«Пуцін не выйдзе жывым з вайны». Расейскія палітыкі, зоркі і эксперты абмяркоўваюць вайну з Украінаю


Расейскія дзеячы ў сваіх сацсетках і інтэрв’ю раскрытыкавалі напад Расеі на Украіну. «Белсат» публікуе невялікі падбор.

Абстраляны шматкватэрны дом у Чугуеве Харкаўскай вобласці, дзе загінуў няпоўнагадовы хлопчык.
Фота: Getty Images

Леанід Гозман, палітык: «Вайна з Украінаю не можа даць Расеі нічога добрага, як бы яна ні працякала. Ні сама Украіна, ні яе ўступленне ў NATO не ўяўляюць для нас пагрозы (пагрозу для Расеі ўяўляе яе ўласная ўлада, а для расейскага рэжыму – устанаўленне ва Украіне стабільнай і эфектыўнай дэмакратыі, але гэта іншае пытанне). У выпадку вайны Расею чакаюць велізарныя людскія страты, рэзкае пагаршэнне эканамічнага становішча, абвастрэнне ўсіх сацыяльных праблемаў, поўная ізаляцыя і ператварэнне краіны ў ваенны лагер».

Лія Ахеджакава, акторка: «Вось гэты новы «падручнік гісторыі», які мы пачулі, – гэта дадатак да гэтых пушыліных, матаролаў і ўсяго гэтага жаху. Я думаю, што здарылася нешта непапраўнае, гэта сапраўды пахне абвяшчэннем вайны ўсяму свету. Гэта нешта неймавернае, неймавернае ў няздольнасці і подласці. Мне здаецца, што наступствы будуць вельмі цяжкімі. Калі на чале дабрабыту краіны стаіць не эканоміка, а сілавікі розных масцяў – вось гэта страшна».

Юрый Дудзь, журналіст: «Гэтую ўладу я не выбіраў, яе імперскі ўгар я не падтрымліваў. Я вырас у Расеі, Расея – мая Радзіма, я з пяшчотай і любоўю нашу трыкалор на руцэ. Але Украіне, радзіме родных і дому сяброў, – маё максімальнае падтрыманне ў гэтыя дні. Расеі, Украіне, міру – мір».

Кацярына Шульман, палітолаг:

«Калі вы лічыце сваю працу карыснаю для людзей, не кідайце яе. Ранейшая жыццё адышло, надыходзіць новае – яно больш беднае, небяспечнае і абмежаванае, але гэта не прычына мяняць сваіх прынцыпаў. Дабро і зло не мяняюцца месцамі ад перамены нашых асабістых абставінаў. Fais ce que dois, advienne, que pourra. Рабі, што павінен, і будзь, што будзе».

Любоў Собаль, палітык: «Не ведаю, што яшчэ дадаць да гэтых словаў. Вайна – гэта найгоршае, што ёсць на свеце. Не – вайне».

Валерый Меладзэ, спявак: «Людзі мусяць умець дамаўляцца, для гэтага нам дадзеныя мова, для гэтага нам дадзеныя ўсе здольнасці. Людзі не павінны гінуць, гэта трэба спыніць».

Андрэй Кураеў, праваслаўны дыякан: «Інтэрвенцыя пачалася. Хто яшчэ верыць прапагандзе? У 2014-м крамлёўцы запэўнівалі, што Крым паўстаў стыхійна, што ўкраінскія вайсковыя базы блакуюць мясцовыя добраахвотнікі, што ветлівыя людзі ва ўніформе без апазнавальных знакаў не маюць дачынення да УС РФ. Потым прызналі, што аперацыя рыхтавалася і праводзілася з ініцыятывы ды на загад крамлёўскага доўгажыхара. Усю гэтую зіму тыя ж прапагандысты адмазвалі відавочнае. Расея, маўляў, не рыхтуецца ўварвацца ва Украіну. Я адмаўляўся здзяйсняць гвалт над сваім розумам. І вось найгоршыя чаканні споўніліся. Пад гукі салюту ў гонар «дня абаронцы Айчыны» армія Расеі адкрыта ўварвалася ў іншую краіну і бамбіць яе гарады па ўсёй яе тэрыторыі».

Ілля Новікаў, адвакат: «Пуцін не выйдзе жывым з вайны, якую сёння пачаў. Расея не выйдзе з яе цэлаю».

ПС/ММ belsat.eu

Стужка навінаў