А заўтра пачалася вайна... Як выглядаў Кіеў у апошні дзень перад нападам Расеі


Гэты тэкст – пра 23 лютага – меў выйсці раніцаю 24-га. Цяпер гэта далёкае мінулае: раніцаю 24 лютага Расея напала на Украіну, пачала абстрэлы ўкраінскіх гарадоў, у тым ліку Кіева.

Бубнач на Майдане незалежнасці грае пад запіс песні мясцовай рэп-зоркі alyona alyona. Кіеў, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Вярхоўная Рада Украіны ўвяла надзвычайнае становішча позна ўвечары 23 лютага, зацвердзіўшы ўказ прэзідэнта. Але яшчэ апоўдні было вядома, што Рада нацыянальнай бяспекі прапануе зрабіць гэта. На наступную раніцу Расея атакавала Украіну.

Абноўлена
Расея напала на Украіну. Першы дзень вайны
2022.02.24 06:49

Тэкст ніжэй – без зменаў і паправак на сітуацыю раніцаю 24 лютага. Так выглядала сталіца, якая чакала надзвычайнае становішча і не чакала вайны. А назаўтра прыйшла вайна…

Незвычайнасць абстаноўкі выдавалі хіба дробныя дэталі

Кіеў жыве амаль звычайным жыццём. На вуліцах рэдка было чуваць слова «вайна» – нават у дзень, калі стала вядома, што ва Украіне маюць увесці надзвычайнае становішча. За 600 кіламетраў адсюль – тэрыторыі пад кантролем баевікоў «ДНР» і «ЛНР», якія Расея прызнала «незалежнымі дзяржавамі» 21 лютага і на якія збіраецца ўжо афіцыйна ўводзіць войскі.

У сталіцы ж працуюць крамы і школы, бары і кнігарні, надзвычайных чэргаў у банкі і крамы зброі няма. Размовы на вуліцах – аб працы, пра побытавыя справы, цэны і надвор’е. Калі міма праходзяць дзяўчаты і адна з іх кажа, што «жыццё гэта барацьба», дык думаеш: яна пра навучанне ці стасункі? Было б вельмі дзіўна для Кіева, калі б гэта было пра магчымую вайну.

На майдане застаюцца знічкі – магчыма, яшчэ з акцыі памяці Герояў Нябеснай сотні 20 лютага. Стаіць і намёт з пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў. Кіеў, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат
На алеі Герояў Нябеснай сотні – свежыя кветкі. Кіеў, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат
Большасць тых, хто заходзіць у краму зброі, выходзяць без торбаў і пакетаў, хоць купіць стрэльбу не так складана. Паліцыя кажа, продаж зброі апошнім часам не вырас, хіба сталі купляць больш боепрыпасаў. Кіеў, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Зразумець, што краіне пагражае небяспека, можна толькі прыглядзеўшыся: сілавікоў больш, чымся было б у цалкам мірнай краіне, на вакзале заўсёды шмат вайскоўцаў, а з білборда мэр заклікае ў Тэрытарыяльную абарону.

Гэта дакладна не шчаслівая атмасфера свята (хоць па лютаўскім надвор’і яна была б нечаканай і ў цалкам мірны час), але і зусім не паніка ці апатыя. Людзі не пужаюцца рэзкіх гукаў ці сірэнаў і тым больш не намагаюцца падалей абыходзіць сілавікоў або офісы сілавых структураў.

На вуліцах як паліцыянты, так і Нацыянальная гвардыя – вайсковае фармаванне з праваахоўнымі функцыямі ў структуры Міністэрства ўнутраных справаў. Кіеў, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат
Побач з даўно намаляваным на сцяне ўказальнікам на ўкрыцце – відавочна нядаўняя раздрукоўка з больш дэталёвай інфармацыяй. Кіеў, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат
Патрыятычнымі графіці кіяўлянаў даўно не здзівіш. Шмат якія ад часу ўжо страцілі колеры, некаторыя папсавалі хуліганскімі (але не антыўкраінскімі) надпісамі. Кіеў, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Многія ўкраінцы кажуць, што вайна ў краіне ідзе ўжо восем гадоў: адныя дапамагаюць войску або самі ідуць туды, другія маюць планы на экстраную сітуацыю, трэція проста ігнаруюць пагрозлівыя навіны. Так кажуць нават у гарадах ля расейскай мяжы або ОРДЛО («асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей» – гэтак часта называюць «ДНР» і «ЛНР», калі не выкарыстоўваюць фразу «часова акупаваныя тэрыторыі», да якіх адносіцца і Крым).

Hавiны
Падрыхтаваныя, напружаныя, звыклыя… Што думаюць украінцы, якія жывуць у гарадах на мяжы з Расеяй і «ДНР»
2022.02.22 18:14
Злавіць момант, калі на экране з’яўляецца заклік мэра запісвацца ў Тэрытарыяльную абарону, няпроста: ён хутка змяняецца на рэкламу рыэлтараў, тая – на рэкламу адукацыйнай установы… Кіеў, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат
Сярод палітычнай рэкламы трапляюцца зусім неваенныя рэчы, як гэты заклік забараніць пальмавы алей у ежы. Кіеў, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат
Дзе ва ўкраінскай сталіцы знайсці паніку ці нервознасць? Кіеў, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат
Аналітыка
Калі ў Беларусі ўвядуць ваеннае становішча, ці заўважаць гэта беларусы?
2021.07.23 12:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў