Улады Берасця не прадалі пад будоўлю месца масавых расстрэлаў. Прадалі гістарычныя дамы ў цэнтры


На аўкцыён для набыцця надзелу зямлі ў месцы масавых забойстваў не паступіла ніводнай заяўкі: ахвочых звязвацца з праблемным месцам у цэнтры Берасця пакуль няма.

Раскопкі на месцы масавага пахавання ахвяраў Галакосту ў Берасці, 2019 год Кадр з відэа: «Настоящее время»

У 2019 годзе ў цэнтры Берасця пачалі будаваць «Прыбужскі квартал», але працу не закончылі, бо на месцы будоўлі знайшлі парэшткі 1214 вязняў берасцейскага гета.

Інвестар згарнуў праект і сышоў, улады паабяцалі паставіць там мемарыял і зрабіць паркавую зону. Але шуміха сціхла – і ўлады зноў хочуць пабудаваць на гэтым месцы элітнае жытло.

14 снежня прайшоў аўкцыён для продажу надзелу пад будоўлю і абслугоўванне шматкватэрнага жылога дому ў межах вуліцаў Савецкай, Дзяржынскага, Куйбышава і праспекту Машэрава. Пачатковы кошт – Br 2 724 000. У 2019 годзе старшыня Берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук абяцаў, што дамоў на месцы братняй магілы ўзводзіць не будуць, тут планавалі закласці парк і паставіць мемарыяльны знак. Але праз 2,5 года планы памяняліся.

«Любы інвестар разумее, што прыйсці сюды – гэта значыць не толькі страціць грошы ды імідж, але нажыць вялікія праблемы. Знаходка гэтага вялікага пахавання падчас будоўлі стала вельмі непрыемным момантам для гарадскіх уладаў, якія пастанавілі хутка зарабіць, але пралічыліся. Гісторыкі ведалі, што на гэтым месцы былі масавыя расстрэлы падчас Другой сусветнай вайны, але ўлады нават не абследавалі тэрыторыі перад будоўляй, хаця мусілі. Цяпер гэтае месца ў цэнтры гораду муляе вока, ад яго трэба тэрмінова пазбавіцца», – сказаў у размове з «Белсатам» адзін з берасцейскіх актывістаў.

Hавiны
Берасцейскі актывіст: улады падманам хочуць прадаць гэты надзел, каб скампенсаваць свае страты
2021.12.06 18:17

Як стала вядома «Белсату», берасцейскі гарвыканкам не здаецца. Пасля Новага года будзе чарговая спроба прадаць гэты ўчастак. У сваім Telegram-канале кіраўнік гарадской адміністрацыі Аляксандр Рагачук нічога не сказаў пра няўдалую спробу продажу, але распавёў, як удалося прадаць іншы кавалак зямлі, што побач з праблемнаю тэрыторыяй.

Рагачук напісаў: 17 снежня на аўкцыёне адным лотам прадалі пяць будынкаў – вул. Савецкая 100, вул. Дзяржынскага 39, вул. Савецкая 96, 98, 102/1 (першыя два аб’екты – гістарычна-культурная каштоўнасць). За яго набыццё на гандляваннях змагаліся два ўдзельнікі. Пераможцам прызналі берасцейскую кампанію «СтэфЛайн». Будынкі прададзеныя за Br 415 155. Таксама тэрмінам на 50 гадоў будуць заключаныя дамовы арэнды на зямельныя ўчасткі, на якіх размешчаныя гэтыя абʼекты. Зараз на працягу 90 дзён з дня падпісання акту прыёму-перадачы абʼекту «СтэфЛайну» будзе заключаная дамова на распрацоўванне праектава-каштарыснай дакументацыі.

Затым за тэрмін, які не перавышае двух гадоў з даты заключэння дамовы, пакупнік распрацуе ва ўстаноўленым парадку дакументацыю на рэстаўрацыю (рэканструкцыю) двух будынкаў, якія ёсць гістарычна-культурнаю каштоўнасцю, і рэканструкцыю або знос іншых трох будынкаў.

«СтэфЛайн» – транспартавая кампанія, якая з 2005 года займалася міжнароднымі перавозамі. Фактычна, 15 сотак «элітнай» зямлі ў цэнтры Берасця – на пешаходнай вуліцы Савецкай, у адным з самых турыстычных месцаў гораду – прададзеныя за $ 164 тысячы.

Прададзеныя на аўкцыёне цагляныя будынкі былі пабудаваныя ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў. Чатыры з іх 2-павярховыя і адзін 1-павярховы. Жыхары былі выселеныя з гэтых дамоў у пачатку 2000-х. Пасля будынкі марудна разбураліся, мясцовыя ўлады не рабілі нічога, каб захаваць гэтыя гістарычныя дамы. Апошнія гады іх беспаспяхова спрабавалі прадаць. Цяпер удалося, але гэта зусім не значыць, што праблема развязаная. На гэтае месца раней ужо прыходзіў інвестар, які свайго праекту так і не зрэалізаваў.

«Улады самі давялі гэтую гістарычную тэрыторыю да такога стану: усе дамы ў аварыйным стане, і гэта не дзіва. Калі нічога не рабіць – усё да гэтага прыйдзе. Цяпер ім трэба грошы, таму яны шукаюць любую магчымасць зарабіць тут і цяпер. Гісторыя і будучыня Берасця іх не хвалюе», – сказаў «Белсату» берасцейскі актывіст.

Hавiны
У гістарычным цэнтры Магілёва задумалі збудаваць яшчэ адзін гмах. Мясцовыя збіраюць подпісы супраць
2021.07.28 17:39

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў