Зяленскі пра сёняшнія атакі па Украіне: РФ даказала ўсім, што з'яўляецца спонсарам тэрарызму


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў сённяшнія абстрэлы ўкраінскіх гарадоў расейскімі войскамі. Як ён адзначыў у відэазвароце, па ўкраінскіх гарадах было выпушчана 67 ракетаў.

Уладзімір Зяленскі выказаў спачуванне семʼям загінулых і пацярпелых ад расейскі ракетных абстрэлаў Украіны 23 лістапада 2022 года. Скрыншот з відэа на афіцыйнай старонцы прэзідэнта Украіны ў Facebook / zelenskiy.official

«Сёння Еўрапарламент прызнаў Расею дзяржавай-спонсарам тэрарызму. Нарэшце. Дзякуй усім еўрапарламентарыям. А потым Расея даказала ўсяму свету, што гэта ўсё праўда, прымяніўшы 67 ракетаў па нашай інфраструктуры, энергетыцы, звычайным людзям», – сказаў Уладзімір Зяленскі.

Кіраўнік украінскай дзяржавы выказаў спачуванні ўкраінцам, якія страцілі блізкіх у выніку сённяшніх абстрэлаў.

«Вынік трагічны – вялікая колькасць параненых, ёсць загінулыя. Прашу, прыміце мае спачуванні ўсе, хто страціў родных і блізкіх. Што тычыцца святла і водазабеспячэння, усе працуюць: энергетыкі, ГСНС, мясцовыя ўлады. Задача пастаўлена. Мы ўсё гэта адновім, і ўсё гэта пройдзем, таму што мы з вамі нязломны народ. Дзякуй вам усім, беражыце сябе», – дадаў Зяленскі, звяртаючыся да ўкраінцаў.

Hавiны
Еўрапарламент прызнаў Расею дзяржавай – спонсарам тэрарызму
2022.11.23 16:04

У сваю чаргу прэмʼер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што па ўсёй краіне здзейснены аварыйныя адключэнні падачы электраэнергіі.

«Дзяржава-тэрарыст Расея чарговы раз прадэманстравала свету сваю сутнасць. Ракетныя ўдары па энергетычнай інфраструктуры. Па ўсёй краіне зроблены аварыйныя адключэнні электраэнергіі. Гэта вымушаны крок, каб пазбегнуць аварый і разбалансіроўкі сістэмы. Рамонтныя брыгады пачалі ўжо аднаўляць пашкоджаную інфраструктуру», – паведаміў у сваім Telegram-канале прэмʼер-міністр Украіны.

Па словах Шмыгаля, ва ўрадзе правялі аператыўную нараду з кіраўнікамі дыпламатычных місіяў і ўстаноў Украіны за мяжой з удзелам кіраўнікоў Мінэнерга і «Укрэнерга». Вызначылі прыярытэтнасць для пастаўкі ва Украіну энергетычнага абсталявання ад партнёраў, у прыватнасці для рамонту пашкоджанай інфраструктуры і забеспячэння «Пунктаў непахіснасці».

«Даў заданне Мінэнерга наладзіць кругласутачную цесную каардынацыю з МЗС і мытняй. Энергетычнае абсталяванне павінна паступаць ва Украіну хутка і бесперабойна», – падкрэсліў прэмʼер.

Колькасць ахвяраў сёняшняга ракетнага абстрэлу ў Кіеве вырасла. Як паведаміў мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко, варожая атака забрала жыцці трох чалавек, у тым ліку 17-гадовай дзяўчыны, яшчэ 11 жыхароў Кіева пацярпелі і накіраваныя ў шпіталі.

Ад пападання ракеты ў шматпавярховы жылы дом тры чалавекі загінулі ў Вышгарадзе Кіеўскай вобласці . Агульная колькасць ахвяраў ракетнага ўдару 23 лістапада склала шэсць загінулых і 20 параненых. Расейскія ракеты патрапілі ў 16 украінскіх аб’ектаў інфраструктуры. Аб гэтым паведамляе UNIAN cса спасылкай на кіраўніцтва Нацпаліцыі Украіны.

Колькі ракет выпусцілі расейскія войскі па Украіне 23 лістапада 2022 года. Інфаграфіка з тэлеграм-каналу Паветранных сілаў Украіны / kpszsu

Паводле інфармацыі Паветранных сіл ЗСУ, днём 23 лістапада Расія выпусціла па тэрыторыі Украіны каля 70 крылатых ракет Х-101/Х-555, «Калібр». Пры гэтым украінскія абаронцы збілі 51 ракету, а таксама знішчылі пяць дронаў-камікадзэ тыпу «Ланцэт» на поўдні. Паведамляецца, што Расея нанесла масіраваны ракетны ўдар па абʼектах крытычнай інфраструктуры Украіны з самалётаў стратэгічнай авіяцыі і караблёў Чарнаморскага флоту.

«Пускі ажыццёўлены з 10 самалётаў-ракетаносцаў Ту-95мс з Валгадонска Растоўскай вобласці і Каспійскага мора, а таксама з двух малых ракетных катэраў з акваторыі Чорнага мора», – гаворыцца ў паведамленні.

Абноўлена
Расея нанесла новыя ракетныя ўдары па Украіне: без электрычнасці Кіеў, буйныя гарады і Малдова
2022.11.23 17:16

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў