«Мусім пераконваць». Канцлер Аўстрыі аб тым, што адных санкцый супраць Лукашэнкі недастаткова


Для развязання беларускай праблемы нельга знайсці аднабаковых падыходаў. Калі Лукашэнка пераходзіць чырвоныя лініі, Еўразвяз мусіць уводзіць супраць яго санкцыі, і рыхтуецца ўжо пяты пакет. Але санкцыі не могуць быць адзіным інструментам. Пра гэта заявіў канцлер Аўстрыі Александэр Шаленберг у эксклюзіўным інтэрв’ю Аліне Коўшык.

«Аўстрыя з 2020-га году актыўна вядзе дыялог з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Мы павінны яе ўмацаваць. Мы ладзім круглыя сталы, трэнінгі разам з Венецыянскаю камісіяй Рады Еўропы. Мы падтрымліваем ідэю Еўрапейскай камісіі вылучыць сродкі на падтрыманне грамадзянскай супольнасці Беларусі. Нам таксама неабходна трымаць адкрытымі каналы для дыялогу. Урэшце, мы хочам змяніць паводзіны палітычнай наменклатуры ў Менску. Гэта немагчыма зрабіць толькі санкцыямі, мы мусім таксама пераконваць і тлумачыць», – сказаў Шаленберг.

Канцлер Аўстрыі Александэр Шаленберг і журналістка «Белсату» Аліна Коўшык.
Фота: Белсат

Канцлер Аўстрыі прызнаўся, што называе Лукашэнку на імя, бо ён страціў сваю легітымнасць, таму цяпер ягоны абавязак пачаць дыялог з народам.

«Ён не можа кіраваць, робячы выгляд, што вакол яго – пустэча. Яму неабходна звярнуцца да людзей і, магчыма, ён усведамляе нават лепей за іншых, што згубіў давер вялікай часткі, калі не большасці, людзей. Я сустрэў яго аднойчы, калі ён наведваў Вену ў 2019-м. Тады мы яшчэ спадзяваліся, што ён пойдзе слушным шляхам. Праз некалькі месяцаў прайшлі выбары, што былі праведзеныя абсалютна няслушным чынам. З таго часу сітуацыя ўсё пагаршалася і пагаршалася. Цяпер мы ў дыпламатычным і палітычным тупіку. Адзіны шлях выйсця – гэта дыялог», – упэўнены Александэр Шаленберг.

Hавiны
«Танальнасць была нязвыкла жорсткая». Эксперты прааналізавалі інтэрв’ю Лукашэнкі «Бі-Бі-Сі»
2021.11.23 18:09

Напрыканцы размовы аўстрыйскі лідар заклікаў беларусаў не здавацца і запэўніў, што Еўропа іх падтрымлівае.

«Вы ведзяце барацьбу, за якой назірае мноства людзей ва ўсім свеце, і многія людзі ў свеце вядуць такую ж барацьбу. Гэтая барацьба за тое, каб самім вызначаць свой лёс і будучыню. Вы маеце права змагацца за гэта! За вамі – нашыя каштоўнасці, еўрапейскія каштоўнасці», – сцвердзіў Александэр Шаленберг.

Цалкам інтэрвʼю з канцлерам Аўстрыі можна паглядзець у праграме «Студыя «Белсат».

Абноўлена
«Лукашэнка разумее толькі мову сілы». У Вене прайшла канферэнцыя аб Беларусі
2021.11.22 13:08

Аліна Коўшык belsat.eu

Стужка навінаў