Беларускі парламент адказаў расейскай Думе


Заяву “Аб беларуска-расейскіх адносінах” прынялі на экстранным паседжанні Нацыянальнага сходу. Беларускія дэпутаты запэўнілі расейскіх калегаў у вернасці ідэям інтэграцыі ды выказалі занепакоенасць “у звязку з некаторымі тэндэнцыямі, якія апошнім часам выяўляюцца ў адносінах паміж Беларуссю і Расеяй”.

Гэтая заява, дзеля прыняцця якой склікалі экстраннае паседжанне, сталася адказам на прыняцце падобнага дакументу у расейскай Дзяржаўнай Думе. Нагадаем, расейскія парламентарыі заявілі пра недапушчальнасць выкарыстання адносінаў афіцыйных Менску і Масквы ў якасці “разменнай манеты” падчас перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі.

“Антырасейская рыторыка, якая выкарыстоўваецца цяпер кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь, выклікае здзіўленне і поўнае непрыманне ў расейскага народу, ідзе ўразрэз з агульнагістарычным лёсам рускага і беларускага народаў, супярэчыць духу існых шматвяковых культурных і эканамічных сувязяў, нашаму ладу жыцця і мыслення”, – гаворыцца ў заяве Дзярждумы.

“Беларускі адказ” атрымаўся больш лагодным. “Мы ставімся з высокаю пашанаю да нашых саюзніцкіх адносінаў, заўсёды лічылі і лічым нашыя народы брацкімі”, – адзначаецца ў заяве. Разам з тым у беларускіх парламентарыяў “выклікае непрыманне кампанія па дыскрэдытацыі кіраўніка беларускай дзяржавы, разгорнутая ў цэнтральных сродках масавай інфармацыі Расеі”. Такія дзеянні, падкрэсліваецца ў заяве, “наносяць шкоду развіццю дружалюбных адносінаў паміж краінамі і народамі”.

Тым часам БелаПАН паведамляе, што пачатковы варыянт заявы Нацыянальнага сходу Беларусі меў удвая большы аб’ём. Акрамя таго, у ім у больш жорсткай форме выказваліся прэтэнзіі да кіраўніцтва Расеі.

belsat.eu

Стужка навінаў