Спецпрадстаўнік Ціханоўскай не выключае, што ў свабодных выбарах паўдзельнічае і Лукашэнка


Спецпрадстаўнік Святланы Ціханоўскай у справе выбараў Аляксандр Шлык, падводзячы вынікі канферэнцыі ў Вене, заявіў у студыі «Белсат», што свабодныя і сумленныя выбары ў Беларусі будуць абвешчаныя, як толькі Лукашэнка складзе з сябе паўнамоцтвы. Але паўдзельнічаць у іх зможа і сам Лукашэнка, калі, вядома, набярэ 100 тысяч сапраўдных подпісаў, не выключае Аляксандр Шлык.

«Калі мы кажам пра выбары без Лукашэнкі, то, хутчэй за ўсё, маем на ўвазе выбары пасля Лукашэнкі. Натуральна, што датэрміновыя выбары маюць быць абвешчаныя ў той момант, калі Лукашэнка складзе з сябе гэтыя паўнамоцтвы. А што да таго, ці будзе мець права грамадзянін Лукашэнка ўдзельнічаць у гэтых выбарах, то, мяркую, гэта будзе залежаць ад таго, як наагул складзецца з ім сітуацыя. А на цяперашні момант – чаму не? Калі, вядома, яму ўдасца сабраць 100 тысяч сапраўдных подпісаў», – выказаў меркаванне Аляксандр Шлык.

Ён заявіў, што падчас канферэнцыі ў Вене ўсе высокія палітыкі згадзіліся з думкаю, што сумленныя і свабодныя выбары – адзіны на сёння спосаб выйсці з палітычнага крызісу ў Беларусі.

«Але патрабаванне сумленных выбараў – патрабаванне не Захаду, а патрабаванне саміх беларусаў. І ў гэтым памкненні беларускага народу да дэмакратыі шмат якія краіны нас падтрымліваюць», – сказаў спецпрадстаўнік Святланы Ціханоўскай.

Абноўлена
«Лукашэнка разумее толькі мову сілы». У Вене прайшла канферэнцыя аб Беларусі
2021.11.22 13:08

Ён таксама выказаў пэўнасць, што еўрапейскія краіны не здрадзяць Беларусі, і ў выпадку, калі крызіс зацягнецца, не вернуцца да Realpolitik у дачыненні Лукашэнкі.

«Мне здаецца, што еўрапейскія краіны вельмі добра разумеюць, што шлях ад фальсіфікацыі выбараў і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі да той сітуацыі, калі рэжым становіцца пагрозай для рэгіянальнай бяспекі, вельмі кароткі. І шмат якія ўдзельнікі канферэнцыі ў Вене казалі, што цяперашняя сітуацыя датычыць не толькі грамадзянаў Беларусі, але наагул бяспекі ў Еўропе. Таму адкат да так званай Realpolitik будзе не найлепшым спосабам развязання праблемы, якая выходзіць за ўсе межы», – сказаў Аляксандр Шлык.

Цалкам размову са спецпрадстаўніком Святланы Ціханоўскай можна паглядзець у праграме «Студыя «Белсат».

Інтэрв’ю
«Мусім пераконваць». Канцлер Аўстрыі аб тым, што адных санкцый супраць Лукашэнкі недастаткова
2021.11.23 20:59

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў