Лукашэнка: Нашых войскаў ва Украіне няма, але пры неабходнасці яны там будуць


Раніцаю 24 лютага Лукашэнка правёў у Палацы незалежнасці экстранную нараду з кіраўніцтвам Узброеных сілаў Беларусі. Ён заявіў, што сам папрасіў Пуціна пакінуць расейскія войскі ў Беларусі і што беларускіх вайскоўцаў ва Украіне няма. Назваў міністра абароны Украіны мярзотнікам і заявіў, што «рэферэндум» не адмяняецца.

«Мы тут апраўдвацца не будзем наконт таго, мы бяром удзел ці не. Але яшчэ раз кажу: нашых войскаў там няма. Аднак калі гэта будзе неабходна для Беларусі і Расеі – яны там будуць», – заявіў Лукашэнка.

Ён таксама заявіў, што не будзе адмяняць ці пераносіць прызначанага на 27 лютага «рэферэндуму» аб зменах у Канстытуцыю.

«Сам прапанаваў Пуціну пакінуць войскі»

Лукашэнка прызнаўся, што папрасіў Пуціна пакінуць расейскія войскі ў Беларусі, але да вайны не рыхтаваліся:

«Каб не было інсінуацыяў: падчас апошняй сустрэчы ў Маскве я асабіста прапанаваў Пуціну пакінуць некаторую колькасць Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі на поўдні нашай Беларусі. Чаму? Мне не сорамна пра гэта сказаць: мы не былі гатовыя прыкрыць паўднёвы кірунак у гэтай сітуацыі, бо ўкраінскія падраздзяленні – вайскоўцы, не памежныя – падышлі да мяжы ды пачалі праводзіць там манеўры».

Паводле Лукашэнкі, Пуцін згадзіўся: маўляў, можа, украінцы зразумеюць, што трэба сесці за стол перамоваў і прыняць рашэнні пра мір:

«Вось пра што мы дамовіліся. А не тое, што мы там рыхтавалі нейкую супраць Украіны вайну. Яшчэ раз падкрэсліваю: для таго, каб, як ён сказаў, украінцы, кіраўніцтва і палітыкі Украіны яшчэ раз зрабілі высновы і зразумелі, што трэба вырашаць за сталом перамоваў гэтыя пытанні».

Назваў міністра абароны Украіны мярзотнікам

Лукашэнка назваў міністра абароны Украіны мярзотнікам, бо той нібыта не патэлефанаваў у Міністэрства абароны і Генеральны штаб Расеі пасля папярэджання праз тэлефон, якое зрабіў яму беларускі міністр Хрэнін.

«Ён ведаў, што можа пачацца канфлікт, і ён нават не патэлефанаваў у Маскву. Ну былі ж выпадкі ў гісторыі, калі Хрушчоў патэлефанаваў уначы Кенэдзі і перадухіліў тэрмаядравую вайну. А тут патэлефанаваць было цяжка, зняць трубку. Мярзотнік!» – сказаў Лукашэнка.

Мярзотнікамі ён назваў і тых, хто паведамляе, што атака на Украіну адбываецца пры падтрыманні Беларусі.

«Мярзотнікі апошнія! Нашыя войскі ніякага ўдзелу не бяруць у гэтай аперацыі», – сказаў Лукашэнка.

Hавiны
Алесін: Фармальна Беларусь яшчэ не дзяржава-агрэсар
2022.02.24 10:44

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў