Беларусь закрывае частку неба для грамадзянскай авіяцыі. Адмяняюцца рэйсы ў Нацыянальным аэрапорце


Міністэрства абароны Беларусі паведаміла пра закрыццё часткі паветранай прасторы над Беларуссю для палётаў грамадзянскіх самалётаў.

Паводле пастановы ад 12:00 24 лютага паветраная прастора Беларусі закрываецца па рубяжы: дзяржаўная мяжа Беларусі, Высокае, Баранавічы, Асіповічы, Крычаў і далей па паўднёвай частцы дзяржаўнай мяжы да Высокага.

Вышыня дзейнага абмежавання – да 19 800 метраў, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

«Пакуль мы трымаем усіх у курсе наконт адменаў рэйсаў. Авіякампаніі пацвярджаюць або не пацвярджаюць свайго рэйсу. І пра гэта мы інфармуем грамадства. Больш пакуль нічога сказаць не можам», – пракаментавалі сітуацыю ў прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту.

Паводле раскладу на афіцыйным сайце лётнішча, на момант публікацыі гэтага матэрыялу, былі адмененыя рэйсы ў Стамбул (вылет а 13:57) і Мінеральныя Воды (17:00).

Як будзе лятаць «Белавія»

«Белавія» распавяла пра змены ў палётным раскладзе ў сувязі з вайной ва Украіне. 24 лютага адмененыя рэйсы ў Стамбул, Тэль-Авіў і Сочы. 27 лютага не будзе выконвацца рэйс у Краснадар.

«Інфармацыя аб далейшым выкананні рэйсаў у Стамбул, Тэль-Авіў, Сочы, Краснадар будзе аператыўна абнаўляцца», – паведамілі ў авіякампаніі.

«Белавія» працягне выконваць палёты ў Маскву, Санкт-Пецярбург, Ташкент, Дубай, Ерэван, Баку, Тбілісі, Кутаісі, Батумі, Нур-Султан, Алматы. А сённяшні чартар Менск – Шарм-эль-Шэйх – Менск будзе выкананы з пасадкай для дазапраўкі ў Казахстане.

Пасажыры адмененых рэйсаў змогуць вярнуць кошт білетаў.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў