У польскую пракуратуру пададуць заяву аб злачынствах Лукашэнкі і ягонага рэжыму, у тым ліку аб генацыдзе


Арганізаванай злачыннай групоўкай называюць Лукашэнку, кіраўніка КДБ Церцеля, намесніка кіраўніка МУС Карпянкова і іншых. Заяўнікі вінавацяць іх у злачынствах супраць чалавецтва.

Нацыянальная пракуратура Польшчы, Варшава. 24 сакавіка 2020 года.
Фота: W.krasno / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Прадстаўнік групы з больш як дзясятка чальцоў беларускай апазіцыі, адвакат Томаш Віліньскі ў чацвер мае падаць паведамленне ў Нацыянальную пракуратуру Польшчы ў Варшаве аб падазрэнні Аляксандра Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў у злачынствах супраць чалавецтва. Падрабязнасці заявы адвакат расказаў выданню «Interia».

Гэтае паведамленне тычыцца злачынства генацыду супраць нацыянальна-палітычнай групы беларусаў, якія ідэнтыфікуюць сябе бел-чырвона-белым сцягам і лозунгам «Жыве Беларусь», дыскрымінацыі і пераследу свайго насельніцтва, злачынствамі супраць іракцаў, злачынстваў супраць палітвязняў-палякаў, згону самалёта «Ryanair», а таксама незаконных пагрозаў на адрас апазіцыйных актывістаў.

Прыкметаў генацыду (па-польску – ludobójstwa) ужо дастаткова, таму такое паведамленне павінна быць зробленае, кажа адвакат. Артыкул 113 Крымінальнага кодэксу Польшчы дазваляе весці судовыя працэсы да замежнікаў, якія знаходзяцца не ў Польшчы, калі гэта вынікае з міжнародных пагадненняў або міжнароднага права.

Абгрунтаванне паведамлення займае больш за 160 старонак, агулам паведамленне адсылае да звыш 30 тысяч розных дакументаў. Задакументавалі некалькі выпадкаў забойстваў на замову рэжыму Лукашэнкі або з падбухторвання рэжымам. Паводле адваката, злачынства генацыду караецца на ўсіх этапах: нават калі лічыць, што яшчэ не ўчыненае, то караць мусяць і за замах.

У складзе меркаванай злачыннай групы, паводле тэксту паведамлення, разам з Лукашэнкам старшыня КДБ Іван Церцель, былы кіраўнік байцоў ГУБАЗіК і цяперашні намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў і іншыя сілавікі: Павел Голуб, Эдуард Савіцкі, Іван Юркоў, Аляксей Тарасаў

Імёны тых, каго Віліньскі прадстаўляе, ён не можа раскрываць дзеля іхнай бяспекі, але сярод іншага ён адвакат Паўла Латушкі і Вольгі Сафронавай.

Падобную заяву ў студзені Віліньскі збіраецца падаць у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Гэтае паведамленне збіраюцца зрабіць нават больш шырокім за «польскае».

Артыкулы
Еўрадэпутат пра супрацьдзеянне Лукашэнку: «Усё гучней ідуць размовы пра тое, каб ён быў прыцягнуты да трыбуналу»
2021.11.15 22:35

АА belsat.eu

Стужка навінаў