«Нічога не стрымлівае, каб прыхавана весці справы». Як санкцыі і зброя збліжаюць Беларусь і Іран


Дэлегацыя ўраду Беларусі наведвае Іран і Сірыю – краіны, якія, як і рэжым Аляксандра Лукашэнкі, застаюцца саюзнікамі Расеі ў глабальным супрацьстаянні. І менавіта ваенныя пытанні, на думку ўкраінскай выведкі, могуць быць галоўнымі ў візіце беларускіх чыноўнікаў у Тэгеран.

Вярхоўны лідар Ірану аятала Сэед Алі Гусэйні Хамэнэі выступае падчас сустрэчы з чальцамі Рады ацэнкі палітычнай мэтазгоднасці ў Тэгеране, Іран, 12 кастрычніка 2022 года.
Фота: WANA NEWS AGENCY / Reuters / Forum

Урадавая дэлегацыя Беларусі на чале з прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам з 22 лістапада наведвае Іран. Гэта ўжо не першая сустрэча прадстаўнікоў дзвюх краінаў на высокім узроўні за апошнія месяцы. Так, 16 верасня на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы ў Самаркандзе з прэзідэнтам Ірану Эбрагімам Раісі сустрэўся Аляксандр Лукашэнка, а 26–27 кастрычніка Тэгеран з візітам наведаў кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей.

На сустрэчы 22 лістапада з першым віцэ-прэзідэнтам Ірану Магамадам Махбэрам Галоўчанка падкрэсліў, што яго прыезд не звязаны наўпрост з абмежаваннямі супраць Менску, але ўсё ж успомніў «аб нелегітымных санкцыях, якім падвяргаюцца нашы дзяржавы».

Са словаў прэм’ера, у гэтым годзе беларуска-іранскія адносіны квітнеюць, але краінам ўсё яшчэ «вельмі важна супольнымі намаганнямі справіцца з тымі выклікамі, якія ставіць перад намі калектыўны Захад».

Галоўчанка прапанаваў «аб’яднаць намаганні на ўсіх участках для захавання Беларуссю і Іранам сваіх эканамічных пазіцыяў і стварыць умовы для далейшага ўстойлівага развіцця». Ён адзначыў, што ў гэтым годзе дзве краіны істотна павялічылі аб’ём супрацы на многіх кірунках, але «яшчэ неабходна зрабіць цэлы шэраг крокаў, правесці шэраг мерапрыемстваў, падпісаць шэраг дакументаў».

Прэм’ер падкрэсліў, што «ёсць велізарная акно магчымасцяў, якім мы абавязаны скарыстацца, каб зрабіць нашу прамысловасць больш мацнаю, нашы народы – больш багатымі, а нашу палітычную сістэму – больш трывалай». У прыватнасці, прапаноўваецца дамовіцца аб праекце дарожнай мапы двухбаковага супрацоўніцтва на 2023–2026 гады, дзе «змяшчаецца канкрэтны алгарытм дзеянняў для развіцця гандлю, інвестыцыйных праектаў, актывізацыі кантактаў паміж ведамствамі краіаўн на ўсіх узроўнях».

Першы віцэ-прэзідэнт Ірану Махбэр у сваю чаргу заявіў, што ў яго краіны «назапасіўся добры досвед, падыходы да такіх санкцыяў». Іранскі палітык прапанаваў «заняцца абменам у гэтай сферы».

Эканоміка расце, але раней было лепш

Як паведамляе БелТА, тавараабарот Беларусі і Ірану істотна вырас у 2022 годзе. Так, у студзені – верасні 2022 года ён дасягнуў $ 63,6 млн (рост у 2,9 разу да аналагічнага перыяду 2021 года), экспарт – $ 48,6 млн (у 4,4 разу). Аднак у абсалютных ліках гэтыя паказнікі ўсё ж неістотныя. Паводле звестак Белстату, замежнагандлёвы абарот тавараў Беларусі за гэты ж перыяд склаў $ 54 млрд, у тым ліку экспарт – $ 27,3 млрд.

Характэрна, што тавараабарот Беларусі і Ірану ў 2022 годзе, нягледзячы на рост, далёкі ад максімуму за апошнія 10 гадоў, які быў усталяваны ў 2011 годзе, калі беларускі экспарт у Іран склаў $ 129,8 млн.

Паводле сайту амбасады Беларусі ў Тэгеране, асноўныя пазіцыі беларускага экспарту ў Іран – вырабы з дрэва, газетная папера, падшыпнікі і іншыя прамысловыя тавары. Іран жа пастаўляе ў Беларусь садавіну і сухафрукты, арэхі, медычныя прылады і лекі. Але вось пры дапамозе чаго атрымалася павялічыць пастаўкі сёлета, застаецца невядомым, паколькі афіцыйная статыстыка на гэты конт засакрэчаная.

Эканоміка з націскам на зброю?

Візіт Галоўчанка праходзіць на фоне паведамленняў аб датычнасці афіцыйнага Менску да выкарыстання Расеяй іранскіх дронаў у яе вайне супраць Украіны. 3 лістапада ўкраінскі Цэнтр нацыянальнага супраціву паведаміў, што ў Беларусі можа пачацца вытворчасць іранскіх ваейсковых дронаў. Дарэчы, за межамі Ірану іх ужо вырабляе Таджыкістан.

«Ёсць рызыкі наладжвання вузлавой зборкі ў Беларусі, бо мясцовы 558-ы авіярамонтны завод ва ўзаемадзеянні з кампаніяй «Кванд ИС» фарсіраваў работы для стварэнню ўласных «дронаў-камікадзэ», што можа быць прыкрыццём для выкарыстання іранскіх напрацовак», – пісаў Цэнтр нацыянальнага супраціву.

Таксама паведамлялася, што ў Беларусі перабывалі іранскія інструктары ў дронах-камікадзэ, якіх Расея выкарыстоўвае для нападаў на інфраструктуру Украіны.

«Ёсць звесткі, што іх тэрмінова эвакуявалі з тэрыторыі Украіны менавіта да гэтага вусатага прусака, у Гомельскую вобласць. І там яны трэнуюць расейцаў запускаць гэтыя самыя дроны, якія запускалі па поўдні, па Кіеве, па паўночных тэрыторыях нашай дзяржавы», – заяўляў спікер Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Братчук.

Іранскія дроны «Shahed-129», так званыя дроны-самазабойцы, якія фактычна з’яўляюцца павольнымі крылатымі ракетамі.
Фота: SalamPix/ABACA / Abaca Press / Forum

Акрамя таго, 17 лістапада Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны паведамляла, што ў Беларусі пры дапамозе Ірану плануюць наладзіць вытворчасць снарадаў калібраў 152 мм і 122 мм для рульнай артылерыі і РСЗА. Таксама высвятляецца магчымасць збору рэактыўных снарадаў калібраў 122 мм, 220 мм і 300 мм з імпартных складнікаў. Менавіта з гэтымі пытаннямі украінская выведка звязвала запланаваны візіт беларускай дэлегацыі ў Іран:

«Спіс пытанняў для абмеркавання з іранскім бокам датычыць усяго цыклу вытворчасці – ад тэхналогіі выплаўлення сталі для дэталяў боепрыпасаў да афарбоўвання снарадаў і тары, якая выкарыстоўваецца для іх упакоўкі».

Сведчыць на карысць гэтай версіі можа і тое, што сярод чальцоў беларускай дэлегацыі журналісты заўважылі старшыню Дзяржаўнага камітэту вайсковай прамысловасці Дзмітрыя Пантуса.

Можа ў Ірану быць інтэрас і да беларускіх паставак азоту, таксама ў вайсковай галіне. Так, 13 лістапада прадстаўнікі ВМФ ЗША выявілі на караблі з еменскімі маракамі больш за 100 т азотных угнаенняў і больш за 70 т перхларату амонія, які выкарыстоўваецца для вытворчасці ракетнага паліва і выбухоўкі. Карабель перахапілі на маршруце, які Іран выкарыстоўвае для дастаўкі зброі паўстанцам-хусітам у Емен.

Як адзначае выданне turkmen.news, азот быў пастаўлены ў Іран у абыход санкцыяў з Туркменістану. Але нельга выключаць і таго, што сваю прадукцыю можа прапанаваць да паставак у Іран і гарадзенскі «Азот», які сам застаецца пад санкцыямі.

«Гаворка ідзе аб абмене тэхналогіямі»

У каментары  «Белсату»  аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ілля Куса адзначыў, што раней неаднаразова заяўлялася пра зацікаўленасць Беларусі ў імпарце з Ірану ракетных тэхналогіяў. Пры гэтым таксама абмяркоўваліся пастаўкі ўжо з Беларусі ў Іран тэхналогіяў, якія датычаць зенітна-ракетных комплексаў. Асабліва тых мадэляў ЗРК «Бук», якія Менск распрацоўваў разам з Кітаем.

«Я мяркую, што гаворка ідзе аб абмене тэхналогіямі ў любым выпадку. Напэўна, яны таксама будуць абмяркоўваць пытанне лакалізацыі вытворчасці на тэрыторыі Беларусі», – заявіў суразмоўца.

З ягоных словаў, пакуль не зразумела, ці можна візіт Галоўчанкі разглядаць асобна, ці ж ён ідзе «ў звязку з расейскай палітыкай».

«Гэта частка стратэгіі Расеі ў лакалізацыі вытворчасці тых жа дронаў не толькі на сваёй тэрыторыі, але атрымліваецца, яшчэ і на тэрыторыі Беларусі? Гэта пакуль адкрытае пытанне. Пакуль незразумела, гэта аўтаномная гульня Менску ці не», – падкрэсліў Ілля Куса.

Хто каго навучыць абыходзіць санкцыі?

Аналітык адзначыў, што супрацоўніцтва рэжымаў у Тэгеране і Менску ў розных сферах спрашчае якраз тое, што яны абодва застаюцца пад санкцыямі.

«Як гэта ні парадаксальна, іх нічога не стрымлівае ад таго, каб паўнавартасна прыхавана проста весці справы. Кантрабандай завозіць праз нелегальныя схемы, трэція краіны і фірмы-пракладкі», –  заявіў суразмоўца.

А вось адносна таго, што Іран зможа падзяліцца досведам абыходу санкцыяў, Ілля Куса ставіцца скептычна. На ягоную думку, ацэнка поспеху моцна залежыць ад пастаўленых мэтаў і чакання ад гэтых санкцыяў.

«Тым, хто чакаў, што гэтыя санкцыі прывядуць да абвальвання іранскай эканомікі, можна сказаць, што Іран справіўся, бо абвальвання не адбылося. Але хто чакаў, што іранская эканоміка скароціцца ў выніку шматгадовага санкцыйнага ціску, то гэта і адбылося», –  заявіў аналітык.

Іранскія жанчыны трымаюць рэлігійныя сцягі. Мітынг у Тэгеране, Іран, 27 верасня 2021 г.
Фота: WANA NEWS AGENCY / Reuters / Forum

Ілля Куса падкрэсліў, што санкцыі не змянілі ваенныя і палітычныя паводзіны Ірану. Але і досвед, які Іран атрымаў у абыходзе санкцыяў, – «гэта не ўніверсальныя таемныя веды, якія можна ўжываць пры кожным зручным выпадку».

«У Ірану, напрыклад, ёсць багаты досвед таго, як прадаваць нафту ва ўмовах эмбарга. Нягледзячы на тое, што былі санкцыі, яны прадавалі нафту. У меншых маштабах, чым маглі легальна, але яны ўсё роўна яе рэалізоўвалі», – лічыць Куса.

У прыватнасці, на ягоную думку, Іран можа даць рэжыму Лукашэнкі сваю інфраструктуру і лагістыку, танкерны флот, які нелегальна прадаваў нафту. Але, адзначыў суразмоўца, шчыліны ў санкцыях ёсць у любым выпадку і, каб скарыстацца імі, асаблівы іранскі досвед не вельмі і патрэбны.

Экспансія ў Сірыю

Пасля Ірану Галоўчанка плануе накіравацца ў суседнюю Сірыю. Ілля Куса мяркуе, што сэнс гэтага візіту будзе процілеглы паездцы ў Іран: не ўзаемавыгадныя праекты, а беларуская эканамічная экспансія.

Аналітык адзначыў, што беларускія кампаніі і так «вельмі добра ўзмацнілі свае пазіцыі на сірыйскім рынку». У тым ліку дзякуючы таму, што праз санкцыі ніхто не хоча супрацоўнічаць з Дамаскам. Таксама, падкрэсліў Ілля Куса, расейцы ў Сірыі не займаліся эканамічнай экспансіяй, а толькі вайскова-палітычным кампанентам. Чым актыўна карыстаюцца іранскія і беларускія кампаніі.

Разбор
Душаць пратэсты і пастаўляюць дроны Расеі. Што адбываецца ў Іране, і што з гэтым можна зрабіць
2022.10.24 16:03

Макар Мыш / Авер belsat.eu

Стужка навінаў