Расея напала на Украіну. Агляд галоўных падзеяў першага дня вайны


«Белсат» падводзіць вынікі першага дня поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі чацвярга, 24 лютага, чытайце ў нашым аглядзе.

Каля 4-й гадзіны раніцы па беларускім часе 24 лютага ўкраінцы прачнуліся ад гукаў выбухаў – Расея ўсё ж ажыццявіла вайсковы ўзброены напад.

Уладзімір Пуцін абвясціў аб пачатку вайсковай аперацыі на Данбасе, аднак напады былі здзейсненыя адразу па 10 рэгіёнах Украіны, у першую чаргу на ўсходзе і поўдні краіны.

Hавiны
«Бліцкрыг у Пуціна не атрымліваецца». Аналітык падвёў вынікі першага дня вайны
2022.02.24 23:38

Ва Украіне ўвялі ваеннае становішча, паветраная прастора над краінай была закрытая. Часткова паветраную прастору закрыла таксама Беларусь, некаторыя рэйсы з менскага аэрапорту адмененыя.

Прэзідэнт Украіны і лідары заходніх краін абвесцілі аб стварэнні «антыпуцінскай кааліцыі». Джо Байдэн паведаміў, што паміж Расеяй і ЗША адбыўся поўны разрыў. Таксама прэзідэнт ЗША заявіў, што не плануе перамоваў з Пуціным. Адначасова Байдэн паабяцаў «разбуральныя пакеты санкцыяў» супраць Расеі. Пра амерыканскія войскі прэзідэнт ЗША заявіў, што яны не будуць ваяваць ва Украіне, аднак будзе ўзмацняцца ўсходні кірунак – Літва, Эстонія, Польшча, Румынія. Дадатковыя войскі ЗША накіраваныя ў Нямеччыну.

Аб’ектыў
Уладзімір Зяленскі расейцам: выходзьце на плошчы, звяртайцеся да прэзідэнта вашай краіны
2022.02.24 23:25

У шэрагу краінаў па ўсім свеце прайшлі акцыі ў падтрымку Украіны і супраць агрэсіі Расеі. У самой Расеі людзі таксама выйшлі на акцыі, але іх пачалі затрымліваць. МУС Расеі паведаміў пра больш чым 600 затрыманых.

Расейскія войскі захапілі цалкам кантралююць Мелітопаль у Запарожскай вобласці. Таксама былі захопленыя Чарнобыльская зона і ўсе аб’екты ЧАЭС, востраў Змяіны ў Адэскай вобласці.

Мінздароўя Украіны паведаміў, што цягам першага дню вайны ў выніку нападу расейскай арміі загінулі 57 чалавек, 169 атрымалі раненні.

Дарадчык кіраўніка Офісу Прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч паведаміў, што сярод расейцаў за першы дзень вайны амаль 400 забітых.

Паводле кіраўніка Львоўскай мытні Данііла Меншыкава, з Украіны перасталі выпускаць мужчын узростам ад 18 да 60 гадоў.

Польшча зладзіла пункты прыёму ўцекачоў у Люблінскім і Падкарпацкім ваяводствах, якія мяжуюць з Украінай.

Фота
Ад Харкава да Львова: якая цяпер сітуацыя ва ўкраінскіх гарадах
2022.02.24 12:28

Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская ў сувязі з удзелам Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны 24 лютага пастанавіла афіцыйна ўзяць на сябе абвязкі прадстаўніка Беларусі. На падставе паўнамоцтваў, дадзеных «беларускім народам у выніку прэзідэнцкіх выбараў 2020 года», Святлана Ціханоўская ўзяла «на сябе адказнасць з сённяшняга дня адстойваць незалежнасць і нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь».

Раніцаю 24 лютага Аляксандр Лукашэнка правёў у Палацы незалежнасці экстранную нараду з кіраўніцтвам Узброеных сілаў Беларусі. Ён заявіў, што сам папрасіў Пуціна пакінуць расейскія войскі ў Беларусі і што беларускіх вайскоўцаў ва Украіне няма, але пры неабходнасці яны там будуць. Назваў міністра абароны Украіны мярзотнікам і заявіў, што «рэферэндум» не адмяняецца.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў