Паўторныя прысуды актывістам і гітарыстам, масавыя затрыманні, папаўненне «спісу экстрэмістаў». Хроніка рэпрэсій 23 лістапада


«Белсат» працягвае адсочваць факты палітычнага пераследу беларусаў рэжымам Лукашэнкі.

Кіраўніка абʼяднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Анатоль Шумчанка не вярнуўся з допыту ў Баранавічах, куды ездзіў 21 лістапада. Пазней стала вядома, што яго затрымалі паводле арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і пакінулі ў ІЧУ да суда.

У Менску затрыманы супрацоўнік Мінфіну, былы выкладчык Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту. Відэа з ім распаўсюдзілі ў праўладных Telegram-каналах. Мужчына «прызнаецца», што перадаваў «Чорнай кнізе Беларусі» звесткі пра былых калегаў, быў падпісаны на «дэструктыўныя» каналы, удзельнічаў у акцыях пратэсту, абражаў супрацоўнікаў міліцыі.

Таксама праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра затрыманне галоўнага энергетыка прадпрыемства «СветлагорскХімвалакно» Канстанціна Дзікуна і вядучага эканаміста прадпрыемства Руслана Міхаленкі. Прычына – каментары ў інтэрнэце.

Затрыманы сузаснавальнік праекту «Разумны Менск» Сяргей Саўкін. Праўладны тэлеграм-канал піша, што ён «навязваў дзецям і іх бацькам палітычны падтэкст». Сілавікі паказалі фота ідэі навагодняй праграмы, дзе ёсць словы «Стары Дзед Мароз стаміўся, таму прыйшоў час выбіраць новага». Акрамя гэтага, на відэа ад сілавікоў ён «прызнаецца», што «удзельнічаў у акцыях пратэсту, блакаваў рух транспарту і быў падпісаны на »экстрэмісцкія« тэлеграм-каналы». «Разумны Менск» – навукова-папулярны праект для дзяцей і іх бацькоў.

А ў Верхнядзвінску затрыманая грамадская актывістка Валянціна Болбат, удома праведзены ператрус. Прычыны пераследу невядомыя.

У Менскім абласным судзе сёння аднавіўся працэс па справе супраць чатырох салігарчан: Алега і Таццяны Біруля, трэнера Алега Гаўрылава і Сяргея Пасюка. Іх затрымалі за распаўсюд «пратэсных» газет яшчэ 13 снежня 2021 года, але падчас следства спіс артыкулаў КК, па якіх іх абвінавачваюць, вырас да пяці. Паводле версіі абвінавачвання, у студзені і лютым мінулага года ў Салігорску былі выяўлены факты псавання маёмасці ў грамадскіх месцах. На сценах дамоў, гаражах і прыпынках невядомыя пакідалі «экстрэмісцкія» надпісы і выявы, у тым ліку надпіс, які ўтрымліваў паклёп у дачыненні да Лукашэнкі. Суд на палітвязнямі распачаўся 29 жніўня, але ў хуткім часе справу адправілі на дадатковае следства. 16 верасня КДБ дадаў іх у «Спіс тэрарыстаў», хаця ў абвінавачванні няма «тэрарыстычнага артыкула». Справу разглядае суддзя Алена Міснік.

У Магілёўскім абласным судзе 22 лістапада зноў разглядзелі справу супраць 20-гадовай студэнткі Дануты Перадні па тых жа артыкулах Крымінальнага кодэкса (ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 368), па якіх яе ўжо асудзілі 4 ліпеня ў судзе Кіраўскага раёна да шасці з паловай гады калоніі. 11 кастрычніка судовая калегія ў Магілёўскім абласным судзе разглядзела апеляцыйную скаргу Дануты і адмяніла прысуд першай інстанцыі праз непадсуднасць раённаму суду. Магілёўскі абласны суд па новай разглядзеў справу студэнткі, але на вынік для Дануты гэта ніяк не паўплывала. Суддзя Алена Картавенка зноў прызначыла палітзняволенай шэсць з паловай гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Трое кіраўнікоў з Берасцейскага аўтапарку затрыманы за тое, што «распаўсюджвалі бчб-ідэалогію» і эканомілі на простых кіроўцах«. Пра гэта паведаміў праўладны блогер Аляксей Голікаў. Паводле блогера, затрыманы ідэолаг Ігар Парфянюк, начальнік аўтакалоны Сяргей Серада і начальнік ПТА Аляксандр Сарока. Блогер знайшоў «пацверджанне» таго, што ў затрыманых пратэсныя погляды – нібыта ўсе яны ў «Аднакласніках» ставілі «клас» матэрыялам з крытыкай уладаў. Але ў той жа час сцвярджаецца, што прэтэнзіі да іх узніклі «не зусім з-за іх палітычных поглядаў».

Уладзіслаў Плюшчавы, палітвязень, гітарыст «Крамбамбулі» і Pomidor/off. Фота з тэлеграм-канулу «Вясна / Правы чалавека ў Беларусі» / viasna96

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 10 лістапада распачаўся суд над гітарыстам «Крамбамбулі» і Pomidor/off Уладзіславам Плюшчавым. 4 жніўня палітвязня ўжо асудзілі да 2 гадоў калоніі з канфіскацыяй яго асабістага аўтамабіля, а таксама прызначылі штраф у памеры 6 400 рублёў. Гэтым разам музыку вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады); арт. 188 (Паклёп); ч. 3 арт. 203-1 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных). Справу разглядае суддзя Андрэй Млечка. Дзяржабвінаваўца запрасіла для палітвязня тры гады зняволення і 300 базавых велічыняў штрафу з улікам папярэдняга прысуда. Прысуд будзе агучаны 24 лістапада ў 14:00.

Паведамляецца пра факты пераследу 22 і 23 лістапада ў Беларусі ў адносінах да мінімум 13 асобаў з руху «За Свабоду». Рух быў пазбаўлены афіцыйнай рэгістрацыі 19 лістапада 2021 года. Афіцыйная падстава затрыманняў, допытаў і ператрусаў у былых актывістаў і прыхільнікаў грамадскага абʼяднання – «пошук інфармацыі аб працягу актыўнасцяў Руху ў Беларусі».

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі прызнаў выданне Hrodna.life «экстрэмісцкім фармаваннем». Медыя ўнеслі ў адпаведны пералік, апублікаваны на сайце МУС. На сайце Міністэрства ўнутраных справаў апублікавалі абноўлены пералік арганізацыяў, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці». Туды ўнеслі выданне Hrodna.life. Адпаведную пастанову 11 лістапада прыняў КДБ, гаворыцца ў дакуменце. «Група грамадзян з ліку стваральнікаў, удзельнікаў і адміністратараў інтэрнэт-рэсурсу Hrodna.life, Telegram-каналаў «Гродна like!», «Hrodna One Love», а таксама YouTube-каналу «Hrodna One Love» ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць», – пазначаецца ў дакуменце.

Бязвіз
Суддзі за капейкі сталі рабамі Лукашэнкі
2022.11.23 20:44

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў