Журналіста Груздзіловіча пасадзілі ў «Валадарку», ён падазраваны ў справе аб «масавых беспарадках»


Днём 23 снежня стала вядома пра затрыманне журналіста радыё «Свабода» Алега Груздзіловіча – неўзабаве пасля таго, як інтэрнэт-рэсурсы выдання МУС назвала «экстрэмісцкім фармаваннем».

Журналіст Алег Груздзіловіч.
Фота: Радыё Свабода — Беларусь / Telegram

Невядомыя ў масках 23 снежня трапілі ў кватэру журналіста Алега Груздзіловіча ў Менску. Спачатку не было вядома, з якой прычыны затрымалі журналіста. Цяпер следчы сказаў жонцы, што Груздзіловіч праходзіць у справе аб «арганізацыі масавых беспарадкаў», піша радыё «Свабода».

Мар’яна Груздзіловіч, жонка затрыманага журналіста, расказала, што заўважыла прыкметы затрымання, калі вярнулася дамоў: мужа не было ўдома, з кватэры зніклі ягоныя ноўтбук і тэлефон, а ён не адказваў на тэлефанаванні. Каля 20 гадзінаў вечара ёй патэлефанаваў следчы, які назваўся прозвішчам Коласаў, і сказаў, што Алег праходзіць у справе аб «масавых беспарадках».

Hавiны
Інтэрнэт-рэсурсы «Радыё Свабода» прызнаныя «экстрэмісцкім фармаваннем»
2021.12.23 15:12

У жніўні бягучага года Груздзіловіча арыштоўвалі на 10 дзён, ён трымаў галадоўку тры дні. За час мінулага арышту допытаў Груздзіловіча не было, ён адмовіўся даваць паказанні. Па вызваленні ён застаўся падазраваным у «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Жонка збіраецца сустрэцца з адвакатам 24 снежня, аддаць перадачу затрыманаму.

Затрыманне Груздзіловіча адбылася ў той жа дзень, калі Міністэрства ўнутраных справаў назвала «экстрэмісцкім фармаваннем» інтэрнэт-рэсурсы «Свабоды». Як абвінавачванне ў «масавых беспарадках» звязанае з гэтым або з журналісцкай дзейнасцю Груздзіловіча, невядома.

У сувязі з затрыманнем «Свабода» згадала пяць цікавых фактаў пра Груздзіловіча:

  • У часы «перабудовы» ён быў загадчыкам аддзелу і адказным сакратаром папулярнай газеты «Знамя юности», публікаваўся ў незалежнай газеце «Свабода» ў пачатку 1990-х, быў адным са стваральнікаў інфармацыйнай агенцыі «РИД» («Реклама и дайджест»).
  • У 1995 годзе звольніўся з дзяржаўнай «Народнай газеты» пасля таго, як не прапусцілі ягоны рэпартаж аб пабіцці дэпутатаў-апазіцыянераў у парламенце. А яшчэ ў 1988 годзе ў газеце «Знамя юности» ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загад ЦК КПБ ад перадруку з маскоўскай прэсы артыкулу супраць курсу Гарбачова і крытыкі сталінізму.
  • Напісаў кнігу «Хто ўзарваў менскае метро?» па матывах сваіх рэпартажаў з суду над Канавалавым і Кавалёвым, якіх улады назвалі выканаўцамі тэрактаў і пазней расстралялі.
  • Пасля затрымання ў лістападзе 2020 года трапіў быў затрыманы на акцыі пратэсту, якую асвятляў. У час арышту ў Баранавічах моцна захварэў на каронавірус.
  • Выгадаваў трох сыноў, мае ўнучак. Яго жонку з палітычных матываў звольнілі з БДУ, дзе яна працавала выкладчыцай ангельскай мовы.
Hавiны
На журналіста радыё «Свабода» Андрэя Кузнечыка завялі крымінальную справу
2021.12.23 12:18

АА belsat.eu

Стужка навінаў