228-ы дзень пратэстаў. Рыхтаванне да Дня Волі, ААН прыняла рэзалюцыю адносна Беларусі


Акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыяў з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі, прававога бязмежжа і гвалту сілавікоў працягваюцца ў Беларусі 228 дзён. «Белсат» падводзіць вынікі гэтага дня.

Рэзалюцыя ААН аб Беларусі

24 сакавіка Рада ў правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў прыняла рэзалюцыю аб Беларусі.

За рэзалюцыю, прапанаваную Еўрапейскім Звязам, прагаласавалі 20 краінаў, супраць – 6. Яшчэ 20 устрымаліся. Галасавалі супраць Венесуэла, Кітай, Куба, Расея, Філіпіны і Эрытрэя.

Дакумент абавязвае офіс Вярхоўнага камісара ААН у сферы правоў чалавека збіраць, аналізаваць і захоўваць доказы рэпрэсіяў у Беларусі падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года для прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Мічэль Бачэлет 25 лютага ў Жэневе на 46-й сесіі Рады ААН у справе правоў чалавека прэзентавала справаздачу аб сітуацыі ў Беларусі.

«Падзеі, якія разгарнуліся да і беспасярэдне пасля выбараў, прывялі да крызісу беспрэцэдэнтных маштабаў у галіне правоў чалавека», – заявіла спадарыня Бачэлет.

Hавiны
Даклад вярхоўнага камісара ААН: У Беларусі – крызіс беспрэцэдэнтных маштабаў у галіне правоў чалавека
2021.02.25 18:55

«BYPOL»: Улады рыхтуюць тэракт 25 сакавіка

Улады рыхтуюць тэракт «напярэдадні адной з самых чаканых сёння ў Беларусі падзеяў – Дня Волі». Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведамляе ініцыятыва беларускіх сілавікоў «BYPOL».

Як заяўляецца, тэракт 25 сакавіка «развяжа дыктатару рукі для ўвядзення ў краіне надзвычайнага становішча» дзеля «дыскрэдытацыі пратэставага руху і яго поўнай ліквідацыі сіламі Камітэту дзяржаўнай бяспекі». Злачынства нібыта рыхтуецца «ў адным з будынкаў органаў унутраных справаў».

Hавiны
BYPOL: Улады рыхтуюць тэракт 25 сакавіка, каб увесці надзвычайнае становішча
2021.03.24 08:35

 

Былы супрацоўнік спецпадраздзялення «Алмаз» МУС Беларусі Ігар Макар звярнуўся з відэазваротам да кіраўніка КДБ Беларусі Івана Церцеля. У выступе былы спецназавец заявіў, што мае доказы таго, што ў Беларусі да Дня Волі рыхтуюцца правакацыі, якія могуць прывесці да ахвяраў. Паводле яго, у выпадку ўчынення правакацыяў кіраўнік КДБ нашмат хутчэй апынецца на лаве падсудных у новай Беларусі.

Арышты, прысуды, пераслед

Старшыні Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліцы Борыс прызначылі 15 содняў адміністратыўнага арышту. Кіраўніцу арганізацыі абвінавацілі ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства, паведаміў «Белсату» гарадзенскі журналіст і сябра Саюзу палякаў Анджэй Пачобут.

«Судзілі паводле артыкулу за нелегальнае масавае мерапрыемства. У прыватнасці, за кірмаш Казюк, які ладзіцца на ўгодкі смерці святога Казіміра. Штогод адзначаецца свята ў Горадні, а вось сёлета такім чынам да гэтага паставіліся. Суд быў закрыты, на тэрыторыі ІЧУ. Сведкамі былі міліцыянты. Быў толькі адвакат, больш нікога не пусцілі», – распавёў «Белсату» гарадзенскі журналіст і сябра Саюзу палякаў Анджэй Пачобут.

Старшыня Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс. Крыніца: Znadniemna.pl

Вядомую перакладчыцу і выкладчыцу англійскай мовы Вольгу Калацкую суд прызнаў вінаватай у злосным хуліганстве за тое, што жанчына падчас адной з акцыяў пратэсту ўдарыла працаўніка СТВ Грыгорыя Азаронка, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Вользе Калацкай, якая дала дзве поўхі прапагандысту Азаронку, прысудзілі два гады «хатняй хіміі».
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Пацярпелы Азаронак на судзе сведчыў, што заяўляў, каб Калацкую не прыцягвалі да адказнасці, бо ён не мае матэрыяльных прэтэнзіяў да абвінавачанай і не чакае выбачэнняў, бо не лічыць сябе абражаным.

Пачынаецца суд над Вольгай Калацкай.
Фота: АВ / Белсат

Вольга распавядала, што была абражаная пытаннямі ды паводзінамі Азаронка і ў стане эмацыйнага ўзбуджэння, не стрымаўшыся, дала яму поўху – гэта быў чыста сімвалічны жэст.

Суд пакараў Вольгу Калацкую абмежаваннем волі тэрмінам на 2 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

У судзе Фрунзенскага раёну сталіцы вынеслі прысуд палітвязню, дызайнеру Дзмітрыю Кубараву. Палітычнага зняволенага прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 293 КК («Арганізацыя масавых беспарадкаў») і пакаралі 7 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе карэспандэнт «Белсату».

Палітвязень Дзмітрый Кубараў. 15 сакавіка 2021.
Фота: Белсат

Паводле абвінавачання, з 9 да 12 жніўня Дзмітрый Кубараў заклікаў людзей да актыўнага ўдзелу ў масавых беспарадках. А таксама і сам арганізоўваў масавыя беспарадкі і ўдзельнічаў у іх. Акрамя таго, ён меў намер рабіць кактэйлі Молатава.

Дызайнера Дзмітрыя Кубарава затрымалі 11 жніўня. На судзе Дзмітрый не прызнаў сваю віну і заявіў, што яго катавалі пасля затрымання.

Hавiны
У 2020 годзе ўлады пакаралі больш за 20 000 удзельнікаў пратэстаў
2021.03.24 17:41

Чарговы шэраг беларускіх адвакатаў не прайшоў пераатэстацыі

Сярод тых, хто не прайшоў пераатэстацыю – адвакат Сяргей Зікрацкі, які абараняў журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву, TUT.BY і супрацоўнікаў Прэс-клубу. Пазачарговую пераатэстацыю не прайшлі таксама Вольга Баранчык і Барыс Ляскоўскі. Яны былі адпаведна старшынёй і сябрам дысцыплінарнай камісіі Менскай абласной калегіі адвакатаў

«Кваліфікацыйная камісія прызнала, што я валодаю недастатковай кваліфікацыяй, каб у далейшым працаваць адвакатам. Члены Кваліфікацыйнай камісіі прагаласавалі. Я яшчэ нейкі час папрацую, пакуль у мяне афіцыйна не забяруць ліцэнзію, але тое, што яе забяруць, – хутчэй ужо пытанне тэхнічнае, чым юрыдычнае. Наступнае пасяджэнне Кваліфікацыйнай камісіі, дзе будзе вырашацца гэтае пытанне, павінна адбыцца 22 красавіка», – распавёў Сяргей Зікрацкі.

Ён не выключыў, што камісію могуць склікаць і раней.

Нагадаем, падставаю для выкліку на пераатэстацыю стаў шэраг каментароў Сяргея Зікрацкага ў медыях. Міністэрства юстыцыі палічыла, што гэтыя каментары не цалкам адпавядаюць заканадаўству, а таму сведчаць аб неналежным выкананні адвакатам сваіх прафесійных абавязкаў.

Hавiны
Няўдалая «рэвалюцыя», ваеннае становішча і атмасфера страху. Як адзначалі Дзень Волі апошнія 20 гадоў
2021.03.24 21:43

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў