У студэнта-палітвязня Баярскага моцна пагоршылася здароўе. Турэмны доктар: «Само пройдзе»


У палітзняволенага студэнта Арцёма Баярскага за кратамі рэзка пагоршыўся стан здароўя. З’явіўся моцны кашаль, які не праходзіць, пайшоў сып па целе.

Арцём Баярскі, партрэт з выпускнога альбома. Горадня, Беларусь, 1 траўня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Турэмны доктар агледзеў Арцёма Баярскага, але ніякага лячэння не прапісаў, сказаў – алергія, сама пройдзе. Бацькі будуць спрабаваць перадаць сыну лекі.

У камеры «Валадарцы», дзе знаходзіцца Арцём, 15 чалавек. Там вельмі холадна: хлопец спіць у кашульцы, двух швэдрах, часам на ноч даводзіцца апранаць яшчэ і куртку. Нягледзячы на пагаршэнне здароўя, у хлопца баявы настрой, здавацца ён не плануе.

20-гадовага Арцёма Баярскага 9 снежня асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Алена Шылько назвала хлопца вінаватым у стварэнні «экстрэмісцкага фармавання» (нібыта ён адміністраваў Telegram-канал і чат «Мая краіна Беларусь») і ва ўдзеле «у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Суд быў закрытым.

На гэты прысуд была пададзеная скарга. Да яе разгляду Арцём пакуль застаецца ў СІЗА №1 на Валадарскага.

Артыкулы
Расейскія навукоўцы падпісаліся за вызваленне палітвязня Арцёма Баярскага
2021.11.06 13:16

Гарадзенец, студэнт хімфаку БДУ, пераможца шматлікіх алімпіядаў па хіміі, Арцём Баярскі марыў ствараць лекі ад невылечных хваробаў. За яго заступіліся 47 навукоўцаў расейскай Акадэміі навук, на знак падтрымання Арцёма завочна залічылі ў Каўнаскі ўніверсітэт Вітаўта Вялікага, дзе ён зможа вучыцца пасля вызвалення.

Хлопец знаходзіцца за кратамі з 24 сакавіка. Спачатку яго арыштавалі на 25 содняў, затым выставілі абвінавачванне ў крымінальных артыкулах. Каб зняць «пакаяльнае відэа», яго білі ў будынку ГУБАЗіК. Арцёма затрымлівалі і год таму пасля Маршу сталых людзей у Менску, асудзілі на 15 содняў – і тады збілі ў будынку РУУС.

Чатыры разы Арцём быў стыпендыятам Спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, адораных студэнтаў і навучэнцаў. Пасля выбараў у жніўні мінулага году хлопец падпісаў адкрыты ліст аб адмове ад гэтага статусу ў знак пратэсту супраць гвалту і беззаконня. Пасля арышту яго выключылі з БДУ.

СК belsat.eu

Стужка навінаў