«Буслы ляцяць»: Мы не тэрарысты – мы займаемся антытэрорам


На мінулым тыдні партызанская група «Чорны Бусел» паведаміла, што скінула з дрона ёмістасць з запальнай сумессю на вучэбную базу ўнутраных войск МУС «Валоўшчына». «Белсат» звязаўся з «Чорным буслам», каб даведацца, хто выбірае аб’екты для атакі, як на іх аперацыі рэагуюць так званыя сілавікі і ці баяцца «Буслы» смяротнага пакарання.

«Белсат»: – За год існавання групы «Буслы ляцяць» вы зладзілі больш за 20 аперацый супраціву – ад флэш-мобаў і стрыт-артаў да дыверсіяў на чыгунцы і атак дронамі. Дзве апошнія атакі былі ўчыненыя з неба – на базу менскага АМОНу ў верасні і тыдзень таму – на базу МУС «Валоўшчына». Ці значыць гэта, што «буслы» канчаткова адарваліся ад зямлі і паляцелі? Цяпер трэба чакаць атак выключна з неба?

«Буслы ляцяць»: – Атакі з неба маюць шэраг тактычных пераваг. Яны адпавядаюць пэўнаму ўзроўню бяспекі для выканаўцаў і ствараюць вялікія праблемы для рэжыму. Таму будзем і надалей дзейнічаць у гэтым кірунку.

Але гэта не азначае, што мы забыліся на іншыя варыянты.

«Маем агульную стратэгію дзеянняў руху «Супраціў»

– Вы зладзілі «бамбаванне» базы МУС у Валоўшчыне. Чаму менавіта яе? Як і хто выбірае абʼект для атакі? Каго і што маеце на мэце падчас атак?

– Месца выбіраем, улічваючы пэўныя крытэрыі. Па-першае, абʼект мусіць прыналежаць да карнай сістэмы. Па-другое, мусім захоўваць ўмовы бяспекі для нашай групы. І нарэшце – атака на аб’ект не павінна закрануць выпадковых людзей.

А мэты такія: нанесці шкоду інфраструктуры рэжыму, стварыць сітуацыю напружання сістэмы. А яшчэ – падняць баявы дух у нашых прыхільнікаў.

Hавiны
У сеціве з’явілася інфармацыя пра атаку на базу ўнутраных войскаў у Валоўшчыне
2021.12.17 21:25

– Ці ёсць у вас камандаванне, іерархія? Ці падпарадкоўваецеся вы нейкай ініцыятыве?

– Маем агульную стратэгію дзеянняў руху «Супраціў», у рэчышчы якой і ладзяцца нашыя акцыі. А калі казаць пра камандаванне, то на аператыўным узроўні кіруюць старшыя груп. Яны маюць сувязь з каардынатарамі накірункаў.

– У выніку акцый «Чорнага бусла» не пацярпела ніводная асоба. Вы тлумачыце гэта тым, што вашыя атакі – папераджальныя. Але ці адрасаты атрымліваюць ад вас нейкія канкрэтныя патрабаванні і папярэджанні? Калі не – то якім чынам даведваюцца, што іх папярэдзілі?

– У цяперашні час нашыя акцыі праводзяцца ў рэчышчы негвалтоўнага супраціву, то бок без ахвяр. І паверце, карнікі выдатна разумеюць, што гэта – нашыя папярэджанні. Яны ўжо задзейнічалі цэлы комплекс захадаў, каб супрацьдзейнічаць дронам. У нас ёсць дакументальнае пацверджанне таго, што сістэма перанапружылася. Але мы ўпэўненыя: ім гэта не дапаможа.

А ў выпадку нападаў – безумоўна, мы будзем абараняцца ўсімі сродкамі, але гэта зараз неактуальна.

«Перад намі прыклад нашых продкаў»

– Ці вы пралічваеце рызыку, што ў выніку вашай атакі нехта можа страціць жыццё?

– Калі ўзнікне сітуацыя кшталту «мы ці яны» – вагацца не будзем…

– Па сутнасці, вы адзіная суполка ў Беларусі, якая выбрала ўзброены шлях змагання з рэжымам. У кастрычніку намеснік міністра т.зв. МУС Казакевіч назваў вас самай радыкальнай групоўкай «Супраціву». Ці вы лічыце сябе тэрарыстамі?

– Якраз наадварот. Мы займаемся антытэрорам: перашкаджаем рэжыму тэрарызаваць мірнае насельніцтва. «Супраціў» вядзе падрыхтоўку да фінальнай контртэрарыстычнай аперацыі па ліквідацыі рэжыму.

– Вы разумееце, што вам пагражае ў выпадку, калі апыняцеся ў руках гэтак званых сілавікоў і які прысуд вам могуць вынесці? Разумееце, што можа пагражаць нават смяротнае пакаранне?

– Мы разумеем, што калі гэты рэжым затрымаецца на пэўны час, то памруць тысячы. І так, усе рызыкі, звязаныя з нашай дзейнасцю, разумеем.

Артыкулы
Што трэба ведаць пра суполкі «Буслы ляцяць» і «ДНС», якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі
2021.10.21 15:00

Скінуць рэжым унутранай акупацыі, які 27 гадоў тэрарызуе грамадства, – гэта задача няпростая. Але перад намі ёсць прыклад нашых продкаў, якія змагаліся з рознымі акупантамі.

– Нядаўна начальнік аддзелу ГУБАЗіК Сяргей Ванагель заявіў у эфіры СТВ аб затрыманні трох чалавек – нібыта са структурнага падраздзялення ініцыятывы «Буслы ляцяць»…

– Не, гэта ўкід ад ГУБАЗіКа. Не трэба верыць карнікам.

«Патрулі ганяюцца за нябачнымі беспілотнікамі»

– Гэтак званы намеснік міністра Казакевіч заяўляў, што яны не баяцца вас і «будуць стаяць да канца». Як думаеце, сапраўды не баяцца? Як адрэагавалі на вашую апошнюю акцыю МУС і КДБ? Чаму яны часцяком маўчаць пра вашыя атакі, або кажуць вельмі мала?

– Рэжым імкнецца замоўчваць нашыя акцыі ці змяншаць іх наступствы, каб паказаць, што яны нібыта цалкам кантралююць сітуацыю. Але іх рэакцыя гаворыць пра адваротнае: яны баяцца, бо разумеюць, што як такога супрацьдзеяння нашым атакам у іх амаль няма.

Мы не можам зараз апублікаваць тое, як яны рэагуюць, бо гэта раскрые нашыя крыніцы. Але насамрэч там даходзіць да курʼёзаў: патрулі ганяюцца за нябачнымі БПЛА, сотні людзей “глядзяць і слухаюць неба” і гэтак далей.

– Каментатары пад вашым відэа выказваюць шкадаванне, што не бачна выніку «бамбавання» базы МУС (чуваць толькі гукі). Пытаюцца, чаму вы не выкарыстоўваеце камеры начнога бачання ці камеры лепшай якасці?

– Гэта тэхнічныя пытанні, і яны вырашаюцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: cpartisans / Telegram

– Колькі вы маеце часу, каб не «запаліцца» і ўцячы падчас і пасля вашых атак?

– Калі вядзецца пра бяспеку для нашых групаў – усе аперацыі пралічаныя. Час пралічваецца на ўсіх этапах.

– Наколькі падобныя акцыя бяспечныя для тых, хто пілатуе дронамі? Якія робіце захады для захоўвання бяспекі?

– Не, мы не можам вам патлумачыць усе аспекты – з меркавання бяспекі. Шкада, што пэўны час нас моцна стрымлівала адсутнасць сродкаў для набыцця адпаведных прыладаў. Але зараз сітуацыя палепшылася – для рэжыму будуць нечаканкі.

«У «Буслоў» зараз на сувязі сотні груп»

– Але што будзеце рабіць, калі ўлады наагул забароняць усе палёты беспілотнікаў над Беларуссю?

– Будзем рабіць тое, што і зараз – дзяўбсці рэжым. Нам іх дазволы непатрэбныя.

– Вы пісалі, што колькасць «буслоў» у групе – гэта цалкам сакрэтная інфармацыя. Але хоць прыблізна – колькі вас? Ці далучаюцца да вас новыя людзі і наколькі гэта бяспечна – прымаць у партызанскую групу новага чалавека?

– Нашая дзейнасць пабудаваная такім чынам, што групы самі ствараюцца з правераных сяброў і ў свой склад незнаёмых не далучаюць.

Можам сказаць, што ў «Буслоў» зараз на сувязі сотні груп, але яны ў асноўным чакаюць пэўнага часу Х. Акцыі прамога дзеяння ладзяць толькі самыя дасведчаныя людзі, тыя, хто гатовы да рызыкі і мае адпаведныя веды. Астатнія – рыхтуюцца, распрацоўваюць планы і гэтак далей.

Hавiны
Кіберпартызанаў прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй
2021.11.30 17:43

– Пры якіх умовах будзеце лічыце сваю місію споўненай? І што тады: расфармуеце сваю ініцыятыву ці будзеце займацца чымсьці іншым?

– Перад намі некалькі найважнейшых задач. А менавіта – ліквідаваць рэжым, забяспечыць тэрытарыяльную цэласнасць краіны і стабілізаваць сітуацыю ў дзяржаве ў пераходны перыяд. Калі выканаем гэта – тады можна будзе казаць пра спаўненне сваёй місіі.

Мы разумеем, што тыя людзі, якія рызыкавалі і ахвяравалі, – гэта нашая нацыянальная эліта. Каму як не ім удзельнічаць далей у дзяржавабудаванні. Таму ўсе, хто гатовы ў постдыктатарскай Беларусі браць актыўны ўдзел у развіцці краіны, зоймуць адпаведныя пасады. Ў тым ліку – у сілавых структурах. Нешта нам падказвае, што вольных месцаў там будзе шмат. Буслы ляцяць!

– Дзякуй за размову!

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў