У жніўні сілавікі дасталі менчука з уласнага аўматбіля і збілі. Цяпер яму пагражае да 25 гадоў зняволення


Аляксандр Троцкі ў судзе.
Фота: Белсат

У Менскім гарадскім судзе пачаўся працэс у справе Аляксандра Троцкага. Яго вінавацяць у замаху на забойства сілавіка.

Увечары 12 жніўня 2020-га Аляксандр Троцкі ехаў на ўласным аўтамабілі. Пры павароце на праспект Пераможцаў аўтамабіль спынілі ўзброеныя людзі. Іх было каля 10 чалавек. Мужчыну загадалі выходзіць, ён адмовіўся. Тады пачалі пагражаць зброяй. Кіроўца спалохаўся і паехаў, але хутка яго спынілі, выцягнулі з аўтамабіля і моцна збілі. Таксама ў рот яму нібыта засоўвалі пісталет. У ягоным дыягназе пазначаныя глухата і чэрапна-мазгавая траўма.

Спачатку кіроўцу завезлі ў бальніцу. Там ён ляжаў, прыкуты кайданкамі да ложка. Пасля мужчыну перавялі ў СІЗА на Валадарскага. На яго завялі крымінальную справу паводле арт. 364 («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»). Дзяржаўны абвінаваўца сцвярджае, што Аляксандр Троцкі, ведаючы пра сітуацыю ў сталіцы, выправіўся ў цэнтр гораду і наўмысна наехаў на супрацоўніка ДАІ Юрава з мэтай забойства. Сілавіка нібыта ўратавала толькі бронекамізэлька. Мужчыну вінавацяць паводле арт. 14 («Замах на злачынства») і 362 («Забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў») Крымінальнага кодэксу. Санкцыя паводле апошняга прадугледжвае ад 10 да 25 гадоў зняволення.

На судзе адвакат падаў некалькі хадайніцтваў. Адно з іх – выклікаць сведкаў: доктара хуткай дапамогі Барысава, а таксама працаўнікоў міліцыі Мартыненку і Андрыевіча. Суддзя Сяргей Хрыпач адмовіў.

Аляксандр Троцкі сваёй віны не прызнае і кажа, што яго трэба апраўдаць.

У браўзэры Аляксандра знайшлі ўкладку «Петыцыя ААН». У памяці тэлефона было 389 відэафайлаў, спампаваных з тэлеграм-каналу Сцяпана Пуцілы, а таксама з TUT.BY, Onliner, радыё «Свабода».

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў