Адвакаты Зікрацкі, Ляскоўскі і Баранчык не прайшлі пераатэстацыю


Адвакат Каці Андрэевай Сяргей Зікрацкі. Трэці дзень суда над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Менск, Беларусь. 17 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Чарговы шэраг беларускіх адвакатаў не прайшоў пазачарговай пераатэстацыі. Пра гэта паведамляе TUT.by.

Сярод тых, хто не прайшоў пераатэстацыю – адвакат Сяргей Зікрацкі, які абараняў журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву, TUT.BY і супрацоўнікаў Прэс-клубу.

Інтэрв’ю
Сяргей Зікрацкі: «Калі пакласці на адну чашу шаляў ліцэнзію, а на другую – свабоду слова, я абяру другую»
2021.03.23 21:43

«Кваліфікацыйная камісія прызнала, што я валодаю недастатковай кваліфікацыяй, каб у далейшым працаваць адвакатам. Члены Кваліфікацыйнай камісіі прагаласавалі. Я яшчэ нейкі час папрацую, пакуль у мяне афіцыйна не забяруць ліцэнзію, але тое, што яе забяруць, – хутчэй ужо пытанне тэхнічнае, чым юрыдычнае. Наступнае пасяджэнне Кваліфікацыйнай камісіі, дзе будзе вырашацца гэтае пытанне, павінна адбыцца 22 красавіка», – распавёў адвакат.

Ён не выключыў, што камісію могуць склікаць і раней.

Нагадаем, падставаю для выкліку на пераатэстацыю стаў шэраг каментароў Сяргея Зікрацкага ў медыях. Міністэрства юстыцыі палічыла, што гэтыя каментары не цалкам адпавядаюць заканадаўству, а таму сведчаць аб неналежным выкананні адвакатам сваіх прафесійных абавязкаў.

Пазачарговую пераатэстацыю не прайшлі таксама Вольга Баранчык і Барыс Ляскоўскі. Яны былі адпаведна старшынёй і сябрам дысцыплінарнай камісіі Менскай абласной калегіі адвакатаў, перадае «Еўрарадыё».

Hавiны
Марыя Калеснікава непакоіцца, што можа застацца без адвакатаў
2021.02.25 16:20

За апошнія некалькі месяцаў Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адвакатаў Марыі Калеснікавай Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак. Акрамя таго, ліцэнзіяў пазбаўленыя адвакаты Канстанцін Міхель, Міхаіл Кірылюк, Максім Конан, Юлія Леванчук. Без ліцэнзіі можа застацца Уладзімір Сазанчук, які абараняе палітыка Мікалая Статкевіча, блогера Дзмітрыя Казлова і журналістку Кацярыну Андрэеву.

Таксама рыхтуецца законапраект «Аб змяненні законаў у пытаннях адвакацкай дзейнасці», які можа забараніць адвакатам, якія працуюць індывідуальна, і адвакацкім бюро абараняць людзей у крымінальных і адміністратыўных справах.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў