«Яна гатовая ўвесь боль жанчын браць на сябе». Вольга Шпарага пра затрыманне Вольгі Гарбуновай


Затрыманую актывістку Вольгу Гарбунову, якая займаецца праблемамі хатняга гвалту, падазраюць у арганізацыі леташніх жаночых маршаў, паведамляе МУС.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міліцыянты атачылі ўдзельніц жаночага маршу каля гандлёвага цэнтру «Еўропа» і «Айсберг» і жорстка затрымлівалі кожную. Менск, Беларусь. 19 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Актывістцы выставілі абвінавачанне ў арганізацыі ды рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Мы пагутарылі з філосафкай і ўдзельніцаю фемгрупы Каардынацыйнай рады Вольгаю Шпарагаю пра дзейнасць Вольгі Гарбуновай і тое, чаму сілавікі больш як праз год згадалі жаночыя маршы.

«Выбітная асоба ў барацьбе супраць дыскрымінацыі жанчын і ЛГБТК-людзей»

Вольга Шпарага знаёмая з Вольгаю Гарбуноваю, яны рабілі шмат праектаў. Пазнаёміліся жанчыны на адной з падзеяў на тэму супрацьдзеяння гвалту ў дачыненні жанчын:

«Праекты, якімі я займалася, былі звязаныя з тэмаю недыскрымінацыі паводле гендарнай прыкметы. І калі займаешся такою тэмаю, то немагчыма не пазнаёміцца з Вольгаю, бо яна выбітная асоба ў барацьбе супраць дыскрымінацыі жанчын і ЛГБТК-людзей. Я чула ейную лекцыю пра розныя формы гвалту ў дачыненні жанчын, пра фінансавы, эканамічны гвалт ды іншыя, цэлы веер відаў гвалту. І я заўжды цаню, што Вольга знітоўвае гэта са сваім уласным досведам, што яна жыве гэтым дзень і ноч. Яна не раз распавядала, што тэлефон прытулку «Радзіслава» ў яе заўжды быў уключаны, яна рэагавала на званкі ў любы час. У нас ёсць жанчыны, якія займаюцца пытаннем гвалту паводле гендарнай прыкметы, але Вольга – самая бачная асоба, якая атаясамлівае барацьбу супраць гвалту».

Hавiны
Затрымана вядомая актывістка ў сферы жаночых правоў Вольга Гарбунова
2021.11.09 22:36

Удзельніца фемгрупы КР апісвае актывістку як моцную і вельмі адкрытую асобу:

«Яна гатовая ўвесь гэты боль жанчын браць на сябе. Гэта вельмі цяжка. Я б не здолела займацца такою працаю. У той жа час я разумею, што яна і датклівая, бо распавядала пра свой трагічны досвед, яна застаецца чулліваю да сітуацыі іншых жанчын. Гэта значыць, што яна добра адчувала слабую абароненасць сваю і чужую. Побач з ёй і падчас нефармальнай камунікацыі адчуваеш гэтую шчырую падтрымку», – падзялілася меркаваннем Вольга Шпарага.

Філосафка параўноўвае Вольгу Гарбунову з узорнай энергічнай асобай, якая ўвесь час абараняе жанчын, шукае партнёраў і партнёрак, каб разам змагацца супраць гвалту, і гэта адбываецца бесперапынна.

«Яна заўжды мяне натхняе», – прызналася Шпарага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жаночы марш ля Камароўскага рынку. Менск, Беларусь. 19 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Прасоўвала ідэю эканамічнай незалежнасці жанчыны»

Апошнім часам Вольга Гарбунова працавала таксоўцай, а калі ёй налічылі вялізны штраф за пратэсты, то замест збору на дапамогу сабе яна пастанавіла рабіць і прадаваць завушніцы.

«Для Вольгі вельмі істотна прасоўваць ідэю эканамічнай незалежнасці жанчыны. І яна дэманструе гэта сваім прыкладам: у любой сітуацыі знайсці варыянт на эканамічную незалежнасць. І гэта важная ідэя абмену: у грамадстве мы можам дапамагаць адно аднаму на розных узроўнях, нават калі робіш нешта невялікае. І калі просіш нейкіх людзей дапамагчы, ты таксама можаш ім нечым дапамагчы ў адказ, а не проста прасіць. Такі абмен істотны для грамадства: рабіць завушніцы, пасядзець з дзецьмі, хоць што. А паколькі Вольга яшчэ і анархістка, то яна падтрымлівае ідэю ўзаемасувязі знізу: грамадства можа так самаарганізавацца, што кожны можа стаць часткаю сеткі шэрынгу ды ўзаемадапамогі. Мы ў рэвалюцыю пабачылі, як людзі адно аднаму дапамагаюць. І падчас ковіду. І феміністкі падтрымлівалі адна адну. А Вольга нам гэта паказвае і сама ўвасабляе такія практыкі», – разважае філосафка.

Артыкулы
Палітзняволеная актывістка Гарбунова спыніла галадоўку, якую трымала амаль два тыдні
2021.11.23 10:04

Шпарага падкрэсліла: Гарбунову затрымлівалі некалькі разоў на маршах, але актывістка не пакінула Беларусі, дзе ёй было відавочна небяспечна, праз адказнасць.

«Я мяркую, што матывацыя ў Вольгі была такая: пакуль яна можа дапамагаць іншым жанчынам і такая дапамога неабходная, яна мусіць заставацца. Цяпер навісла пагроза ліквідацыі «Радзіславы», і калі б нават Вольга з’ехала, то жанчыны засталіся б без істотнай часткі дапамогі», – адзначае філосафка.

Артыкулы
Актывістку Вольгу Гарбунову падазраюць у арганізацыі леташніх жаночых маршаў
2021.11.10 16:50

Вольга Гарбунова ўжо не была дырэктаркаю шэлтару для жанчын, але займалася іншымі праектамі для дапамогі ахвярам гвалту.

«Ейнае затрыманне аслабляе агулам жаночы актывізм, фемінісцкі актывізм, узаемадапамогу. Вольга не кіравала «Радзіславай», але цяпер і гэта пад забаронаю, разам з нэтўоркінгам жанчын. Я думаю, што гэта ўдар яшчэ і па самой магчымасці падтрымліваць адно аднаго. Тое, што хоча зрабіць рэжым, – гэта каб людзі сядзелі па дамах, былі абыякавымі, баяліся выходзіць і не дапамагалі. Вольга абараняе гэты нэтўоркінг і гэтыя сувязі», – перакананая ўдзельніца фемгрупы КР.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 19 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Яна яскравая, а такіх людзей і хочуць бачыць арганізатарамі»

Пра абвінавачанне Гарбуновай у арганізацыі маршаў Шпарага адказала, што абвінаваціць маглі ў чым заўгодна:

«Я прытрымліваюся пазіцыі, што арганізатарак было шмат. І ўсе мы, удзельніцы маршаў, і ёсць арганізатаркі, а іх 10 і 20 тысячаў. І нават больш. Бо тыя, хто не выходзіў, бралі ўдзел іншым чынам. Вольга – яскравая, а такіх людзей і хочуць бачыць арганізатарамі».

Hавiны
Супраць гвалту і злачыннасці. Як спынялі кровапраліцце апошнія тысячы гадоў ад Грэцыі да Афрыкі
2021.08.12 19:16

Акрамя таго, затрыманне актывісткі Вольга Шпарага звязвае з закрыццём шэрагу грамадскіх установаў, што займаліся гендарнымі пытаннямі:

«Рэжым бачыць феміністак, ЛГБТК-супольнасць, гендарныя ўстановы як моц і вялікі сегмент грамадства. Вольга ж увасабляе феміністку, заўжды гэта падкрэслівае, змагаецца супраць любога гвалту, а гэта расцэньваецца як штосьці, што супярэчыць палітыцы Лукашэнкі. Бо цяпер усё, што робіць рэжым, прасякнутае гвалтам. А феміністкі паказалі, што яны не пацярпяць гвалту, былі на маршах са сваймі лозунгамі. І людзей, якія асацыююцца з барацьбою супраць гвалту, рэжым і намагаецца затрымаць ды абвінаваціць. Бо рэжым хоча, каб ніхто не супраціўляўся гвалту, а мусіць толькі баяцца, падпарадкоўвацца. Вольга заўжды паказвае, што не трэба баяцца. І жаночыя маршы сталі выражэннем супраць гвалту».

Гісторыі
«Я прыдумала зрабіць самы жаночы пратэст». Жанчыны распавялі, чаму захацелі заводзіць дзяцей у Беларусі
2021.10.14 08:30

Вольга Шпарага звярнула ўвагу, што цяпер у піку ідэям гендарнай роўнасці і фемінізму ў Беларусі набірае абароты прасоўванне гэтак званых традыцыйных каштоўнасцяў праз прапаганду, а «прапагандысты бачаць у феміністках ды актыўных жанчынах небяспеку».

Жаночы пратэст
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 26 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Інтэрв’ю
Ці будзе месца жанчынам у новай Беларусі? Адказ не такі відавочны
2021.03.08 09:20

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў