіка «развяжа дыктатару рукі для ўвядзення ў краіне надзвычайнага становішча» дзеля «дыскрэдытацыі пратэставага руху і яго поўнай ліквідацыі сіламі Камітэту дзяржаўнай бяспекі». Злачынства нібыта рыхтуецца «ў адным з будынкаў органаў унутраных справаў».

У «BYPOL» нагадалі, што 11 сакавіка Аляксандр Лукашэнка казаў пра гатовасць весці вайну ўнутры краіны, на наступны дзень кіраўнік МУС накіраваў сакрэтны запыт да міністра абароны аб прыцягненні ўзброеных сілаў да аховы грамадскага парадку 25 сакавіка, а 21 сакавіка Лукашэнка абвінавачваў прыхільнікаў бел-чырвона-белага сцяга.

Прадстаўнікі ініцыятывы папярэдзілі тых, хто рыхтуе тэракт, пра тое, што дэталёва ведаюць планы правакацыі і паведамілі пра іх міжнароднай супольнасці. Яны таксама заклікалі дзяржаўных службоцаў і людзей у пагонах не калечыць і не забіваць беларусаў «дзеля захавання ўлады аднаго кіраўніка, які з’ехаў з глузду».

«Мы заяўляем, што ні адно здзейсненае вамі злачынства не застанецца беспакараным», – заявілі ў «BYPOL».

Пры гэтым прадстаўнікі ініцыятывы адзначылі, што гэтая інфармацыя не павінна адмяніць планы святкавання Дня Волі. Яны заклікалі пратэстоўцаў «быць больш уважлівымі і трымацца далей ад адміністрацыйных будынкаў (асабліва будынкаў органаў унутраных справаў), а таксама, па магчымасці, пазбягаць паслугаў грамадскага транспарту». Аб падазроных прадметах раяць неадкладна паведамляць у міліцыю.

Hавiны
Кіраўнік КДБ распавёў пра тры магчымыя сцэнары развіцця сітуацыі 25–27 сакавіка, вядомыя спецслужбам
2021.03.10 09:10

Раней кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» распавёў пра магчымыя правакацыі і спробу дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне 25–27 сакавіка, а таксама агучыў тры магчымыя сцэнары развіцця падзеяў, нібыта вядомыя спецслужбам. Перад эфірам Церцель пабываў з справаздачаю ў Лукашэнкі.

Паводле першага сцэнару, будзе пададзеная заяўка на правядзенне Дня Волі 25 сакавіка. Далей – збор людзей на плошчы Якуба Коласа, марш да Тэатру оперы і балету, затым – некантраляваны выхад людзей і сутыкненне з праваахоўнікамі. «Магчымыя больш жорсткія сцэнары з удзелам трэціх асобаў і нанясеннем калецтваў грамадзянам, якія будуць у тым ліку ў раёне гэтых мерапрыемстваў», – дадаў Іван Церцель.

Паводле другога варыянту шэсця, збор людзей можа пачацца ў раёне плошчы Бангалор. Арганізатары «эмацыйна падагрэюць грамадзянаў» і павядуць іх у цэнтральныя раёны гораду, дзе пачнуць правакаваць праваахоўнікаў.

Трэці сцэнар, са словаў Церцеля, распрацаваны ў апазіцыі на выпадак забароны акцыі: грамадзянамі «будуць маніпуляваць» у інфармацыйнай прасторы і з дапамогаю Telegram-каналаў заклікаць іх на несанкцыянаваныя мітынгі, дзе плануюцца сутыкненні з праваахоўнікамі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў