200 дзён беларускага пратэсту: ад чэргаў на выбарчыя ўчасткі да журналістаў за кратамі


Беларусы пратэстуюць ужо 200 дзён. Мы узгадалі гэты час.

9 жніўня. Дзень галасавання. Каля выбарчых участкаў чэргі. Вечарам людзі збіраюцца на вуліцах сваіх гарадоў на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Для разгону пратэстоўцаў ужываюць гумовыя кулі і слезацечны газ.

Пратэсты ў Менску, Беларусь. 9 жніўня 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

10 жніўня. Паведамляюць афіцыйныя вынікі выбараў. Паводле ЦВК за Лукашэнку прагаласавалі больш за 80 %. Увечары ў цэнтры гарадоў зноў збіраюцца пратэстоўцы. Каля метро «Пушкінская» гіне Аляксандр Тарайкоўскі.

Народны мемарыял Аляксандру Тарайкоўскаму, які загінуў 10 жніўня.
Фота: Леся Пчолка

11 жніўня. Улады вывозяць Святлану Ціханоўскую ў Літву. У Берасці смяротна раняць Генадзя Шутава.

Акцыя салідарнасці ля ст. м.Пушкінская. Людзі ідуць з кветкамі, кіроўцы сігналяць. Менск, Беларусь. 11 жніўня 2020 году.
Фота: Святла Фар / Белсат

12 жніўня. З Акрэсціна выпускаюць першых затрыманых. Яны распавядаюць пра тое, што адбываецца ўнутры. У Гомлі гіне Аляксандр Віхор.

Ля ізалятару на Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя родзічы і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Белсат

13 жніўня. Па ўсёй краіне людзі становяцца ў ланцугі салідарнасці, выказваюцца супраць гвалту. На некалькіх заводах пачынаецца страйк.

Тыя, хто выйшаў з СІЗА ў Жодзіна. Валанцёры рыхтуюць перадачкі для тых, хто застаецца ў СІЗА ў Жодзіна, Беларусь. 13 жніўня 2020 году. Фото: АВ / Vot Tak TV / Белсат

14 жніўня. Святлана Ціханоўская абвясціла пра стварэнне Каардынацыйнай рады.

15 жніўня. У Менску развітваюцца з загінулым Аляксандрам Тарайкоўскім. З Белтэлерадыёкампаніі масава звальняюцца работнікі.

Развітанне з загінулым Аляксандрам Тарайкоўскім падчас пратэстаў у Менску, Беларусь. Беларусь. 15 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

16 жніўня. Каля Дому ўраду праходзіць мітынг падтрымання Лукашэнкі. Пасля праходзіць самая масавая акцыя пратэсту – «Марш свабоды».

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду». 16 жніўня, 2020 году. Mенск, Беларусь.
Фота: АВ/ Vot Tak TV / Белсат

17 жніўня. Лукашэнка выступае на МЗКЦ, дзе бастуюць рабочыя. Паўла Латушку звальняюць з Купалаўскага тэатру, на знак салідарнасці сыходзіць уся трупа.

Пратэст пад Купалаўскім тэатрам. Акцёры чакаюць міністра культуры. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

18 жніўня. Фонд салідарнасці сабраў больш за мільён еўраў для дапамогі пацярпелым беларусам. Знаходзяць мёртвым Канстанціна Шышмакова.

Ля СІЗА – 1 у сталіцы на вуліцы Валадарскага сабралася некалькі дзясяткаў чалавек з чырвонымі і белымі шарамі. Тут знаходзіцца арыштаваны незарэгістраваны кандыдат у прэзідэнты Беларусі Сяргей Ціханоўскі. У гэты дзень яму споўнілася 42 гады. Менск, Беларусь. 18 жніўня 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

19 жніўня. Паранены Генадзь Шутаў памірае ў шпіталі.

Мірны пратэст пад дажджом на праспекце Незалежнасці. Пад будынкам МУС. Менск, Беларусь. 19 жніўня 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

22 жніўня. Зніклага Мікіту Крыўцова знаходзяць павешаным у Менску.

23 жніўня. 50 тысяч чалавек сталі ў жывы ланцуг ад Вільні да беларускай мяжы на знак салідарнасці. Праходзіць Марш новай Беларусі.

«Марш новай Беларусі». Менск, Беларусь. 23 жніўня 2020 г.
Фота: belsat.eu

30 жніўня. У дзень нараджэння Лукашэнкі праходзіць Марш міру і незалежнасці. Пасля заканчэння маршу Лукашэнка выйшаў падзякаваць супрацоўнікаў АМАПу.

На маршы Міру і Незалежнасці ў Менску, Беларусь. У краіне ўжо 22 дзень пратэстуюць супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. 30 жніўня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

31 жніўня. Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча не пускаюць у Беларусь.

1 верасня. Першыя студэнцкія акцыі пратэсту.

Марш студэнтаў. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

6 верасня. Таварыства ратавання на водах пазбаўляе людзей ад затрыманняў, тады затрымліваюць усю змену ратавальнікаў. У менскай кавярні сілавікі разбіваюць шкло.

Марш Адзінства
Марш Адзінства ў Менску. 6 верасня 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

7-8 верасня. Марыю Калеснікаву спрабуюць вывезці з Беларусі. На мяжы яна ірве пашпарт, пасля чаго яе затрымліваюць.

10 верасня. Шахцёр «Беларуськалію» Юрый Корзун на знак пратэсту прышпільвае сябе кайданкамі ў шахце і адмаўляецца падымацца.

Месца адзіночнага пікету ў адной з шахтаў «Беларуськалія», дзе шахцёр Юры Корзун прыкаваў сябе кайданкамі. Салігорск, Беларусь, 10 верасня 2020 г.
Фота: ІА / Белсат

19 верасня. У Менску праходзіць найбуйнейшы Жаночы марш.

Жаночы марш у Менску, 19 верасня.
Фота: Belsat.eu

23 верасня. Лукашэнка ладзіць таемную інаўгурацыю. Увечары людзі выходзяць на пратэсты.

Затрыманні ў Менску працягваюцца. Сілавікі выкарыстоўваюць пярцовы газ. 23 верасня 2020 г.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

29 верасня. Найбуйнейшае медыя краіны, TUT.by, пазбаўляюць статусу СМІ.

2 кастрычніка. Еўразвяз уводзіць першыя санкцыі.

5 кастрычніка. Праходзіць першы Марш пенсіянераў.

Марш пенсіянераў у Менску, 5 кастрычніка. Фота – belsat.eu

10 кастрычніка. Лукашэнка праводзіць круглы стол у СІЗА.

Аляксандр Лукашэнка ў СІЗА КДБ.
Фота: «Пул первого»

20 кастрычніка. Адзін Тэлеграм-канал прызнаюць экстрэмісцкім.

26 кастрычніка. Святлана Ціханоўская аб’яўляе Агульнанацыянальны страйк.

Марш студэнтаў і пенсіянераў у Менску. 26 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / «Белсат»

1 лістапада. Па краіне праходзіць Марш герояў. У Менску ладзяць шэсце да Курапатаў. На затрыманых завялі 231 крымінальную справу.

Марш супраць тэрору ў Менску. 1 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

10 лістапада. На плошчы Пераменаў у Менску адбываецца бойка з Раманам Бандарэнкам.

12 лістапада. Да некаторых студэнтаў прыходзяць з ператрусам з КДБ. Кагосьці затрымліваюць, нехта паспявае з’ехаць з краіны. Памірае Раман Бандарэнка.

Людзі збіраюцца на плошчы Пераменаў пасля паведамлення аб смерці Рамана Бандарэнкі. Менск, Беларусь.
Фота: ЯA / Белсат

15 лістапада. У нядзелю праходзіць Марш памяці Рамана Бандарэнкі, людзі збіраюцца на плошчы Пераменаў. Падчас стрыму затрымліваюць двух журналістак «Белсату»: Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову.

Плошча Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: Белсат

19 лістапада. Затрымліваюць журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч і лекара шпіталю хуткай дапамогі.

10 снежня. Беларусь закрывае наземную мяжу на выезд. Вывешаныя ў вокнах нацыянальныя сцягі прыраўноўваюць да пікетавання.

Беларусы ўпрыгожваюць свае балконы ў народныя колеры.
Фота: АК / Белсат

15 снежня. Блогер і палітвязень Ігар Лосік аб’яўляе бестэрміновую галадоўку.

Лосік спыніў галадоўку, Салановіча адлічылі, на АЭС застрэліўся жаўнер. Беларусь пратэстуе 170 дзён
Партрэт Ігара Лосіка.
Фота: ТК / Белсат

22 снежня. Затрымліваюць кіраўніцтва Прэс-клубу. У офісе адбываецца ператрус.

1 студзеня. Святлана Ціханоўская выступае з альтэрнатыўным навагоднім віншаваннем.

Як сустракалі 2021 у адным з менскіх двароў.
Фота: ТК / Белсат

11 студзеня. Прэзідэнт МФХ Рэнэ Фазэль прыязджае ў Менск на сустрэчу з Лукашэнкам.

13 студзеня. За дапамогу ў аплаце штрафаў журналіста Андрэя Аляксандрава ўзялі пад варту.

16-17 студзеня. Спонсары адмаўляюцца падтрымліваць беларускую частку чэмпіянату свету па хакеі.

18 студзеня. Чэмпіянат свету па хакеі не будзе праходзіць у Беларусі.

22 студзеня. 35-гадовы Павел Банькоўскі здзяйсняе самападпал каля Дому ўраду ў Менску. Святлана Ціханоўская і Павел Латушка выступілі ў Радзе Бяспекі ААН.

25 студзеня. Ігар Лосік спыніў галодоўку пасля больш як 40 дзён.

29 студзеня. Генпракуратура анансавала прызнанне нацыянальнага сцяга экстрэмісцкім.

11–12 лютага. У Менску праходзіць Усебеларускі народны сход. На ім прысутнічаюць больш за дзве тысячы дэлегатаў.

12 лютага 2021. Палац Рэспублікі.
Фота: ТК / Белсат

18 лютага. Журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд: два гады калоніі.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі Белсату. Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

19 лютага. Пачаўся суд над журналісткай Кацярынай Барысевіч і лекарам шпіталю хуткай дапамогі Арцёмам Сарокіным.

Першы дзень суда над журналісткай ТUT.BY Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным. У судзе Маскоўскага раёну Менску. 19 лютага 2021 года.
Фота: TUT.BY

Працяг будзе…

Стужка навінаў