Анджэй Пачобут: Лукашэнку патрэбны знешні вораг. Нібыта ён такі славянскі герой, які бароніць рубяжы


Эскалацыя канфлікту паміж афіцыйным Менскам і Польшчай набірае хуткасць. Старшыні Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліцы Борыс 24 сакавіка прызначылі 15 содняў адміністратыўнага арышту. Яе асудзілі за арганізацыю традыцыйнага свята-кірмашу Казюкі. Свята адзначалася штогод, што ж адбылося цяпер?

Гэта – шырокая антыпольская кампанія, мэта якой – стварэнне вобраза знешняга ворагу, ад якога нібыта бароніць краіну Лукашэнка. Такое меркаванне ў «Студыі» «Белсату» выказаў Анджэй Пачобут, журналіст, публіцыст і сябра Саюзу палякаў.

Анджэй Пачобут падкрэслівае, што ад пачатку сакавіка дзяржаўныя тэлеканалы, дзяржаўны апарат прапаганды праводзяць такую жорсткую антыпольскую кампанію, якая прывяла ўжо да выдалення дыпламатаў, да ўзбуджэння крымінальных справаў у дачыненні да настаўнікаў [польскай мовы] і да кантролю ў пунктах і грамадскіх школах, дзе вывучаецца польская мова.

«Мы маем справу з шырокай антыпольскай кампаніяй, адной з праяваў гэтай кампаніі з’яўляецца арышт і прысуд спадарыні старшыні Саюзу палякаў», – гаворыць спадар Пачобут.

Паводле яго, спробы знішчыць Саюз палякаў працягваюцца ўвесь час, проста розныя сродкі ўлады выкарыстоўваюць – ад такіх, як арышт, крымінальныя справы ці іншага кшталту пераслед, да такіх «больш інтэлігентных», калі дэзынфармацыя ўкідваецца, робяцца спробы пасварыць, падзяліць Саюз палякаў і гэтак далей.

«За апошнія 15 гадоў мы шмат што зведалі, таму нас цяжка здзівіць нейкімі паводзінамі беларускіх уладаў», – гаворыць публіцыст.

Hавiны
Польшча звярнулася да беларускіх уладаў з заклікам спыніць пераслед палякаў
2021.03.24 19:16

Ён мяркуе, што Польшча будзе актыўна рэагаваць на дзеянні беларускіх уладаў, таму што «кампанія, якую праводзяць беларускія ўлады, – вельмі брудная».

«Калі паглядзець дзяржаўнае тэлебачанне, калі паслухаць, што кажуць там пра гісторыю Польшчы, пра палякаў, пра Польшчу як краіну, якія эпітэты надаюцца, то я думаю, што абсалютна зразумела, што Польшча вымушаная будзе рэагаваць на гэта», – мяркуе Анджэй Пачобут.

Паводле суразмоўцы, мэта Лукашэнкі – зразумелая.

«Мэта Лукашэнкі – правакацыя, таму што яму патрэбны знешні вораг, яму патрэбная сітуацыя, у якой ён ужо не выступае палітыкам, які прайграў прэзідэнцкія выбары і змагаецца са сваім народам, а ён такі славянскі герой, які бароніць рубяжы. Вось такі вобраз ён спрабуе навязаць беларускаму грамадству.

І для гэтага яму патрэбны канфлікт з Польшчай. Ну, а польская нацыянальная меншасць традыцыйна трактуецца як закладнікі», – адзначае Анджэй Пачобут.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў