23:34. Гандбольная зборная Беларусі саступіла французам


У першым для сябе матчы асноўнага раўнду чэмпіянату Еўропы па гандболе ў Польшчы зборная Беларусі 21 студзеня гуляла са зборнай Францыі, лепшай на сёння зборнай свету, і разгромна саступіла – 23:34.

Сёння ў мужчынскім гандболе зборнай Францыі няма роўных. Каманда выйграла апошнюю Алімпіяду, чэмпіянат свету і Еўропы, а ўсяго Францыя перамагала на пяці чэмпіянатах свету, трох чэмпіянатах Еўропы і дзвюх Алімпіядах. Аднак на папярэднім этапе чэмпіянату Еўропы ў Польшчы чэмпіёны занялі ў сваёй падгрупе другое месца, саступіўшы гаспадарам турніру.

Нагадаем, што на другой стадыі чэмпіянату Еўропы засталося дванаццаць камандаў, разбітых на дзве шасцёркі. Зборная Беларусі выступае ў кампаніі Польшчы, Францыі, Македоніі, Нарвегіі і Харватыі. Гульні гэтай шасцёркі праходзяць у Кракаве, барьцьбе за медалі працягнуць толькі дзве лепшых каманды.

Букмекеры перад матчам Францыі і Беларусі прапаноўвалі каэфіцыент 1.05 на перамогу трохкаляровых, і 20.0 на поспех беларусаў. У выніку шанцаў у каманды Юрыя Шаўцова не засталося з першых хвілінаў паядынку.

Першы тайм наша каманда прайграла з разгромным лікам – 05:20. Гэтак мала за тайм на гэтым топ-турніры не закідываў яшчэ ніхто. Пасля перапынку трэнеры каманд кінулі ў бой моладзь, і другія нумары беларусаў апынуліся лепшымі, яны выйгралі другую палову сустрэчы (18:14), але нават у гэтым выпадку не змаглі пазбегнуць разгромнага паражэння. А самым яскравым персанажам у беларусаў стаў 21-гадовы Аляксей Хадкевіч, які закінуў за другі тайм дзевяць мячоў. Астатнія мячы беларусаў закінулі Пухоўскі – 4, Баранаў – 3, Юрынок, Бабічаў – па 2, Нікуленкаў, Шыловіч, Каралёк – па 1.

На гэтым чэмпіянаце Еўропы зборнай Беларусі засталося згуляць яшчэ два матчы: 25-га студзеня супраць Польшчы і 27-га з Македоніяй.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў