Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 23 лістапада


«Белсат» падводзіць вынікі 273-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 23 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Галоўная палітычная навіна апошніх содняў вайны ва Украіне: Еўрапейскі парламент прызнаў РФ дзяржавай – спонсарам тэрарызму. За гэтую рэзалюцыю выказаліся 494 дэпутаты з 596.

Баец з чачэнскага батальёну, які ваюе на баку Украіны.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum

Цягам апошніх содняў заставалася спакойнай сітуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы. Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны не адзначае фармавання наступальных груповак праціўніка на гэтым кірунку.

На поўначы Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай вобласцяў, якія мяжуюць з Расеяй, фіксуюцца артылерыйскія абстрэлы праціўнікам асобных населеных пунктаў і наваколля.

Між тым аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што Крэмль, намагаючыся аднавіць грамадскую падтрымку вайны ва Украіне, стварае інфармацыйныя ўмовы для атакі пад чужым сцягам на Белгародскую вобласць Расеі. Паводле экспертаў ISW, заявы Расеі абсурдныя, паколькі Украіна не мае стратэгічнага інтарэсу ва ўварванні ў суседнюю краіну, а таксама не мае для гэтага адпаведных сродкаў.

У гэты ж час на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай, дзе непасрэдна праходзіць лінія фронту, працягваюцца пазіцыйныя баі.

Міністэрства абароны РФ піша пра зрывы ўкраінскіх атак у ваколіцах населеных пунктаў Навасёлаўскае і Чырвонапапоўка. Расейскі вайсковы карэспандэнт Сямён Пегаў паведамляе, што ўкраінскія сілы працягваюць спробы прарвацца да адцінку трасы Р-66 на поўначы ад Крэмінной.

У сваю чаргу Генштаб ЗСУ піша пра адбіццё чарговай атакі праціўніка на Белагораўку, Пегаў заяўляе пра атаку расейскіх вайскоўцаў у кірунку Стэльмахоўкі.

Кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай мяркуе, што з прыходам маразоў у рэгіён можна будзе чакаць станоўчых навінаў ад ЗСУ на гэтым участку фронту.

Найбольш складанай застаецца сітуацыя ў Данецкай вобласці, дзе ініцыятывай валодаюць войскі РФ. Украінскае камандаванне паведамляе пра адбіццё атак праціўніка каля населеных пунктаў Спірнае, Бераставое, Бахмут, Курдзюмаўка, Паўночнае, Новабахмутаўка, Краснагораўка, Первамайскае, Невельскае і Мар’інка.

Сямён Пегаў гаворыць, што расейцы таксама штурмуюць Якаўлеўку і Белагораўку (Данецкая вобласць), ЗСУ ў сваю чаргу намагаюцца контратакаваць у ваколіцах Бахмуту і Салядару. Мінабароны Расеі піша пра ўкраінскую контратаку ў кірунку Паўлаўкі на паўночным участку лініі фронту.

Складанай для ЗСУ застаецца сітуацыя ў Мар’інцы, дзе баі працягваюцца ў самім горадзе. Тэлеграм-канал «Иди и смотри» сцвярджае, што расейцы занялі большую частку населенага пункту, ваенкор Яўгеній Паддубны гаворыць пра дзве траціны гораду пад расейскім кантролем, уключна з цэнтральны раёнам. Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь», а таксама інтэрактыўная карта вайны ва Украіне Deepstatemap лічаць, што цэнтр Мар’інкі знаходзіцца ў так званай шэрай зоне, дзе цяпер працягваюцца баі.

У Запарожскай вобласці лінія фронту застаецца нязменнай, пры гэтым бакі канфлікту працягваюць наносіць артылерыйскія ўдары. Таксама Мінабароны Расеі паведаміла пра знішчэнне ўкраінскай дыверсійна-выведнай групы каля сяла Навадараўка. «Рыбарь» піша, што ўжо расейскія ДВГ правялі начную вылазку на апорны пункт ЗСУ каля Гуляйпольскага.

Эвакуацыя жыхароў Херсону, 23 лістапада 2022 г.
Фота: MURAD SEZER / Reuters / Forum

Па лініі фронту ў Херсонскай вобласці таксама працягваюцца артылерыйскія абстрэлы. Пры гэтым масіраваныя ўдары прыходзяцца і па самім абласным цэнтры, дзе размешчаныя значныя сілы ўкраінскага войска.

Пра сітуацыю на Кінбурнскай касе, дзе месцяцца тры падкантрольныя Расеі населеныя пункты Мікалаеўскай вобласці, нічога не паведамляецца.

Тым часам 23 лістапада войскі РФ здзейснілі чарговы масіраваны абстрэл цывільнай інфраструктуры Украіны. Прылёты зафіксаваныя ў Мікалаеўскай, Днепрапятроўскай, Адэскай, Запарожскай, Вінніцкай вобласцях, а таксама ў Кіеве. Аналітыкі ISW лічаць, што расейскія войскі і далей змогуць атакаваць крытычную інфраструктуру Украіны ў вялікіх маштабах.

Генштаб ЗСУ паведаміў, што за содні было знішчана каля 410 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 85 410 чалавек.

Таксама ў сераду адбыўся чарговы абмен ваеннапалоннымі – гэтым разам у фармаце 35 на 35.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў