Журналісту Раману Васюковічу пагражае штраф праз кнігу «Беларускі Данбас»


Працаўнікі Менскага аддзелу ўнутраных справаў на паветраным транспарце склалі пратакол паводле ч. 1 арт. 17.11 КаАП («Распаўсюд або перавоз інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці») у дачыненні журналіста Рамана Васюковіча. У снежні летась у аэрапорце ў журналіста сканфіскавалі ноўтбук і два асобнікі кнігі «Беларускі Данбас». За перавоз кнігі Васюковічу пагражае штраф да 50 базавых велічыняў (1450 рублёў).

У снежні летась Раман Васюковіч вяртаўся ў Менск з Кіева са службовай камандзіроўкі. Працаўнікі мытні спынілі яго ў аэрапорце і накіравалі на ўзмоцнены дагляд. У журналіста сканфіскавалі ноўтбук і два асобнікі кнігі «Беларускі Данбас», якую напісалі журналісты «Белсату» Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш.

Журналістка Кацярына Андрэева, адна з аўтараў кнігі, цяпер за кратамі. Яе і Дар’ю і Чульцову пакаралі двума гадамі турмы за стрым з разгону акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў у Менску.

Ігар Ільяш прэзентуе кнігу «Беларускі Данбас». Кніга Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша «Беларускі Данбас» упершыню прэзентаваная ў Беларусі. Імпрэза адбылася ў амбасадзе Украіны ў Менску.
Фота: ДЯ / «Белсат»

Кнігі і ноўтбук адправілі на экспертызу. У лютым Васюковічу паведамілі, што камп’ютар яму гатовыя вярнуць, а вось у кнізе нібыта знайшлі прыкметы экстрэмізму.

24 лютага журналіста выклікалі ў Менскі АУС на паветраным транспарце і склалі пратакол паводле ч. 1 арт. 17.11 КаАП («Распаўсюд або перавоз інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці»). Васюковічу пагражае штраф да 50 базавых велічыняў (1450 рублёў).

У пратаколе адзначаецца, што, згодна з экспертным заключэннем Менскай абласной экспертнай камісіі ў ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі з 29 студзеня 2021 года, у кнізе «Беларускі Данбас» ёсць «прыкметы праявы экстрэмізму». Пры гэтым у міліцыі не патлумачылі, дзе яны знайшлі «заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці».

«Беларускі Данбас» – гэта журналісцкае даследаванне пра беларусаў на вайне, ролю спецслужбаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі, а таксама пра тое, як гэты канфлікт паўплываў на Беларусь. Кнігу выдалі летась ва ўкраінскім выдавецтве «Фоліо».

Hавiны
«Падручнік, што паказвае стаўленне беларусаў да вайны на Данбасе». У Менску прэзентавалі кнігу Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша
2021.02.20 14:29

 

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў