Анджэліку Борыс арыштавалі на 15 содняў


Старшыні Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліцы Борыс прызначылі 15 содняў адміністратыўнага арышту. Кіраўніцу арганізацыі абвінавацілі ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства, паведаміў «Белсату» гарадзенскі журналіст і сябра Саюзу палякаў Анджэй Пачобут.

Кіраўніцу Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліку Борыс затрымалі ў ейнай кватэры ўчора і абвінавацілі ў парушэнні арт. 23.34 КаАП Беларусі («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства). Сёння стала вядома, што Анджэліку Борыс судзяць за арганізацыю традыцыйнага штогадовага свята-кірмашу Казюк, які прайшоў 7 сакавіка.

«Судзілі паводле артыкулу за нелегальнае масавае мерапрыемства. У прыватнасці, за кірмаш Казюк, які ладзіцца на ўгодкі смерці святога Казіміра. Штогод адзначаецца свята ў Горадні, а вось сёлета такім чынам да гэтага паставіліся. Суд быў закрыты, на тэрыторыі ІЧУ. Сведкамі былі міліцыянты. Быў толькі адвакат, больш нікога не пусцілі», – распавёў «Белсату» гарадзенскі журналіст і сябра Саюзу палякаў Анджэй Пачобут.

Анджэліка Борыс

Пасля затрымання Анджэлікі Борыс у польскі МЗС выклікалі Аляксандра Часноўскага, саветніка-пасланніка ў гандлёва-эканамічных пытаннях амбасады Беларусі ў Польшчы. Што менавіта абмяркоўвалася ў МЗС, дыпламат не адказаў.

«Я не магу зараз даваць ніякіх каментароў. Дзякуй вялікі», – адказаў коратка спадар Часноўскі на пытанні журналіста «Белсату».

МЗС Польшчы на сваёй старонцы пракаментавала візіт беларускага дыпламата.

«МЗС выказвае сваю нязгоду з затрыманнем беларускімі службамі Анджэлікі Борыс, старшыні Саюзу палякаў Беларусі. Вечарам саветніка-пасланніка беларускай амбасады выклікалі ў МЗС Польшчы. Прадстаўнік беларускай дыпламатыі атрымаў недвухсэнсоўнае паведамленне пра тое, што дзеянні ўладаў Беларусі супярэчаць міжнародным абавязкам Беларусі па абароне нацыянальных меншасцяў і двухбаковым польска-беларускім абавязкам па абароне польскай меншасці. Дзейнасць Саюзу палякаў у Беларусі накіраваная на пашырэнне польскай культуры і традыцыяў, падтрыманне польскай адукацыі і вывучэнне польскай мовы. Арышт Анджэлікі Борыс, абранай некалькі дзён таму на новы тэрмін, раўназначны выгнанню польскасці, і не толькі ўплывае на добрыя дачыненні з Польшчаю, але і ўплывае на традыцыйны мультыкультуралізм. Мы заклікаем як мага хутчэй вызваліць старшыню Саюзу палякаў Беларусі і пакласці канец адвольнаму пераследу прадстаўнікоў польскай меншасці».

Hавiны
Беларускі дыпламат наведаў МЗС Польшчы: «Я не магу зараз даваць ніякіх каментароў»
2021.03.24 00:56

У сакавіку паміж Менскам і Варшаваю адбыўся дыпламатычны канфлікт. 9 сакавіка МЗС Беларусі заявіла пратэст у сувязі з удзелам польскага консула ў Берасці Ежы Цімафеюка ў імпрэзе, прысвечанай Дню «выклятых жаўнераў», і прапанавала пакінуць тэрыторыю Беларусі. На наступны дзень Польшча прызнала персонай нон грата дыпламата беларускай амбасады ў Варшаве. Пазней афіцыйны Менск паведаміў пра высылку польскага консула ў Горадні Ярослава Ксёнжэка.

Паралельна пракурор Берасця распачаў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу за імпрэзу памяці «выклятых жаўнераў», якая адбылася 28 лютага ў памяшканні, арандаваным «Форумам польскіх лякальных ініцыятываў» і «Польскай школай». 11 сакавіка сілавікі затрымалі аднаго з сузаснавальнікаў «Польскай школы» Аляксандра Н., а 12 сакавіка – дырэктарку школы Ганну Панішаву.

Абноўлена
Сілавікі затрымалі старшыню Саюзу палякаў Анджэліку Борыс
2021.03.23 19:04

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў