«Яны вяртаюцца зараз бараніць сваю краіну». Што адбываецца на польска-ўкраінскім памежжы?


Расейскае ўварванне ва Украіну вымусіла многіх украінцаў пакінуць свой дом і накіравацца ў больш бяспечныя месцы. Наш калега Алесь Баразенка ў жывым эфіры Белсату распавёў пра тое, як па стане на вечар 24 лютага выглядала сітуацыя на памежным пераходзе каля польскага мястэчка Медыка, праз які ўцекачы з Украіны пакідалі сваю краіну, ратуючыся ад расейскай агрэсіі.

Памежны пераход Медыка – Шэгыні звязвае Падкарпацкае ваяводства Польшчы са Львоўскай вобласцю Украіны. На гэтым пераходзе дазволена мінаць мяжу не толькі на аўтах, але і пешкі. Паводле карэспандэнта Алеся Баразенкі, частка ўкраінцаў сёння пакінула краіну праз гэтае месца, але гэты рух нельга было назваць масавым. У гэты ж час назіраўся і рух у адваротным напрамку.

«Вяртаюцца маладыя хлопцы, вяртаюцца мужчыны, якія працавалі за мяжою, яны вяртаюцца зараз бараніць сваю краіну».

Па інфармацыі Белсату, з украінскага боку цяпер стаяць вялізныя аўтамабільныя чэргі. Гэта звязана з тым, што кіроўцам не хапае паліва, і некаторыя з іх спрабуюць набыць паліва на польскай тэрыторыі.

«Мы былі таксама сведкамі таго, што і ў памежных польскіх мястэчках ёсць дэфіцыт аўтамабільнага паліва. Людзі, якія едуць ва Украіну, набываюць па некалькі каністраў і вязуць туды бензін».

Алесь Баразенка звяртае ўвагу на тое, што польскія ўлады ды мясцовыя валанцёры дапамагаюць уцекачам з Украіны, як толькі тыя трапляюць на польскі бок. Людзям прапануюць начлег, транспарт, гарачае пітво і ежу.

«Польскія ўлады вельмі актыўна ўключыліся ў патрэбную дапамогу для ўкраінцаў, прынамсі, тут у Медыцы выдзеленая спартовая зала для тых, каму няма куды ехаць, яны змогуць тут застацца ў імправізаваным цэнтры для перасяленцаў на некаторы час. І ўлады іншых гарадоў зараз займаюцца тым, каб зладзіць дапамогу ўкраінцам, якія будуць вымушаныя з’язджаць са сваёй краіны».

Поўную размову з журналістам Алесем Баразенкам можна паглядзець тут:

ВК, Belsat.

Стужка навінаў