Экспертка ў пытаннях адукацыі пра адпрацоўку пасля ВНУ: «Спадчына сацыяльнага рабства»


Пракуратура Берасцейшчыны дала справаздачу па позвах, скіраваных супраць студэнтаў, якія пасля бясплатнага навучання не паехалі на размеркаванне або былі звольненыя за «віноўныя дзеянні». 197 позваў па вобласці ўхваленыя судом, як вынік – 873 тысячы рублёў кары на карысць бюджэту.

Прадстаўніцы офісу Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і прававых пытаннях Таццяна Шчытцова ў эфіры праграмы «Студыя Белсат» падзяліліся сваімі меркаваннямі адносна прымусовай адпрацоўкі пасля бясплатнай адукацыі ў Беларусі.

Прадстаўніца Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі Таццяна Шчытцова ўпэўненая, што абавязковае размеркаванне ў цяперашняй форме – гэта перажытак савецкага мінулага, які зусім не актуальны ў наш час і пазбаўляе выпускніка свабоды:

«Мы даўно жывём у іншым свеце, калі думаць глабальна ці хаця б арыентавацца на еўрапейскі кантэкст. Сёння абавязковае размеркаванне – гэта абсалютны нонсэнс у развітых еўрапейскіх краінах. Наадварот, логіка зусім іншая: разнастайныя арганізацыі, кампаніі канкуруюць за найлепшых выпускнікоў розных навучальных установаў, а выпускнікі вольныя. Гэта прынцыпова, гэта права чалавека быць вольнымі ў выбары свайго працаўладкавання».

Таццяна Шчытцова.
Фота: Белсат

Разам з тым экспертка падкрэслівае, што размеркаванне, арганізаванае на іншых прынцыпах, можа мець і станоўчыя бакі для былых выпускнікоў.

«У гэтым не павінна быць прымусу, і чалавек, які заканчвае ВНУ ці іншую навучальную ўстанову, ён павінен гэтае месца ўспрымаць для сябе як перспектыўнае і цэннае ў плане таго, што ён там атрымае нейкі карысны досвед, каб гэта ўпісвалася ў стратэгію пабудовы ягонай кар’еры і прафесійнай дзейнасці. А ў нас выходзіць зусім па-савецку ў тым плане, што зусім не прымаюцца пад увагу жаданні, мэты і прыярытэты выпускніка. І для выпускнікоў гэтае абавязковае размеркаванне, як правіла, робіцца месцам ссылкі, калі чалавек губляе два гады жыцця без усялякай карысці для свайго прафесійнага росту і самарэалізацыі».

Прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр мяркуе, што прымусовая адпрацоўка ў нашай краіне не адпавядае міжнародным прававым стандартам:

«Ёсць розныя версіі і тлумачэнні. Дзяржава тлумачыць, што адукацыя бясплатная, але з умовай наступнай адпрацоўкі. З пункту гледжання міжнародных стандартаў, на мой погляд, гэта не адпавядае нармальнай прававой пазіцыі і не з’яўляецца законным патрабаваць прымусовую адпрацоўку ў тых месцах, якія выбірае дзяржава».

Акрамя гэтага экспертка па прававых пытаннях звяртае ўвагу на тое, што ў цяперашніх рэаліях маладым спецыялістам вельмі складана законна адмовіцца ад размеркавання ў тых выпадках, калі яны ўжо прыступілі да яго, але перадумалі і вырашылі кампенсаваць дзяржаве выдаткі за навучанне. Паводле яе, вялікая колькасць заведзеных справаў на былых студэнтаў можа тлумачыцца менавіта гэтай прычынай.

«Цяпер большы выбар у бок выплатаў, чым прайсці абавязковую адпрацоўку па размеркаванні. І сітуацыя для тых, хто ўжо пачаў адпрацоўку, складаецца такім чынам, што самастойна па згодзе бакоў ці па асабістым жаданні выпускнік па заканадаўстве не можа звольніцца. І адпаведна большасць людзей, якія прымаюць канчатковае рашэнне выплаціць сродкі, ужо знаходзячыся на адпрацоўцы, мае адзіны выхад – звольніцца па «віноўных абставінах», хутчэй за ўсё за прагул».

Абедзве эксперткі сышліся на тым, што абавязковае размеркаванне пасля навучання варта адмяніць, а саму сістэму адукацыі неабходна рэфармаваць.

«Гэта спадчына рафінаванага сацыяльнага рабства, так не павінна быць, – мяркуе Таццяна Шчытцова.

Поўную размову з прадстаўніцамі Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і прававых пытаннях можна паглядзець тут.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў