Херсон вызвалілі, а што было далей? Галоўнае пра вайну ва Украіне за два тыдні


Пасля сыходу расейскіх войскаў з Херсону і левага берагу Дняпра мапа вайны ва Украіне амаль не змянялася. Але гэта не значыць, што вайна сціхла. Глядзім, што адбывалася пасля 9 лістапада.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковец Збройных сілаў Украіны з сабакам.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Як гэта выглядае на мапах

Шэраг супольнасцяў складае мапы баявых дзеянняў на падставе адкрытых звестак. Сярод такіх – амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW), які на дадатак да мапаў штодзень выдае аналітычныя артыкулы пра гэтую і іншыя войны. На іх мапе цяжка пабачыць змены пасля 11 лістапада:

Мапа вайны ва Украіне ад 9 да 22 лістапада. Колерамі пазначана: блакітным – нядаўна вызваленыя Украінай і раней акупаваныя Расеяй тэрыторыі, ружовым – занятыя Расеяй тэрыторыі Украіны, жоўтым – тэрыторыі, заяўленыя Расеяй як занятыя, сінія дыяганальныя лініі – зоны партызанскай актыўнасці на акупаваных тэрыторыях. Выява: understandingwar.org

Бачна, што пасля 11 лістапада не было зменаў ад Херсону да Запарожжа і нават далей – да Вугледару, што ў Данецкай вобласці:

Мапа вайны ва Украіне 9 і 22 лістапада. Колерамі пазначана: блакітным – нядаўна вызваленыя Украінай і раней акупаваныя Расеяй тэрыторыі, ружовым – занятыя Расеяй тэрыторыі Украіны, жоўтым – тэрыторыі, заяўленыя Расеяй як занятыя. Выява: understandingwar.org

Падобную карціну дае ўкраінскі праект «Deep State»:

Мапа вайны ва Украіне 9 і 22 лістапада. Колерамі пазначана: блакітным – нядаўна вызваленыя Украінай і раней акупаваныя Расеяй тэрыторыі, зялёным – вызваленыя даўней, чырвоным – занятыя Расеяй тэрыторыі Украіны, шэрым – тэрыторыі, пра якія патрэбныя ўдакладненні. Выява: deepstatemap.live

Што за гэты час адбылося

  • 9 лістапада Расея абвясціла аб адводзе войскаў з Херсону, падарвалі ўсе масты каля Херсону. Украінскія медыі скептычна паставіліся да гэтага, але войскі Расеі напраўду пачалі адыходзіць.
  • 11 лістапада расейскія войскі завяршылі адыход з Херсону. А херсонцы выйшлі святкаваць вызваленне яшчэ да таго, як у горад зайшлі Збройныя сілы Украіны. Украінскія войскі, такім чынам, вызвалілі звыш 3000 км² тэрыторыі. 14 лістапада ў Херсон прыехаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Падобна, Расея адступала з малымі стратамі – значна меншымі, чым пры ўцёках з Херсоншчыны.
Агляд
Як беларуская дзяржаўная прапаганда адрэагавала на вызваленне Херсону
2022.11.14 23:03
  • Пасля гэтага баі трывалі на лініі сутыкнення на паўночным захадзе Украіны. Лінія фронту змянілася нязначна – цяжка сказаць, на чыю карысць. Найбольш жорсткія баі трываюць у раёнах, дзе Расея спрабавала наступаць: між Сватава і Крамянной у Луганскай вобласці, каля Бахмуту, Аўдзееўкі і Вуглядару Данецкай вобласці.
  • Брытанская выведка лічыць раён Сватава найбольш слабым месцам для Расеі.
  • Украіна заяўляе, што праводзіць аперацыю на Кінбурнскай касе, што насупраць Ачакава і на «выхадзе» з Дняпра ў Чорнае мора, але падобна, што аперацыя пакуль абмяжоўваецца абстрэламі, каса пакуль застаецца пад кантролем Расеі.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы Збройных сілаў Украіны на фронце.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook
  • Калі верыць Генеральнаму штабу ЗСУ, з 9 да 23 лістапада Расея страціла 7460 чалавек (агулам з 24 лютага – 85,4 тыс.), 96 танкаў, 166 баявых бронемашынаў, 85 артылерыйскіх сістэмаў і 2 рэактыўныя сістэмы залпавага агню, 4 сістэмы супрацьпаветранай абароны, 1 верталёт і іншую тэхніку. Расея аб сваіх стратах практычна ніколі не кажа, а лічбы ўкраінскіх стратаў называе крайне нерэалістычныя; Украіна свае страты называе рэдка, праўдзівасць украінскіх заяваў пра расейскія страты праверыць немагчыма.
  • Прыкметаў таго, што сітуацыя на фронце істотна зменіцца бліжэйшым часам, не відаць. Ці праўда, што зіма значна знізіць інтэнсіўнасць баявых дзеянняў, невядома. Украіна не збіралася спыняцца на зіму, ды і Расея не захацела здавацца пасля страты Херсону (хоць «эліты» пачынаюць нешта падазраваць). Расея ўмацоўвае пазіцыі як на правым беразе Дняпра на Херсоншчыне, так і каля ракі Сіверскі Данец на Данбасе, і нават будуе ўмацаванні на поўначы Крыму.
Разбор
У ПВК Вагнэра паказальна забілі кувалдай экс-ваяра, які здаўся ў палон. Навошта?
2022.11.14 17:14
  • 15 лістапада Расея ўчыніла масаваны абстрэл энергетычнай інфраструктуры Украіны. Адна ракета трапіла на тэрыторыю Польшчы і забіла двух чалавек. Польшча заявіла, што гэта было няшчасным здарэннем: імаверна, ракета была ад украінскай сістэмы супрацьпаветранай абароны і гналася за расейскай, а на тэрыторыю Польшчы трапіла выпадкова.
  • 17 і 23 лістапада Расея ўчыняла новыя масіраваныя, але ўжо слабейшыя абстрэлы Украіны. 20 лістапада хтосьці абстрэльваў Запарожскую АЭС, Расея і Украіна вінавацяць адна адну. 24 лістапада Расея на паседжанні Рады бяспекі ААН паабяцала працягнуць абстрэлы цывільнай інфраструктуры Украіны.
  • Адметна, што пасля 17 лістапада Расея, падобна, не выкарыстоўвала іранскіх дронаў-камікадзэ – брытанская выведка мяркуе, што запасы гэтых дронаў скончыліся, а большасць дронаў Украіна збіла. Дроны-камікадзэ Расея ўжывала, імаверна, праз скарачэнне запасаў ракетаў.
Аналітыка
Якім чынам NATO і краіны-ўдзельніцы адрэагавалі на падзенне ракеты на тэрыторыі Польшчы?
2022.11.23 08:00
  • 14 лістапада Генеральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб рэпарацыях Украіне з боку Расеі. Гэтая рэзалюцыя ні да чаго не абавязвае, але заклікае стварыць механізм кампенсацыі шкоды. «За» прагаласавалі 94 краіны, «супраць» – толькі 13.
  • 21 лістапада Парламенцкая асамблея NATO прызнала Расею дзяржавай-тэрарыстам. 23 лістапада Еўрапарламент прызнаў Расею дзяржавай – спонсарам тэрарызму. Раней расейскі рэжым прызнала тэрарыстычным Парламенцкая асамблея Рады Еўропы, а таксама асобныя краіны.
Аналітыка
Падпісалі новую дамову аб экспарце ўкраінскага збожжа. Куды і колькі прадукцыі ўжо экспартавалі?
2022.11.22 11:55

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў