«Танальнасць была нязвыкла жорсткая». Эксперты прааналізавалі інтэрв’ю Лукашэнкі «Бі-Бі-Сі»


Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі і палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі па просьбе belsat.eu прааналізавалі рэзананснае інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі журналісту «Бі-Бі-Сі» Стыву Розэнбергу.

Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрв’ю са Стывам Розэнбергам. Менск, Беларусь. 19 лістапада 2021 года.
Фота: Сяргей Шэлег / БЕЛТА / / TASS / Forum

«Інтэрв’ю прайшло не па правілах Лукашэнкі»

Журналіст і палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі лічыць, што інтэрвю «Бі-Бі-Сі» паказала: Лукашэнка развучыўся аргументавана дыскутаваць і выслухоўваць суразмоўцу.

Hавiны
Продкі журналіста «Бі-Бі-Сі», які размаўляў з Лукашэнкам, паходзяць са Шклоўшчыны
2021.11.23 16:32

«Гэта было вельмі эмацыйнае інтэрвю. Ён перабіваў журналіста, звяртаўся на «ты» і наогул у даволі агрэсіўнай манеры вёў размову. Відавочна, што за шмат гадоў персаналісцкага кіравання Лукашэнка ўжо адвык, што яму задаюць вострыя пытанні і з ім дыскутуюць. Імаверна, у ягоным атачэнні толькі паддакваюць, гавораць тое, што яму прыемна. Таму было бачна, што Лукашэнка адчувае дыскамфорт ужо проста ад нейкіх пытанняў, якія яму не да спадобы», – адзначае эксперт.

Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі таксама лічыць, што Лукашэнка не быў гатовы да такой вострай размовы з журналістам «Бі-Бі-Сі».

«Танальнасць інтэрвю была нязвыкла жорсткая для Лукашэнкі. Ён асабіста даволі нервова рэагуе, калі журналіст з «poker face» настойвае на адказах на пытанні і мае жывыя прыклады, якія абвяргаюць выказванні Лукашэнкі. Інтэрвю прайшло не па правілах Лукашэнкі, а па правілах журналістыкі. А гэта рэдкая для яго зараз практыка – размова па правілах», – кажа Быкоўскі.

Паўлюк Быкоўскі.
Фота: ТК / Белсат

Медыяэксперт канстатуе, што апошнім часам Лукашэнка прывык да іншых падыходаў. Або з ім размаўляюць журналісты дзяржаўных СМІ, якія працуюць у фармаце «чего изволите». Або ён дае інтэрвʼю расейскім журналістам, якія трымаюцца больш вольна, але ў значнай ступені таксама абслугоўваюць інтарэсы Лукашэнкі. Іншая справа – нядаўняе інтэрвю CNN, якое ў пэўным сэнсе выглядала як змаганне Лукашэнкі з журналістам. Але Лукашэнка ў тым змаганні перамог.

«Цяпер, у выпадку з журналістам «Бі-Бі-Сі», нельга сказаць, што Лукашэнка перамог», – падкрэслівае эксперт.

Паўлюк Быкоўскі лічыць, што гэтае інтэрвю прадэманстравала моцныя бакі брытанскай школы журналістыкі. Ён звяртае ўвагу на тое, што на «Бі-Бі-Сі» дзесяцігоддзямі выходзіць перадача «HARDtalk», дзе прывыклі задаваць вострыя пытанні палітыкам і добра рыхтавацца да інтэрвю, каб мець прыклады і пры неабходнасці сказаць суразмоўцу: «Гэта не адказ на маё пытанне» (як гэта і рабіў падчас размовы з Лукашэнкам Стывен Розэнберг).

Артыкулы
Правал гамбіту, віла на Рывіеры і яйкі зязюлі. Што пішуць пра Лукашэнку ў заходніх медыях
2021.11.22 20:13

«Сілавікі ўспрымуць без захаплення»

Аляксандр Класкоўскі звяртае ўвагу на два важныя прызнанні Лукашэнкі падчас інтэрв’ю: ён пацвердзіў, што пратэстоўцаў на Акрэсціна збівалі, а таксама дапусціў, што беларускія сілавікі маглі дапамагаць мігрантам незаконна пераходзіць мяжу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты ля лагістычнага цэнтру «Брузгі». Гарадзенская вобласць, Беларусь.
Фота: KACPER PEMPEL / Reuters / Forum

«Гэтыя заявы супярэчаць ранейшым заявам самога Лукашэнкі і іншых прадстаўнікоў улады. Па-першае, раней улады адмаўлялі збіццё пратэстоўцаў і казалі, што тыя самі сабе малявалі сінякі. Па-другое, сцвярджалі, што мігранты дзейнічалі абсалютна самі па сабе.

Думаю, што сілавікі без захаплення гэтыя рэчы ўспрынялі. Яны могуць разважаць так: ну вось, сёння ён у такой ускоснай форме прызнае гэтыя рэчы, а заўтра можа пачнецца нейкі палітычны торг з Захадам і кагосьці з сілавікоў Лукашэнка зробіць «ахвярнымі казламі», скажа, што яны перагнулі кій. Натуральна, ніхто ўслых абурацца не будзе, але для сябе сілавікі нейкую засечку зробяць – падумаюць, што пазіцыі іх не настолькі надзейныя, як здавалася», – разважае Класкоўскі.

Паўлюк Быкоўскі вылучае некалькі цікавых момантаў у інтэрвю. У прыватнасці, Лукашэнка адмаўляе, што Уладзімір Пуцін раіў яму весці перамовы з апазіцыяй. Таксама Лукашэнка заявіў, што са Святланай Ціханоўскай ён гатовы размаўляць толькі тады, калі Пуцін пачне размаўляць з Аляксеем Навальным (то бок дэ-факта цалкам выключыў такую магчымасць).

«Гэта азначае, што не ўсё так бясхмарна ў беларуска-расейскіх стасунках, і што ў Пуціна ўсё ж быў нейкі план адносна зменаў у Беларусі, але гэты план не задавальняе Лукашэнку», – мяркуе эксперт.

Быкоўскі звяртае ўвагу на шэраг маніпуляцыйных прыёмаў, якія выкарыстоўваў Лукашэнка падчас інтэрвю. Напрыклад, Лукашэнка не бярэ на сябе адказнасць за міграцыйны крызіс, але бачна, што гэта балючае пытанне для яго, таму ён паспрабаваў пераключыць увагу, звярнуўшыся да тэмы Другой сусветнай вайны. Хаця наўрад ці заходняя аўдыторыя зразумее, пры чым тут вайна і, чаму Вялікая Брытанія павінна разлічыцца за яе з Беларуссю.

Артыкулы
Намесніца дзяржсакратара ЗША Узра Зэя: «Мы рыхтуем новыя санкцыі»
2021.11.21 22:41

Лукашэнка маніпуляцыйна перавёў праблему санкцыяў у парадыгму жыцця і смерці («мы не памрэм, мы будзем жыць»). Хаця відавочна, што санкцыі супраць рэжыму ўводзіліся не для таго, каб хтосьці паміраў. Таксама Лукашэнка падчас інтэрв’ю заявіў, што Захад фінансаваў пратэсты ў Беларусі. У якасці аргументу ён спаслаўся на тое, што лідары апазіцыі потым знайшлі прытулак у еўрапейскіх краінах. Хаця ў гэтым сцверджанні парушана прычынна-выніковая сувязь, падкрэслівае Быкоўскі.

Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрв’ю са Стывам Розэнбергам. Менск, Беларусь. 19 лістапада 2021 года.
Фота: Сяргей Шэлег / БЕЛТА / / TASS / Forum

«Але пэўнай часткай беларускай аўдыторыі ягоныя словы могуць успрымацца, бо калі ідзе цэлая кулямётная чарга такіх сцверджанняў, то ў плыні вельмі цяжка разабрацца, дзе сапраўдныя аргументы, а дзе маніпуляцыі», – рэзюмуе ён.

Гульня на сваім поле

Паўлюк Быкоўскі мяркуе, што назваць гэтае інтэрвю правальным было б усё ж перабольшваннем. Апазіцыйна настроеная аўдыторыя сапраўды звярнула ўвагу на тон і паводзіны Лукашэнкі, але наўрад ці ўлады збіраліся пераконваць у чымсьці менавіта гэтую частку грамадства. Для пралукашэнкаўскай аўдыторыі інтэрвю таксама нічога не зменіць.

«Калі чалавек знаходзіцца ў гэтай інфармацыйнай бурбалцы, ён лаяльны кіроўнаму рэжыму, то наўрад ці інтэрвʼю неяк паўплывае на яго перакананні», – канстатуе эксперт.

Больш складана ацаніць, як успрыме інтэрвю тая частка грамадства, якая вагаецца, і не мае выразнай пазіцыі адносна рэжыму. Але Быкоўскі сумняецца, што такіх людзей у прынцыпе магла моцна зацікавіць размова Лукашэнкі з журналістам «Бі-Бі-Сі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Што тычацца заходняй аўдыторыі, то ў часткі людзей, якія прытрымлівацца ўмоўна антыглабалісцкіх поглядаў, некаторыя тэзы Лукашэнкі могуць знайсці водгук. Аднак для большасці заходніх гледачоў імідж «апошняга дыктатара Еўропы» гэта інтэрвю ніяк не зменіць. «Але, хутчэй за ўсё, такой мэты і не ставілася», – дадае Быкоўскі.

Аляксандр Класкоўскі таксама сумняецца, што піяршчыкі Лукашэнкі спадзяваліся на нейкі іміджавы прарыў на Захадзе – разлік быў пераважна на ўнутраную аўдыторыю.

Hавiны
«Вырэжам усіх мярзотнікаў, якіх вы фінансавалі». Лукашэнка выказаўся пра ліквідацыю НДА
2021.11.21 12:23

«Я думаю, нейкія вяршкі беларуская прапаганда з гэтага інтэрвю зняла. Гэта дадатковая магчымасць прапіярыць правадыра і паказаць, што да яго ледзь не ў чарзе стаяць заходнія медыі, таму ніякай ізаляцыі нібыта няма.

На каго гэта ўсё разлічана? Думаю, што беларуская прапаганда сёння працуе толькі на цвёрдых прыхільнікаў Лукашэнкі, а ідэйныя праціўнікі не вядуцца на гэта. Наўрад ці і так званае электаральная балота надта верыць прапагандысцкім тэзам», – мяркуе ён.

РР, belsat.eu

Стужка навінаў